Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўвялі некалькі новых прышчэпак, у тым ліку для прафіляктыкі раку


Ілюстрацыйнае фота. Вакцына супраць вірусу папілёмы чалавека
Ілюстрацыйнае фота. Вакцына супраць вірусу папілёмы чалавека

Вакцынацыю ад пнэўмакокавай інфэкцыі для дзяцей ва ўзросьце 2, 4 і 12 месяцаў, дадатковую вакцынацыю ад коклюшу ва ўзросьце 6 гадоў і вакцынацыю ад вірусу папілёмы чалавека (ВПЧ) для дзяўчатак 11 гадоў увялі ў нацыянальны каляндар прышчэпак.

Пра гэта 9 студзеня паведаміла намесьніца міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Сьвятлана Нячай, яе цытуе тэлеграм-канал Мінздароўя Беларусі.

Цяпер ва ўстановах аховы здароўя пачаўся запіс на «лісты чаканьня» для тых, хто хоча прышчапіць сваіх дзяцей ад пнэўмакокавай інфэкцыі, ВПЧ-інфэкцыі і коклюшу, паведаміла чыноўніца. Цяпер, паводле яе, праводзяць закупку вакцынаў.

Арганізаваную вакцынацыю дзяўчатак 2014 году нараджэньня супраць ВПЧ-інфэкцыі пачнуць у красавіку — траўні (першая доза вакцыны) і ў кастрычніку — лістападзе (другая доза).

Вакцынацыя супраць ВПЧ-інфэкцыі — прафіляктыка раку шыйкі маткі, які ў 80% выпадкаў выкліканы ВПЧ. Паводле зьвестак РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі, інфікаваньне ВПЧ павялічвае рызыку разьвіцьця раку шыйкі маткі больш як у сто разоў.

На 2020 год захворвальнасьць на рак шыйкі маткі ў Беларусі сустракалася ў 16,5 выпадка на 100 тысяч жанчын. Сярэдні паказчык у Эўропе — 8,67 выпадка, праааналізаваў «Позірк».

У ліпені 2024 году загадчыца лябараторыі анкагінэкалёгіі РНПЦ анкалёгіі і мэдрадыялёгіі Вольга Матылевіч паведаміла, што мэдыкі чакаюць зьніжэньня выпадкаў раку шыйкі маткі пасьля пачатку масавай вакцынацыі ад ВПЧ. Паводле яе, вакцынацыя ад ВПЧ «мае глябальнае значэньне».

У Глябальнай стратэгіі Сусьветнай арганізацыі здароўя прапісаная мэта ліквідаваць рак шыйкі маткі як праблему грамадзкай аховы здароўя, што вызначаецца як зьніжэньне паказчыка штогадовай захворвальнасьці да ўзроўню 4 або менш выпадкаў на 100 тысяч жанчын. Для гэтага неабходна вакцынаваць супраць ВПЧ 90% дзяўчатак да 15 гадоў. На канец 2021 году вакцынацыю супраць ВПЧ увялі 38 з 53 краін у эўрапейскім рэгіёне.

У Беларусі ў рамках нацыянальнага календара прафіляктычных прышчэпак, апроч ВПЧ, праводзіцца імунізацыя супраць 12 інфэкцыйных захворваньняў. Гэта вірусны гепатыт В, сухоты, коклюш, дыфтэрыя, слупняк, поліяміеліт, гемафільная інфэкцыя тыпу b (ХІБ-інфэкцыя), адзёр, эпідэмічны паратыт, краснуха, пнэўмакокавая інфэкцыя (для асобных груп насельніцтва), грып.

Што да вакцынацыі ад каранавірусу, у 2025 годзе вакцынаваць ад COVID-19 у Беларусі будуць новай расейскай вакцынай «Канвасэл». Паводле Сьвятланы Нячай, вакцына «створаная на аснове рэкамбінантнага бялку, які не мяняе сваю структуру, не зазнае мутацыі і таму не патрабуе актуалізацыі дадзенага складу» і будзе актыўнай у дачыненьні да большасьці каранавірусаў, якія цыркулююць у Беларусі. У мінулыя гады вакцынацыю праводзілі ў асноўным расейскім «Спутником V», які з прычыны неэфэктыўнасьці ў дачыненьні да вірусу, які мутаваў, не выпускаецца з 2022 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG