Пашырыліся здагадкі, што самалёт Azerbaijan Airlines, які накіроўваўся з Баку ў Грозны, мог быць зьбіты ракетай супрацьпаветранай абароны перад тым, як перасекчы Касьпійскае мора і разьбіцца каля Актау ў Казахстане, у выніку чаго загінулі 38 пасажыраў і экіпаж.
Дэпутат Хікмат Бабааглу ў інтэрвію Азэрбайджанскай службе Радыё Свабода 27 сьнежня заявіў, што такое тлумачэньне, хутчэй за ўсё, «найбольш блізкае да праўды».
«Гэта толькі імавернасьць, але вельмі вялікая, і зробленыя да гэтага часу назіраньні і высновы пацьвярджаюць гэтую вэрсію», — сказаў ён.
«У гэтым канкрэтным выпадку інцыдэнт зьвязаны з пашкоджаньнем азэрбайджанскага авіяляйнэра на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, прычым падзея, якая стала прычынай крушэньня, адбылася там. Такім чынам, няма ніякіх сумневаў, што адказнасьць ляжыць на Расейскай Фэдэрацыі», — дадаў ён.
25 сьнежня самалёт Embraer 190 авіякампаніі Azerbaijan Airlines, які выконваў рэйс з Баку ў Грозны, пацярпеў крушэньне ў Актаў. У выніку крушэньня загінулі 38 пасажыраў, выжылі 29 чалавек. Reuters і Euronews са спасылкай на крыніцы ў Азербайджане сьцьвярджаюць, што самалёт быў зьбіты расейскай сыстэмай СПА. Па іх зьвестках, ляйнэру не дазволілі прызямліцца ні ў адным з расейскіх аэрапортаў, нягледзячы на просьбы пілётаў аб аварыйнай пасадцы. Паветранаму судну загадалі ляцець праз Касьпійскае мора ў напрамку Актаў, а навігацыйныя сыстэмы самалёты былі заглушаныя.
Улады Расеі, Азэрбайджану і Казахстану афіцыйна не камэнтавалі прычыны, паводле якіх пацярпеў крушэньне самалёт. Расьсьледаваньне працягваецца, на месцы крушэньня былі знойдзены чорныя скрыні. Сярод вэрсій, якія раней называлі розныя ведамствы і крыніцы СМІ, былі сутыкненьне з птушкамі, выбух кіслароднага балёну на борце і тэхнічная няспраўнасьць.
Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль не зьбіраецца «выбудоўваць якія-небудзь гіпотэзы» да высноваў сьледзтва. Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што самалёт AZAL зьмяніў курс «з-за пагаршэньня надвор’я».
Форум