Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня толькі жанчыны». Прэзыдэнтка, паўстанка, доктарка. Чаму беларусам ня трэба баяцца фэмінітываў


Аліна Коўшык, Ганна Соўсь і Сьвятлана Ціханоўская. Ілюстрацыйны каляж
Аліна Коўшык, Ганна Соўсь і Сьвятлана Ціханоўская. Ілюстрацыйны каляж

У першым выпуску новага праекту Свабоды «Ня толькі жанчыны» пагаворым пра фэмінітывы, якія ў расейскай мове вельмі многіх раздражняюць і зь якімі значна прасьцей і камфортней у беларускай і ўкраінскай мовах.

Патлумачым, чаму гэта ня толькі лінгвістычнае пытаньне.

Вінцук Вячорка, мовазнаўца:

«У савецкі час фэмінітывы зь беларускай мовы выціскалі пад уплывам расейскай мовы і савецкіх уніфікатарскіх стандартаў. Цяпер беларускія фэмінітывы вяртаюцца: аўтарка, дырэктарка, аптэкарка, паўстанка. Важна, што ніякага прыніжальнага ці паблажлівага адценьня ў беларускіх найменьнях на -ка няма. І ў беларускіх пісьменьнікаў, якія тварылі да пачатку гвалтоўнай моўнай русыфікацыі ў савецкай Беларусі, такія словы — норма. Гэта істотнае адрозьненьне ад расейскай мовы».

Аліна Коўшык, дырэктарка «Белсату»:

«Фэмінітывы ў палітычнай лексыцы — гэта ня проста моўная зьява, а важны інструмэнт, які паказвае, наколькі жанчыны ўключаныя ў грамадзкае і палітычнае жыцьцё. Калі мы выкарыстоўваем фэмінітывы, як „канцлерка“, „прэзыдэнтка“, „дэпутатка“, „міністарка“, мы робім жанчын бачным удзельніцамі палітыкі і паказваем, што іх роля ня менш важная, чым у мужчын. Так што беларуская мова — наш актыў».

Уладзь Гарбацкі, сацыялінгвіст, аўтар двух выданьняў «Гіда па фэмінізацыі беларускай мовы»:

«Я заўсёды рэкамэндую без усякага радыкалізму, утапізму ставіць побач фэмінітывы і мускулінітывы, калі мы зьвяртаемся да кагосьці. „Дарагія, шаноўныя беларусы і беларускі, грамадзяне і грамадзянкі“. Таксама парада: фэмінізуйце спачатку хаця б мінімальна, калі вы баіцеся фэмінізаваць максымальна. Мінімальна — гэта выкарыстоўваць суфікс — ка... Нардэпка, камісарка, прэзыдэнтка, лідэрка, сэнатарка, дэпутатка, студэнтка...».

«Ня толькі жанчыны», новы відэапраект Свабоды

«Ня толькі жанчыны» — новы відэапраект Радыё Свабода, у якім мы расказваем аб правах людзей рознага полу і гендэрных стэрэатыпах у грамадзтве. Мы абмяркоўваем тэмы, якія мяняюць уяўленьне пра ролі і правы людзей у сучасным сьвеце і ў Беларусі.

Аўтарка праекту Ганна Соўсь шмат гадоў вяла штотыднёвую праграму «Толькі жанчыны». Цяпер мы ня толькі пашыраем гендэрны склад удзельнікаў, але і мяняем фармат — відэа будуць зьяўляцца на нашых каналах у YouTube, Instagram і TikTok.

Вы можаце прапанаваць сваю тэму для праекту «Ня толькі жанчыны», зьвярнуўшыся да Ганны Соўсь праз Facebook і Instagram.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG