Адметнасьцю справы Аляксандра Дарагакупца стаў велізарны штраф, які палітвязьню прысудзіў Берасьцейскі абласны суд — 50 тысяч базавых велічыняў, што пры цяперашняй базавай у 42 рублі азначае 2 мільёны 100 тысяч рублёў.
Пры гэтым, паводле зьвестак «Вясны», падчас расьсьледаваньня справы Дарагакупец нібыта «добраахвотна» пералічыў дзіцячым дамам 600 тысяч даляраў.
Аляксандру Дарагакупцу 40 гадоў, ён паходзіць зь Янава і да арышту жыў там зь сям’ёй. Паводле зьвестак BelPol, на якія спаслалася выданьне «Наша ніва», з 2002-га па 2008 год Дарагакупец працаваў інжынэрам-сыстэматэхнікам у фірме «Канфі», якая оптам прадавала мяса і мясныя вырабы. Потым, з 2008-га па 2010 год, працаваў у Менску ва ўнівэрсытэце «МІПСА» («Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін»), а па стане на 2013 год быў зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік. Але далейшы працоўны лёс Аляксандра Дарагакупца высьветліць не ўдалося.
Праваабаронца зь «Вясны» Ўладзімер Вялічкін паведаміў Свабодзе пра Дарагакупца:
«Суседзі адзываюцца пра яго добра, кажуць, малады, добры сем’янін. У яго сястра і маці ў Амэрыцы. Ён займаўся бізнэсам, у тым ліку і ў Польшчы».
Вялічкіну вядома, што падчас ператрусу з дома Аляксандра Дарагакупца забралі 150 тысяч даляраў.
Вядома, што Аляксандар Дарагакупец пералічваў грошы беларускім ініцыятывам, у тым ліку пералічыў ня менш за 11 тысяч рублёў палку імя Кастуся Каліноўскага.
Абвінавачвалі Аляксандра Дарагакупца паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»),
- 361-2 («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»),
- 361-3 («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу»),
- 130 («Распальваньне сацыяльнай варожасьці»),
- 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»).
За гэта яму пагражала да 12 гадоў зьняволеньня.
Прысуд Аляксандру Дарагакупцу выносіў судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Андрэй Сіз.
Беларускія праваабаронцы прызналі Аляксандра Дарагакупца палітычным вязьнем.
Форум