Міністар замежных спраў Армэніі Арарат Мірзаян заявіў, што ўрад падтрымаў ініцыяваны грамадзкасьцю і ўнесены на абмеркаваньне ў парлямэнт праект закону аб пачатку працэсу далучэньня Армэніі да Эўразьвязу.
«ЭЗ выказваў моцную палітычную падтрымку дэмакратыі ў Армэніі ў розных сытуацыях, выказваў сваю гатоўнасьць і актыўна ўдзельнічаў у стварэньні асяродзьдзя бясьпекі вакол Армэніі. ЭЗ таксама выказаў гатоўнасьць падтрымліваць умацаваньне эканамічнай устойлівасьці Армэніі, і вы (прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян. — РС) таксама заявілі, што Армэнія гатовая быць настолькі блізкай да Эўразьвязу, наколькі ён палічыць гэта магчымым. Мы ўбачылі прыкметы таго, што гэта магчыма, і, зыходзячы з гэтых абставінаў, прапануем выказаць пазытыўную пазыцыю», — працытавала Армянская служба Радыё Свабода міністра замежных спраў Арарата Мірзаяна з пасяджэньня ўраду.
У кастрычніку 2023 году прэм’ер-міністар Нікол Пашынян заявіў у Эўрапарлямэнце, што Армэнія гатовая быць настолькі блізкай да Эўразьвязу, наколькі ЭЗ палічыць гэта магчымым. Празь некалькі месяцаў пасьля гэтай заявы Пашыньян заявіў у Ерэване, што ня ведае, ці гатовы ЭЗ прыняць Армэнію ў якасьці паўнапраўнага сябра арганізацыі.
Сам Пашыньян на пасяджэньні ўраду 9 студзеня падкрэсьліў, што ўхваленьне законапраекту не азначае сяброўства ў Эўразьвязе.
«Паводле нашай Канстытуцыі, рашэньне аб далучэньні да Эўразьвязу ці ўвогуле да наднацыянальнай арганізацыі можа быць ухваленае толькі праз рэфэрэндум. Інакш кажучы, пры любым з сцэнароў Рэспубліка Армэнія можа стаць сябрам Эўразьвязу толькі ў тым выпадку, калі [...] будзе праведзены рэфэрэндум, на якім зьбярэцца неабходная колькасьць галасоў „за“, паводле парадку, прадугледжанага нашай Канстытуцыяй», — заявіў Нікол Пашыньян.
Паводле яго, перад правядзеньнем рэфэрэндуму Армэнія павінна абмеркаваць пытаньне сяброўства з Эўразьвязам.
«Пасьля ўхваленьня гэтага закону мы павінны абмеркаваць з ЭЗ дарожную мапу, якую яны ўяўляюць і якую мы ўяўляем, і мы павінны супольна яе падрыхтаваць. Я так кажу таму, што, на мой погляд, у Рэспубліцы Армэнія, прынамсі на гэты момант, няма іншых дзеяньняў, пакуль не пачнуцца перамовы аб дарожнай мапе. Навошта я гэта кажу? Каб правільна сфармуляваць чаканьні грамадзтва», — патлумачыў прэмʼер.
Законапраект ініцыявала празаходняя ініцыятыва «Эўрагаласаваньне». Для ўнясеньня дакумэнту ў парлямэнт яны сабралі ўжо 60 тысяч подпісаў замест неабходных 50 тысяч.
Форум