А 16.37 Міністэрства па надзвычайных справах Беларусі паведаміла, што ратавальнікі выехалі па паведамленьні аб задымленьні ў ГЦ «Сылюэт» па вуліцы Веры Харужай, 1А ў Менску. У сацсетках зьявіліся відэа зь месца здарэньня.
Ратавальнікі ліквідавалі ўзгараньне. Паводле папярэдняй інфармацыі, гарэла маёмасьць і абсталяваньне на плошчы 20 кв.м у памяшканьні вэнтыляцыйнай камэры паркінгу.
З гандлёвага цэнтру эвакуавалі больш за 600 чалавек. Пацярпелых няма. Прычына здарэньня высьвятляецца.
Сьледчы камітэт праводзіць праверку па факце пажару ў менскім гандлёвым цэнтры «Сылюэт», на месцы здарэньня працуе сьледча-апэратыўная група, паведаміла прэс-служба СК.
У 17.28 МНС Беларусі паведаміла пра пажар на прадпрыемстве «Белмэдпрэпараты» на вуліцы Фабрыцыюса ў Менску.
Работнікі МНС апэратыўна ліквідавалі ўзгараньне. Паводле ўдакладненых зьвестак, загарэлася абсталяваньне, драўляная тара і часовае перакрыцьце паміж першым і другім паверхамі на агульнай плошчы 50 кв. м будынка паветрана-кампрэсарнай.
Пацярпелых пры пажары няма.
На месцы працавалі 17 адзінак тэхнікі і 68 чалавек асабовага складу МНС. Прычына інцыдэнту высьвятляецца, удакладнілі ў ведамстве.
13 сьнежня 2024 году ў Віцебску здарыўся буйны пажар у гандлёвым цэнтры «Беларусь». Ён ахапіў 2 тысячы квадратных мэтраў, на тушэньні працавалі 90 працаўнікоў МНС і 21 адзінка спэцтэхнікі. З будынку эвакуавалі 215 чалавек. Каб патушыць пажар, ратавальнікам спатрэбілася каля 5 з паловай гадзін. Падчас пажару пацярпелі 16 чалавек, яшчэ чацьвёра пазьней зьвярнуліся па псыхалягічную дапамогу.
У адміністрацыі Лукашэнкі паведамілі, што гандлёвы цэнтар пасьля пажару сур’ёзна пацярпеў і яго плянуюць зьнесьці. Гэта быў адзін з найбуйнейшых пажараў у Віцебскай вобласьці за апошні час.
Форум