Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летась Беларусь была сярод краін з найбольш актыўным перасьледам журналістаў, — Камітэт абароны журналістаў


У офісе Камітэту абароны журналістаў у Нью-Ёрку, архіўнае фота
У офісе Камітэту абароны журналістаў у Нью-Ёрку, архіўнае фота

На 1 сьнежня 2024 году Беларусь займала чацьвёрты радок у рэйтынгу краін, дзе найбольш перасьледуюць журналістаў, вынікае з гадавога агляду Камітэту абароны журналістаў (CPJ), абнародаванага 16 студзеня.

Згодна з дакумэнтам, другі год запар Беларусь у гэтым рэйтынгу ўзначальвае групу дзяржаў у рэгіёне Эўропы і Цэнтральнай Азіі.

Па дадзеных CPJ, на ўказаную дату ў месцах пазбаўленьня волі ў Беларусі знаходзіўся 31 журналіст. Горш ідуць справы толькі ў Кітаі (50), Ізраілі і на акупаваных палестынскіх тэрыторыях (43, усе — палестынскія) і М’янме (35). Пасьля Беларусі ў рэйтынгу ідуць Расея (30), Эгіпет (17), Віетнам, Іран і Эрытрэя (па 16), Азэрбайджан (13).

Агульная колькасьць журналістаў у няволі па ўсім сьвеце, зазначае CPJ, на 1 сьнежня 2024 году — 361. Такім чынам, на згаданыя краіны прыпадала 78,4% усіх журналістаў у няволі (283).
Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 17 студзеня 2025 году ў месцах пазбаўленьня волі ў Беларусі знаходзяцца 42 супрацоўнікі мэдыя.

Нягледзячы на некалькі хваляў памілаваньняў, якія закранулі ў тым ліку трох прадстаўнікоў прэсы, адзначаецца ў дакладзе CPJ, «беларускіх журналістаў увесь час перасьледуюць, затрымліваюць і прысуджаюць гады зьняволеньня, часьцей за ўсё за іхную працу ў СМІ, якія ўлады залічваюць да «экстрэмісцкіх».

Канстатуецца, што «беларускі ўрад працягвае помсьціць журналістам, якія асьвятлялі пратэсты з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі пасьля яго спрэчных выбараў 2020 году».

«Пяць журналістаў, затрыманых у сувязі з гэтымі дэманстрацыямі, адбываюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 10 гадоў і больш, — гаворыцца ў дакумэнце. — Сярод тых, хто быў затрыманы ў 2024 годзе, былы відэарэпартэр Яўген Нікалаевіч, які пакінуў Беларусь і спыніў займацца журналістыкай у 2020 годзе».

Адзначаецца, што «Нікалаевіч быў арыштаваны пасьля вяртаньня ў краіну ў 2024 годзе і адбывае 18-месячны тэрмін за «арганізацыю або ўдзел у грубых парушэньнях грамадзкага парадку».

«Беларусь таксама працягвае перасьледаваць журналістаў за межамі краіны, заводзячы крымінальныя справы супраць журналістаў, якія знаходзяцца ў выгнаньні, і праводзячы ператрусы ў беларускіх дамах тых зь іх, хто пакінуў краіну», — заяўляе CPJ.

Паведамляецца таксама, што «беларускі рэжысэр і журналіст Андрэй Гнёт правёў год у зьняволеньні ў Сэрбіі, пакуль беларускія ўлады спрабавалі экстрадаваць яго ў падатковай справе».

Зь Беларусі і Расеі «ўцяклі сотні журналістаў», зазначаецца ў дакумэнце, таму ўлады гэтых краін «значна павялічылі колькасьць абвінавачаньняў, ордэраў на арышт і завочных прысудаў журналістам, што робіць іх уразьлівымі для затрыманьня па фіктыўных або сфабрыкаваных абвінавачаньнях нават у выгнаньні».

У сувязі з гэтым аўтары дакладу лічаць, што «краіны, якія далі бясьпечны прытулак беларускім і расейскім журналістам, такія як Нямеччына, Швэцыя, ЗША і Вялікая Брытанія, павінны абараніць іх ад перасьледу, сачэньня і іншай шкоды, якая можа ўзнікнуць у выніку адвольных прававых дзеяньняў» Беларусі і РФ.

Сярод іншага ў дакумэнце акцэнтуецца ўвага на перасьлед адвакатаў, якія займаюцца абаронай журналістаў у такіх краінах, як Іран, Кітай, Беларусь, Турэччына і Эгіпет.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG