Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін папрасіў прабачэньня ў прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева за крушэньне самалёта «Азэрбайджанскіх авіяліній», паведаміла 28 сьнежня прэс-служба Крамля.
У паведамленьні сказана, што Пуцін пазваніў Аліеву і прынёс прабачэньні ў сувязі «трагічным інцыдэнтам» у паветранай прасторы Расеі і выказаў спачуваньні сем’ям загінулых.
«У размове было адзначана, што азэрбайджанскае пасажырскае паветранае судна, якое рухалася дакладна па раскладзе, неаднойчы спрабавала зайсьці на пасадку ў аэрапорт горада Грозны. У гэты час Грозны, Маздок і Уладзікаўказ атакавалі ўкраінскія баявыя бесьпілётнікі, і расейскія сродкі СПА адбівалі гэтыя напады», — паведамляе прэс-служба Крамля.
Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу па арт. 263 Крымінальнага кодэксу (Парушэньне правілаў бясьпекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту), цяпер вядуць пярвічныя сьледчыя дзеяньні, гаворыцца ў паведамленьні.
Прэс-служба прэзыдэнта Азэрбайджану таксама паведаміла пра тэлефонную размову паміж Пуціным і Аліевым. Пры гэтым у паведамленьні гаворыцца, што Пуцін «прынёс прабачэньні ў сувязі з тым, што 25 сьнежня пасажырскі самалёт „Азербайджанскіх авіяліній“ (...) зазнаў у паветранай прасторы Расеі фізычнае і тэхнічнае ўзьдзеяньне звонку» — гэтай фармулёўкі не было ў паведамленьні прэс-службы Крамля.
Паведамляецца, што Ільхам Аліеў таксама адзначыў, што самалёт «зазнаў зьнешняе фізычнае і тэхнічнае ўзьдзеяньне звонку», і падкрэсьліў, што «на фюзеляжы самалёта ёсьць шматлікія прабоіны, пасажыры і чальцы экіпажу, яшчэ знаходзячыся ў паветры, атрымалі раненьні ад староньніх часьціц, якія прабілі ашалёўку і трапілі ў салон самалёта, і што сьведчаньні бортправаднікоў і пасажыраў самалёта, якія выжылі, пацьвярджаюць факт зьнешняга фізыка-тэхнічнага ўздзеяньня».
Паводле прэс-службы прэзыдэнта Азэрбайджану, Аліеў і Пуцін абмеркавалі «сур’ёзнае і ўсебаковае расьсьледаваньне ўсіх дэталяў гэтай трагедыі і прыцягненьне вінаватых да адказнасьці», і на прапанову Аліева для «ўсебаковага расьсьледаваньня прычын крушэньня арганізаваная група, якая складаецца зь міжнародных экспэртаў».
- 25 сьнежня самалёт азэрбаджанскай авіякампаніі Azerbaijan Airlines, на борце якога знаходзіліся 62 пасажыры і пяць чальцоў экіпажу, пацярпеў крушэньне на захадзе Казахстану. Борт накіроўваўся з Баку ў Грозны. Паводле апошніх зьвестак, 38 чалавек загінулі, 29 выжылі.
- Афіцыйнай вэрсіі прычын катастрофы пакуль няма, ідзе расьсьледаваньне. Сярод вэрсій, якія называлі розныя ведамствы і крыніцы СМІ, сутыкненьне з чарадой птушак, выбух кіслароднага балёна на борце, тэхнічная няспраўнасьць, а таксама ракета ад расейскіх СПА, якія нібыта спрабавалі зьбіць украінскія бесьпілётнікі.
- У Расавіяцыі раней заявілі, што падчас заходу на пасадку самалёта AZAL аэрапорт Грознага атакавалі дроны. У авіякампаніі Azerbaijan Airlines паведамілі, што, паводле зьвестак папярэдняга расьсьледаваньня, самалёт перад крушэньнем зазнаў «зьнешняе фізычнае і тэхнічнае ўмяшаньне». Азэрбайджанскі дэпутат Хікмат Бабааглу заявіў, што існуе «вельмі вялікая» верагоднасьць таго, што самалёт быў пашкоджаны расейскай ракетай СПА.
- Улады Расеі, Азэрбайджану і Казахстану афіцыйна не камэнтуюць прычын, празь якія самалёт пацярпеў крушэньне.
Форум