За два тыдні студзеня 2025 году ад зьнешніх прычын у Беларусі загінулі 10 дзяцей, паведаміла 14 студзеня начальніца ўпраўленьня па наглядзе за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генпракуратуры Вікторыя Фіневіч.
Паводле яе, трое дзяцей загінулі ў выніку дарожна-транспартных здарэньняў — два непаўналетнія пешаходы і адзін пасажыр.
«Гібелі дзяцей у такіх сытуацыях часта спрыяе парушэньне кіроўцамі правілаў дарожнага руху. Напрыклад, у Віцебску і Менску ўчыненыя наезды на хлопчыкаў 9 і 8 гадоў, якія перасякалі праезную частку празь пешаходны пераход. Яны памерлі ад атрыманых цялесных пашкоджаньняў», — сказала Фіневіч.
Паводле прадстаўніцы Генпракуратуры, «бестурботнасьць і неабачлівасьць дарослых, невыкананьне імі элемэнтарных правілаў бясьпекі, адсутнасьць належнага бацькоўскага кантролю» сталі прычынай іншых трагічных выпадкаў зь дзецьмі. Чыноўніца пералічыла некаторыя зь іх.
Так, у Лідзкім раёне пры неасьцярожным абыходжаньні з паляўнічай зброяй дзядуля стрэліў у малалетняга ўнука. Дзіця памерла ў выніку раненьня, паведаміла Вікторыя Фіневіч.
У Магілёве дзіця 2023 году нараджэньня, якое засталося ў пакоі без нагляду дарослых, выпала з вакна пятага паверху і загінула.
У Менску 16-гадовы падлетак на тэрыторыі закінутага будынку заводу «ў выніку маніпуляцыяў з праводкай у трансфарматарнай скрыні» атрымаў сьмяротны ўдар токам, расказала Фіневіч і нагадала бацькам і іншым дарослым пра іх адказнасьць за жыцьцё і здароўе непаўналетніх.
Форум