Сярод выратаваных з мазуту, які выліваецца ў мора з пацярпелых крушэньне ў Чорным моры расейскіх танкераў «Волганафта», птушак выжылі менш за 17%, паведаміў стаўрапольскі цэнтар рэабілітацыі птушак «Пелікан».
З моманту разьліву цэнтар прыняў 1051 птушку. Выжылі толькі 175 асобінаў: 160 знаходзяцца ў вальерах у стабільным стане, яшчэ 15 — у стацыянары пад пільным наглядам. У асноўным гэта птушкі зь першых партыяў.
У апошняй партыі са 188 птушак, якіх прывезьлі ў цэнтар 8 студзеня, выжылі ўжо толькі 5%. У жывёлаў назіраліся паражэньне цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, парушэньне каардынацыі, курчы і дыярэя з крывёй.
«Наш вэтурач-арнітоляг правёў ускрыцьцё некалькіх асобінаў. Вынікі чаканыя: нэкроз страваводу з рэшткамі нафтапрадуктаў, вельмі сумны стан печані і нырак», — паведамілі ў «Пелікане». Супрацоўнікі цэнтру мяркуюць, што птушкі больш за два тыдні ўжывалі атручаную ваду і ежу.
Мазут выліваецца ў мора з прычыны крушэньня двух расейскіх танкераў «Валганафта» ў Керчанскім праліве 15 сьнежня — паводле асноўнай вэрсіі, з прычыны шторму. Па факце аварыяў завялі крымінальныя справы, уведзены рэжым надзвычайнй сытуацыі фэдэральнага ўзроўню.
Паводле зьвестак МНС Расеі на 14 студзеня, ратавальнікі і валянтэры сабралі больш за 162 тысячы тон і вывезьлі амаль 39 тысяч тон забруджанага пяску з пляжаў Краснадарскага краю, анэксаваных Расеяй Крыму і Севастопаля. Нафтапрадукты прыбіраюць амаль на 800 кілямэтрах берагавой лініі. У акваторыі Керчанскага праліва сабралі 25 тон нафтазмяшчальнай вадкасьці. Стан мора і ўзьбярэжжы працягваюць маніторыць на прадмет новых забруджваньняў.
- Паводле розных зьвестак, з патанулых танкераў вылілася да чатырох тысяч тон мазуту — частка асела на дно. Фактычны аб’ём уцечкі можа быць большы, пісала Руская служба ВВС са спасылкай на Greenpeace. Агулам танкеры перавозілі больш за 9 тысяч тон нафтапрадуктаў.
- Паводле эколягаў, на пераадоленьне наступстваў разьліву спатрэбіцца каля дзесяці гадоў. Менш чым за месяц ад мазуту загінулі каля 60 дэльфінаў і сотні птушак (паводле некаторых ацэнак, лік ідзе ўжо на дзясяткі тысяч ахвяраў).
Форум