Заявы Энтані Блінкена ў інтэрвію The New York Times прагучалі на фоне паведамленьняў, якія апошнім часам распаўсюджваюцца сусьветнымі СМІ, аб магчымых закулісных перамовах паміж ЗША і Расеяй аб будучыні Ўкраіны.
«Мы ня бачым ніякіх прыкмет таго, што Расея гатовая да ўзаемадзеяньня», — сказаў Блінкен, падкрэсьліўшы, што «калі будзе спыненьне агню, то яно дасьць час Пуціну адпачыць і пераўзброіцца, каб потым зноў атакаваць».
Пры гэтым Блінкен у інтэрвію гаворыць аб «посьпехах» адміністрацыі Джо Байдэна, які пакідае пасаду прэзыдэнта ЗША. На думку дзяржсакратара, менавіта дзеяньні адміністрацыі, на якую ён працуе, дазволілі Ўкраіне «выстаяць», а лінія фронту, якая ўсталялвалася на гэты момант, «ужо наўрад ці прынцыпова зьменіцца».
Блінкен сказаў:
«Перш за ўсё, тое, што мы пакідаем — гэта дзяржава Ўкраіна, што не было відавочным, таму што амбіцыі Пуціна палягалі ў тым, каб сьцерці яе з мапы. Мы спынілі Пуціна. Ён пацярпеў няўдачу. Украіна стаіць. І я лічу, што ў яе ёсьць патэнцыял ня толькі выжыць, але і квітнець у будучыні».
Разам з тым дзяржсакратар ЗША прызнаўся, што з пачатку вайны адміністрацыя Байдэна рабіла ўсё, «каб не дапусціць прамога канфлікту з Расеяй».
Інтэрвію апублікавалі за два тыдні да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта Байдэна і ягонай адміністрацыі, уключаючы Блінкена, які 20 студзеня пакіне сваю пасаду.
Форум