Міністар абароны ЗША Лойд Остын абвясьціў пра новы пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне на 500 мільёнаў даляраў.
Гэта адбылося на пасяджэньні групы «Рамштайн», якую стварылі 50 краін для каардынацыі вайсковай дапамогі Ўкраіне пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе.
Пакет уключае «дадатковыя ракеты для ўкраінскай супрацьпаветранай абароны, больш боепрыпасаў, больш ракет «паветра-зямля» і іншыя сродкі для падтрымкі ўкраінскіх F-16», — сказаў Лойд Остын.
Перад гэтым прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім выступе на сустрэчы заклікаў краіны-партнэры яшчэ больш узмацніць санкцыі супраць Расеі, каб цалкам перакрыць фінансавыя патокі.
«Санкцыі патрэбныя супраць кожнага элемэнту расейскай энэргетыкі, расейскі танкерны флёт павінен быць спынены. Расейскі бюджэт на 2025 год на 25% большы, чым летась. Калі мы хочам спыніць забойствы, нам трэба перакрыць грашовыя патокі Пуціна. Пуцін пачне думаць пра мір толькі тады, калі ягонае ўнутранае кола скажа яму, што грошы ў яго закончыліся», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго, Расея ня толькі ўтрымлівае свае інвэстыцыі ў вайну, але і павялічвае іх.
Уладзімір Зяленскі таксама ня выключыў, што Расея плянуе «рээкспартаваць» вайну ў Інда-Ціхаакіянскі рэгіён. Пра гэта, паводле яго, можа сьведчыць уцягваньне Паўночнай Карэі ў вайну з Украінай. Паводле яго, Паўночная Карэя ўжо страціла на вайне на баку Расеі 4 тысячы вайскоўцаў, але краіна атрымлівае пэўны ваенны досьвед, які можна будзе выкарыстаць у іншым рэгіёне.
«Ніводны правіцель Масквы ніколі б не прынізіўся да таго, каб прасіць Пхэньян. Гэта магчыма толькі перад абліччам крытычных праблем. Таму нам трэба падтрымліваць ціск на Расею. Гэта забясьпечвае тое, каб нашы жаўнеры атрымлівалі патрэбную зброю. Вось для чаго санкцыі», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Пазьней у Міністэрстве абароны ЗША ўдакладнілі, што гэта апошні пакет дапамогі ў часе прэзыдэнцтва Джо Байдэна. Ён уключае ракеты супрацьпаветранай абароны AIM-7, RIM-7, AIM-9M, ракеты «паветра-зямля», дапаможнае абсталяваньне для F-16, абсталяваньне для бясьпечнай сувязі, стралковую зброю і боепрыпасы, запчасткі, дапаможнае абсталяваньне і навучаньне.
З жніўня 2021 году гэта 74-ы транш дапамогі адміністрацыі Байдэна, які будзе прадастаўлены Ўкраіне з запасаў Міністэрства абароны ЗША.
Сустрэча ў фармаце «Рамштайн» павінна была прайсьці летась 10–13 кастрычніка, але яе адклалі, калі прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн скасаваў сваю паездку ў Нямеччыну. Пляны тады зьмяніліся праз ураганы «Мілтан» і «Гэлен» на ўзьбярэжжы ЗША.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум