Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы зафіксавалі ў сьнежні значны рост палітычна матываванага крымінальнага перасьледу


На адным з палітычных працэсаў у Менску, архіўнае фота
На адным з палітычных працэсаў у Менску, архіўнае фота

У сьнежні 2024 году працягваў інтэнсіўна працаваць судовы канвэер у вынясеньні прысудаў грамадзянам Беларусі, якія ў 2020 годзе выявілі сваю палітычную актыўнасьць.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», за мінулы месяц было рэпрэсавана ня менш за 188 чалавек, зь якіх 141 мужчына і 47 жанчын. Сямёра былі асуджаныя завочна праз працэдуру спэцыяльнага вядзеньня.

У лістападзе 2024 году было вядома пра 144 палітычна матываваныя крымінальныя выракі.

У лідэрах у сьнежні ў колькасьці вынесеных палітычна матываваных прысудаў былі Менск і Берасьцейская вобласьць: у сталіцы ў сьнежні быў рэпрэсаваны 101 чалавек, у Берасьцейскай вобласьці — 41 чалавек. Дадзеныя аб рэпрэсаваных па іншых абласьцях, паводле «Вясны», наступныя:

  • Гомельская вобласьць — 12 чалавек;
  • Горадзенская вобласьць — 5;
  • Менская вобласьць — 13;
  • Магілёўская вобласьць — 8;
  • Віцебская вобласьць — 8 чалавек.

Сярод артыкулаў, паводле якіх судзілі ў сьнежні палітычна актыўных беларусаў, праваабаронцы вылучаюць «народны» 342 артыкул КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Паводле гэтага артыкулу пад палітычна матываваны перасьлед часта траплялі цэлыя сем’і ці групы сваякоў, адзначае «Вясна» і нагадвае, што ў судзе Савецкага раёна Менску разглядалася справа ў дачыненьні да Сьцяпана і Аліны Манкевічаў, у судзе Заводзкага раёну Менску судзілі Андрэя і Вольгу Пецюкевічаў, а ў судзе Першамайскага раёну слухалася справа Сяргея і Алены Секрыяравых. Вынікі судоў над гэтымі людзьмі праваабаронцам пакуль не вядомыя.

Падобныя зьявы назіраліся і ў судах Берасьцескай вобласьці, адзначаюць праваабаронцы і згадваюць справы Вадзіма і Алега Хільчукоў у судзе Баранавіцкага раёну, справы Якава і Паўла Дзянейкаў у судзе Ленінскага раёну Берасьця.

Таксама праваабаронцы зьвярнулі ўвагу на працяг практыкі паўторнага і наступнага асуджэньня. Праваабаронцамі адзначаныя выпадкі, калі асуджаныя паводле 342-га артыкулу зноў працягваліся да крымінальнай адказнасьці па «народным» артыкуле. Гэтак адбылося зь Дзьмітрыем Андрасюком ў Берасьці і Дзьмітрыем Князевым ў Менску. А вось менчука Юрыя Бялькевіча, які ўжо быў асуджаны паводле 342-га артыкулу, другі раз судзілі нібыта абразу Лукашэнкі.

Улады працягваюць выкарыстоўваць у якасьці інструмэнту рэпрэсій артыкул 411 Крымінальнага кодэксу, у якім вядзецца пра «невыкананьне патрабаваньняў адміністрацыі папраўчай установы». Праваабаронцы згадалі, што ў сьнежні паводле гэтага артыкулу суд Шклоўскага раёну дадаў журналісту Ігару Карнею да тэрміну зьняволеньня ў 3 гады яшчэ 8 месяцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG