У Міністэрстве замежных спраў Беларусі паведамілі, што за выбарамі 26 студзеня будуць назіраць 456 іншаземных прадстаўнікоў з 49 краін.
Як адзначаецца на старонцы МЗС Беларусі ў Facebook, гэтыя назіральнікі атрымалі акрэдытацыю Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі.
«Запрашэньне было таксама накіравана Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ», — адзначаецца ў паведамленьні.
Сярод іншых замежных арганізацый для назіраньня за выбарамі запрасілі Выканкам і Міжпарлямэнцкую Асамблею СНД, АДКБ, парлямэнцкі сход саюзнай дзяржавы, Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, Сакратарыят Рады ўзаемадзеяньня і мераў даверу ў Азіі, моладзевую арганізацыю Руху недалучэньня.
Як вынікае зь інфармацыі ЦВК Беларусі, найбольш міжнародных назіральнікаў (240) акрэдытавалі ад краін і органаў СНД.
У офісе Сьвятланы Ціханоўскай заклікалі БДІПЧ АБСЭ не прымаць запрашэньня
«Мы заклікаем БДІПЧ АБСЭ не прымаць гэтага запозьненага і абмежаванага запрашэньня назіраць за галасаваньнем на так званых прэзыдэнцкіх выбарах 26 студзеня. У 1994 годзе ўсе дзяржавы – удзельніцы АБСЭ далі БДІПЧ мандат на правядзеньне доўгатэрміновага назіраньня за выбарамі ў знак прызнаньня таго, што выбары — гэта падзея не аднаго дня.
Як БДІПЧ заявіла раней, тое, што Беларуь не накіравала своечасовае і неабмежаванае запрашэньне для назіраньня на так званыя выбары 26 студзеня, зьяўляецца парушэньнем яе абавязаньняў перад АБСЭ. Прыняцьце гэтага запозьненага, абмежаванага і несапраўднага запрашэньня назіраць за галасаваньнем створыць небясьпечны прэцэдэнт для ўсяго рэгіёну АБСЭ».
У БДІПЧ патлумачылі, чаму гэта позна
У БДІПЧ АБСЭ адрэагавалі на заяву МЗС Беларусі аб запрашэньні на выбары
У Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ заявілі, што ўлады Беларусі з спазьненьнем накіравалі запрашэньне з прапановай назіраць за выбарамі 26 студзеня.
«Беларусь абвясьціла дату прэзыдэнцкіх выбараў некалькі месяцаў таму, і ўлады добра разумеюць, што БДІПЧ мае патрэбу ў своечасовым запрашэньні для назіраньня за ўсімі ключавымі аспэктамі выбараў, уключаючы падрыхтоўку да дня выбараў», — паведаміла Свабодзе Каця Андруш, прэсавая сакратарка Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека.
Такім чынам, паводле яе, сытуацыя застаецца такой, як была вызначана ў супольнай заяве Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) і Парлямэнцкай асамблеі (ПА) АБСЭ ад 9 студзеня. У ёй арганізацыі выказалі «глыбокае шкадаваньне» праз рашэньне ўладаў Беларусі не запрашаць дзяржавы – удзельніцы АБСЭ назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў краіне 26 студзеня. Гэта, як адзначалася ў заяве, «перашкаджае бесстароньняй і незалежнай ацэнцы выбарчага працэсу».
«Нягледзячы на тое, што БДІПЧ ня можа назіраць за гэтымі выбарамі праз адсутнасьць своечасовага запрашэньня, мы працягваем уважліва сачыць за падзеямі ў Беларусі з усіх пунктаў гледжаньня, ахопленых нашым мандатам», — падкрэсьліла Каця Андруш.
З 2001 году вынікі выбараў у Беларусі не прызнае міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі.
У 2020 годзе ўлады Беларусі накіравалі запрашэньне для назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ на прэзыдэнцкія выбары са спазьненьнем. Арганізацыя адмовілася накіроўваць сваіх прадстаўнікоў. Тая кампанія скончылася масавымі затрыманьнямі, а супраць удзельнікаў пратэстаў ужылі зброю. Дзясяткі тысяч людзей трапілі за краты, сотні тысяч вымушаныя былі эміграваць.
У 2022 годзе ўлады ўвогуле не запрасілі місію БДІПЧ АБСЭ для назіраньня на так званым канстытуцыйным рэфэрэндуме 27 лютага.
Беларусь як дзяржава АБСЭ з уласнай волі ўзяла на сябе абавязаньне ладзіць свабодныя і справядлівыя выбары.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум