ФБР мяркуе, што Шамсуд-Дын Джабар, які заехаў на аўтамабілі ў натоўп людзей у навагоднюю ноч у Новым Арлеане, дзейнічаў сам-адзін, паведамляюць АР і CNN.
Да гэтага ў ФБР прытрымліваліся іншай вэрсіі і лічылі, што ў Джабара былі саўдзельнікі.
«Ні зьвесткі аб званках, ні якая-небудзь іншая інфармацыя на мабільных прыладах не ўказвае на тое, што яму хтосьці дапамагаў у гэтым нападзе», — адзначыў Крыстафэр Рая з антытэрарыстычнага падразьдзяленьня.
Злачынства кваліфікавалі як акт тэрарызму.
У ФБР заявілі, што «на 100% упэўненыя, што атака была натхнёная тэрарыстычнай групоўкай „Ісламская дзяржава“», яго цытуе «Голас Амэрыкі».
ФБР удакладніла, што ў выніку нападу загінулі 14 чалавек. Раней паведамлялася пра гібель 15 чалавек, але Рая сказаў, што нападнік, якога забілі паліцыянты, уваходзіць у іх лік.
Таксама ў ФБР заявілі, што пакуль не знайшлі пэўнай сувязі паміж навагодняй атакай Новым Арлеане і выбухам аўтамабіля Tesla Cybertruck у Лас-Вэгасе, у якім загінуў кіроўца, як паведамляецца, апазнаны як дзейны вайсковец арміі ЗША, піша Reuters.
У выніку выбуху ў Лас-Вэгасе каля гатэля Trump International загінуў адзіны пасажыр грузавіка і сем чалавек атрымалі лёгкія траўмы, гаворыцца ў заяве сталічнага паліцэйскага ўпраўленьня Лас-Вэгаса.
ФБР вызначыла асобу кіроўцы Cybertruck, але не гатовае раскрыць гэтую інфармацыю, паведаміў журналістам агент ФБР Джэрэмі Шварц, які адказвае за інцыдэнт. Раней СМІ са спасылкай на крыніцы напісалі, што падазраваны ў падрыве аўтамабіля Tesla Cybertruck у Лас-Вэгасе — былы вайсковец арміі ЗША, 37-гадовы Мэт’ю Лівэльсбэргер з Каларада-Спрынгс.
Форум