У Нацыянальным парку «Белавеская пушча» забаранілі паляваньне на ваўка да 1 студзеня 2027 году.
Як адзначаецца на сайце нацпарку, забарона распаўсюджваецца больш як на 82 тысячы гектараў пушчы.
«Рашэньне аб забароне паляваньня на ваўка ўхвалена ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Камітэту Ўсясьветнай спадчыны UNESCO, Камітэту міністраў Рады Эўропы і Камітэту Бэрнскай канвэнцыі, абапіраючыся, у тым ліку, і на досьвед нацпарку „Белавеская пушча“ па ўвядзеньні мараторыю паляваньня на ваўка ў 2015–2017 гадах», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У Нацыянальным парку падкрэсьлілі, што забарона паляваньня на ваўка — «важны крок у справе захаваньня прыроднай спадчыны, падтрыманьня здароўя і балянсу натуральных экасыстэм», яна «яшчэ раз даводзіць адданасьць дырэкцыі Беларускай пушчы ідэям запаведнасьці ў нацыянальным парку».
Адметна, што Беларусь у жніўні 2023 году дэнансавала Бэрнскую канвэнцыю аб ахове дзікай прыроды, на якую спаслаліся ў дырэкцыі Нацыянальнага парку.
Беларусь далучылася да гэтай канвэнцыі ў 2013 годзе і тым самым узяла на сябе міжнароднае абавязаньне забясьпечваць ахову дзікай флёры і фаўны і іх асяродзьдзя пражываньня. Бэрнская канвэнцыя аб’ядноўвае 50 дзяржаў, у тым ліку ўсе краіны Эўразьвязу.
Бэрнская канвэнцыя — адна з самых старых канвэнцый у Эўропе. Яна дае магчымасьць захоўваць віды жывёл і расьлін, што апынуліся перад пагрозай зьнікненьня, і рабіць узгодненыя захады дзеля аховы дзікай прыроды ў кожнай краіне. Адмысловая ўвага аддаецца мігруючым відам.
Пакуль невядома, ці распаўсюджваецца забарона паляваньня на ваўка на тэрыторыю Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка — некалькі гадоў таму вялася дыскусія пра магчымасьць адстрэлу драпежніка на гэтых землях.
Чаму гэта важна
Амаль ва ўсёй Эўропе воўк мае статус рэдкага віду і ахоўваецца. У Вялікай Брытаніі, Нідэрляндах, Бэльгіі, Даніі і іншых заходнеэўрапейскіх краінах ён увогуле вынішчаны. У Беларусі, наадварот, ваўкоў адносна шмат. Апошнія некалькі гадоў на штогадовых зімовых падліках рэгістравалі каля 1500 ваўкоў па ўсёй краіне.
Правілы паляваньня вызначаюць ваўка ў Беларусі як непажаданы від. Гэта значыць, што адстрэл драпежніка дазволены ў неабмежаванай колькасьці ў любы час году. Да 2017 году было толькі чатыры месцы, дзе паляваньне на ваўка было забаронена ці абмежавана. Гэта Бярэзінскі біясфэрны запаведнік, Налібоцкая пушча, Белавеская пушча і Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік. А ва ўсіх астатніх мясьцінах — нацыянальных парках, запаведніках, заказьніках, асаблівых ахоўных прыродных тэрыторыях (ААПТ) — паляўнічыя забівалі ваўкоў неабмежавана.
Форум