Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмена рыторыкі і туманныя абяцаньні. Паўлюк Быкоўскі параўноўвае навагоднія выступы Лукашэнкі і Ціханоўскай


Сьвятлана Ціханоўская і Аляксандар Лукашэнка падчас сваіх навагодніх выступаў, каляж
Сьвятлана Ціханоўская і Аляксандар Лукашэнка падчас сваіх навагодніх выступаў, каляж

Палітычны аглядальнік і мэдыя-аналітык Паўлюк Быкоўскі аналізуе і параўноўвае навагоднія выступы Аляксандра Лукашэнкі і Сьвятланы Ціханоўскай і разважае пра загадкавую фразу Лукашэнкі пра «зьмену пакаленьняў».

Сьцісла:

  • Аляксандар Лукашэнка выступае перад сваёй ляяльнай аўдыторыяй з тэлевізара, Ціханоўская — праз Youtube.
  • Ціханоўская акцэнтуе ўвагу на тым, што ёсьць праблема расколу грамадзтва, выкарыстоўвае беларускую мову і сымбалі сям’і як мэтафару нацыянальнага адзінства.
  • Існуе поўная супрацьлегласьць у тым, як чыста фармальна былі выбудаваныя выступы Лукашэнкі і Ціханоўскай.
  • У Лукашэнкі галоўная думка: «Яднайцеся вакол мяне, вакол дзяржаўных інстытутаў».
  • Тэма пераемнасьці ў пэўны час стала асноўным наратывам Лукашэнкі.

— У Беларусі з 2020 году існуе даволі своеасаблівая традыцыя, калі грамадзяне слухаюць віншаваньне з Новым годам ад двух палітыкаў — Сьвятланы Ціханоўскай і Аляксандра Лукашэнкі. Потым ацэньваюць тыя тэзісы і пасланьні, якія гучалі ў гэтых зваротах, параўноўваюць лічбы праглядаў, абмяркоўваюць у сацыяльных сетках. Якія былі галоўныя мэсэджы і пасылы ў выступах Ціханоўскай і Лукашэнкі ў гэтым годзе?

— Гэтыя пасланьні ад двух палітыкаў — своеасаблівы прыклад інфармацыйнага змаганьня за права фармаваць калектыўную сьвядомасьць і вызначаць каштоўнасныя арыенціры. Ёсьць такая мэтафара «сацыяльнага клею», якую прапанаваў заснавальнік францускай сацыялягічнай школы Эміль Дзюркгейм. «Сацыяльны клей» — гэта тое, што аб’ядноўвае грамадзтва і не дае яму распасьціся.

Такія навагоднія прамовы ў значнай ступені ўтрымліваюць нешта падобнае. Бо яны штогадовыя, людзі ведаюць, што ў гэты час гэта павінна адбыцца. І ў Беларусі, сапраўды, унікальная сытуацыя, калі ёсьць два лідэры, якія зьвяртаюцца адначасова. У Беларусі зноў было зафіксавана пагаршэньне доступу да інтэрнэту, калі выступала Сьвятлана Ціханоўская. І тут бачныя адрозьненьні. Аляксандар Лукашэнка выступае перад сваёй ляяльнай аўдыторыі з тэлевізара, а Ціханоўская зьвяртаецца праз Youtube, дзе можна паспрабаваць перашкодзіць людзям гэта паглядзець.

Цяпер пра мэсыджы. Паводле таго ж Дзюркгейма, ёсьць вэртыкальныя і гарызантальныя спробы аб’яднаць грамадзтва. Ціханоўская ў сваім звароце акцэнтуе ўвагу на тым, што ёсьць праблема расколу грамадзтва, выкарыстоўвае беларускую мову і сымбалі сям’і як мэтафару нацыянальнага адзінства. Яна зьвяртаецца да асабістых перажываньняў кожнага беларуса і паказвае шлях да паразуменьня, дарогу да адзінства.

І тут існуе поўная супрацьлегласьць у тым, як нават чыста фармальна былі пабудаваныя выступы Лукашэнкі і Ціханоўскай. Лукашэнка выступаў у такой аўтарытарнай форме як кіраўнік дзяржавы, пэўную сымбалічнасьць несьлі і месца дзеяньня — Палац Рэспублікі, і дзяржаўная сымболіка, і нават расейская мова. Ціханоўская выступала у антуражы «кола сям’і» — хаця, вядома, мы разумеем, што гэта была сцэнарная рэч з акторамі. Мы назіраем у сцэнках, як сёньняшняя палярызацыя грамадзтва адбілася на сем’ях, але потым бачым, як сям’я аб’ядноўваецца і пераўтвараецца ў народ за сьпінай Ціханоўскай.

— Можна заўважыць, як мянялася рыторыка Ціханоўскай у яе зваротах, пачынаючы ад 2021 году. Калі раней былі больш канкрэтныя палітычныя заявы, тэзісы, дык цяперашні зварот быў выразна апалітычным, сканцэнтраваным на ідэі адзінства нацыі як вялікай сям’і. Як бы вы ацанілі такую карэкціроўку наратыву?

— Так, вы слушна заўважылі, што ў звароце Ціханоўскай перад 2021 годам, у час рэвалюцыйных падзеяў было шмат словаў пра грамадзянскую салідарнасьць, патрэбу ў дзеяньнях — але і там ужо была мэтафара дому як агульнай прасторы. У наступным годзе можна было адзначыць геапалітычны выбар. Бо не сакрэт, што пратэст 2020 году быў падкрэсьлена без геапалітычнага выбару, за тое, што народ мае права і магчымасьць абраць таго, каго хоча. А тут была спроба давесьці, што Беларусь ёсьць Эўропа, што мы зрабілі свой выбар, спроба паказаць нашу эўрапейскую ідэнтычнасьць.

Зараз мы бачым пераход проста на сямейныя каштоўнасьці, і гэта даволі кранальны падыход — як тое, што баліць сёньня ў кожнага. Бо рэпрэсіі закранулі шмат якія сем’і ў Беларусі — і сем’і былі расколатыя. Гэта той самы «гарызантальны падыход» — усім прапанаваная магчымасьць выказаць салідарнасьць на ўсіх узроўнях.

А ў Лукашэнкі галоўная думка — «яднайцеся вакол мяне, яднайцеся вакол дзяржаўных інстытутаў». Цалкам розныя падыходы.

— Ад звароту Лукашэнкі ў мяне ўражаньне, што гэтым разам было вельмі мала канкрэтыкі, у адрозьненьне ад мінулых гадоў. Тады ён казаў часам нават даволі агрэсіўныя рэчы, часам прымірэнчыя. А цяпер быў проста пералік нібыта дасягненьняў. І адна загадкавая фраза, што «зьмена пакаленьняў завершыцца ў наступныя гады».

— Фраза, сапраўды, выглядае туманнай. І тут вольная прастора для інтэрпрэтацыяў — ці ён зьбіраецца сыходзіць, ці ён памяняе сваё атачэньне (што значна больш імаверна). Таму што тут дакладна хацеў сказаць Лукашэнка — мы, відаць, так і не ўгадаем.

Цяпер пра зьмену наратываў у зваротах Лукашэнкі мінулых гадоў. На новы 2021 год была крызісная рыторыка, шмат эмоцыяў, і акцэнт быў на захаваньні парадку і адзінства вакол улады. Тыя, хто пратэстуюць, — ворагі. Потым, у наступныя гады, дыскурс пачаў мяняцца. Была прыгаданая гістарычная пераемнасьць, роля сілавых інстытутаў, Усебеларускі народны сход. Тэма пераемнасьці ў пэўны час стала асноўным наратывам.

На новы 2022 год, пасьля здушэньня пратэстаў, у Лукашэнкі была спроба перайсьці да «нармалізацыі», і ён тады казаў пра «нацыянальнае прымірэньне». 2022 год нават быў прызначаны годам «нацыянальнага прымірэньня». Але гэта былі рытарычныя выказваньні, а ня практыка. Былі спадзяваньні, што тады адбудзецца вызваленьне палітзьняволеных, але мы гэтага не пабачылі.

Калі паглядзець абмеркаваньне цяперашніх навагодніх зваротаў у сацыяльных сетках, то, прызнаюся, я трошкі зьдзіўлены. Раней звароты Лукашэнкі значна больш актыўна абмяркоўвалі, а зараз я фактычна ня бачу гэтага. Урэшце, я пакуль ня бачу масавага абмеркаваньня і звароту Ціханоўскай. Вядома, гэта паводле стану на 1 студзеня: магчыма, пазьней нешта зьменіцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG