Пра гэта заявіў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, падкрэсьліўшы, што на дадзены момант у праваахоўных органаў няма доказаў, якія пацьвярджаюць гэтую сувязь.
Байдэн паведаміў, што «ўсяго за некалькі гадзін да сьмяротнага наезду аўтамабіля ў Новым Арлеане падазроны разьмясьціў у сацыяльных сетках відэа, у якіх сьцьвярджаў, што яго натхніла [на зьдзяйсненьне тэракту] „Ісламская дзяржава“».
Гэтыя відэа таксама дэманструюць «жаданьне забіваць», дадаў прэзыдэнт, удакладніўшы, што атрымаў гэтую інфармацыю ад ФБР.
У горадзе Новы Арлеан у штаце Луізіяна на поўдні ЗША ня менш як 15 чалавек загінулі, больш за 30 былі параненыя пасьля таго, як грузавы аўтамабіль урэзаўся ў натоўп людзей, якія адзначалі Новы год у цэнтры гораду. Кіроўца грузавіка адкрыў агонь і ўступіў у перастрэлку з паліцыяй, пры гэтым двое паліцыянтаў былі параненыя.
Абвінавачаны ў наезьдзе — грамадзянін ЗША, 42-гадовы жыхар Тэхасу, вэтэран амэрыканскай арміі Шамсуд-Дзін Джабар. Ён загінуў на месцы ў перастрэлцы з паліцыяй, паведамілі афіцыйныя асобы.
Фэдэральныя ўлады і мясцовыя праваахоўныя органы Новага Арлеана заявілі, што Джабар дзейнічаў не ў адзіночку і што яны шукаюць ягоных саўдзельнікаў, перадае «Голас Амэрыкі». ФБР паведаміла, што на грузавіку Джабара быў сьцяг тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», і разглядае атаку як магчымы акт тэрарызму. У машыне таксама знайшлі самаробныя бомбы і пульт кіраваньня да іх.
Як паведамляюць KTNV-TV і Denver7 са спасылкай на крыніцы, паліцыя вызначыла асобу падазраванага ў падрыве аўтамабіля Tesla Cybertruck у Лас-Вэгасе ў сераду. Ім аказаўся былы вайсковец арміі ЗША 37-гадовы Мэт'ю Лівэльсбэргер з Каларада-Спрынгс.
Паводле крыніц тэлеканала Denver7, ён служыў на той жа вайсковай базе, што і Шамсуд-Дзін Джабар, які падазраецца ў наезьдзе на натоўп у Новым Арлеане.
Сьледчыя ФБР праводзяць ператрусы ў адным з дамоў у Каларада-Спрынгс, дзе жыў Лівэльсбэргер.
Электрычны аўтамабіль Tesla Cybertruck выбухнуў у сераду днём каля гатэля ў Лас-Вэгасе, які належыць абранаму прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу. Кіроўца аўтамабіля загінуў, сем чалавек былі параненыя.
Прычына выбуху пакуль ня вызначана, але ўнутры аўтамабіля знайшлі піратэхніку і каністры з бэнзінам. Сьледзтва высьвятляе, ці мог загінулы кіроўца наўмысна справакаваць выбух.
Сьледчым таксама трэба будзе вызначыць, ці была акцыя каля гатэля накіраваная супраць Трампа або ўладальніка Tesla Ілана Маска, які ў апошнія месяцы стаў найбліжэйшым паплечнікам абранага прэзыдэнта. Маск таксама дапусьціў узаемасувязь паміж здарэньнямі, адзначыўшы, што выбух быў выкліканы вельмі вялікай колькасьцю фаервэркаў або выбуховым прыстасаваньнем, а ня станам электрамабіля Cybertruck.
Паліцыя заявіла, што ўсё яшчэ працуе над вызначэньнем прычыны выбуху. Амэрыканскія СМІ, у тым ліку тэлеканалы NBC і CBS, паведамілі, спасылаючыся на неназваныя крыніцы, што ўлады разглядаюць яго як магчымы тэрарыстычны напад.
Форум