Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды»: «Хачу выдаць Вольскага, Naka, «Петлю пристрастия». Троіцкі — пра перамены ў Беларусі і запуск лэйбла ТМТ Music


Музычны крытык Арцемій Троіцкі, лэйбл TMT Music. Ілюстрацыйны каляж
Музычны крытык Арцемій Троіцкі, лэйбл TMT Music. Ілюстрацыйны каляж

Музычны крытык Арцемій Троіцкі і заснавальнік The Moscow Times Дэрк Саўэр запусьцілі музычны лэйбл ТМТ Music. Ён будзе выдаваць музыку артыстаў, якія пакінулі Беларусь і Расею з прычыны цэнзуры і палітычнага ціску.

Якія гэта дае магчымасьці беларускім музыкам у выгнаньні? Якія беларускія выканаўцы будуць у гэтым праекце? Пра гэта ды іншае Арцемій Троіцкі ў відэаэтэры «ПіК Свабоды».

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— Як узьнікла і як рэалізавалася ідэя музычнага лэйбла ТМТ Music? І якія гэта дае магчымасьці беларускім музыкам, якія цяпер на вымушанай эміграцыі?

— Ідэя вельмі простая, яна ляжыць на паверхні. І зь Беларусі, і з Расеі за апошнія некалькі гадоў зьехала вельмі многа музыкаў. Прычым гэта ня проста нейкія выпадковыя музыкі, а гэта найлепшыя музыкі, якія жылі ў дадзеных краінах. Усе яны вельмі актыўныя, шмат працуюць, шмат гастралююць, выступаюць з жывымі канцэртамі, запісваюцца ў студыях, у іх выходзяць песьні ў інтэрнэце, яны здымаюць відэакліпы. Яны жывуць актыўным творчым жыцьцём. І бракуе ў гэтым самым жыцьці з прафэсійнага пункту гледжаньня толькі аднаго моманту — у іх не выходзяць аўдыёносьбіты. Не выходзяць вінілавыя кружэлкі, касэты ці кампакт-дыскі. Гэта, канечне, дрэнна, бо ня ўсе прыхільнікі гэтых артыстаў гатовыя іх слухаць толькі праз інтэрнэт, многія хацелі б мець усё ж і рэчавыя доказы іх існаваньня і іх новых працаў, трымаць у руках гэтыя самыя кружэлкі.

Ідэя нарадзілася ў мяне і маіх партнэраў. А гэта галяндзка-літоўская фірма. З аднаго боку гэта Дэрк Саўэр, найвядомейшы галяндзкі выдавец, які яшчэ ў 1992 годзе запусьціў газэту The Moscow Times, якая дагэтуль існуе і ў лічбавым выглядзе мае вялізарную колькасьць падпісчыкаў. Гэта і нашы партнэры зь Літвы, Creative industries, вядучая літоўская кампанія ў галіне музычнага бізнэсу. У іх ёсьць завод па вытворчасьці вінілавых кружэлак, яны займаюцца арганізацыяй канцэртаў. Мы ўсе добра ведаем адзін аднаго і сышліся на тым, што гэта добрая ідэя. Якой яна будзе з камэрцыйнага пункту гледжаньня, прыбытку, — невядома. Сьцежкі тут няходжаныя, шчыра скажам. У любым разе гэта будзе вялікай падтрымкай нашым музыкам. Мы будзем выпускаць кружэлкі, яны будуць прадавацца, прыбытак будзе нейкім чынам дзяліцца. Ад музыкаў гэта не запатрабуе ніякіх спэцыяльных укладаньняў.


— Якія беларускія выканаўцы будуць у гэтым праекце?

— Пакуль мы ні з кім зь беларускіх артыстаў канкрэтных перамоваў не вялі. Я магу сказаць, якія імёны асабіста мяне цікавяць і натхняюць у якасьці кліентаў. Ёсьць у вас такі цудоўны хлопец Лявон Вольскі, ёсьць гурт «Длина волны», які цяпер у Лёндане базуецца. Ёсьць гурт «Петля пристрастия». Ёсьць гурт Naka. Агулам ёсьць энная колькасьць беларускіх артыстаў, якія, з аднаго боку, папулярныя, з другога боку, як мне прынамсі як музычнаму крытыку і знаўцу падаецца, выконваюць цікавую і якасную музыку. Самыя папулярныя на дадзены момант беларускія артысты — гэта гурт «Молчат дома». Яны вельмі вядомыя цяпер ва ўсім сьвеце, шмат гастралююць па Амэрыцы, па Эўропе... Але ў іх ёсьць кантракты з добрым амэрыканскім лэйблам, таму на «Молчат дома» мы не пасягаем. А што тычыцца многіх астатніх, то бачым у іх нашых патэнцыйных кліентаў.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG