Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашыньян адкрыта выказвае пагарду да Лукашэнкі, — Аляксандар Фрыдман


Нікол Пашыньян на саміце АДКБ, архіўнае фота
Нікол Пашыньян на саміце АДКБ, архіўнае фота

Палітоляг і гісторык Аляксандар Фрыдман тлумачыць, чаму адбыўся абмен рэзкімі рэплікамі паміж Лукашэнкам і Пашыньянам, і зьвяртае ўвагу на тое, як беларускі кіраўнік імкнецца спадабацца Пуціну і расейскім журналістам.

Сьцісла:

  • Лукашэнка вырашыў укалоць Пашыньяна, каб зрабіць прыемнае Пуціну.
  • Лукашэнка ніколі асабліва не хаваў, што ў Карабаскім канфлікце ён на баку Азэрбайджану.
  • Беларускі кіраўнік робіць усё тое, што патрабуе ад яго Масква.
  • Калі вайна ва Ўкраіне спыніцца, то сытуацыя можа зьмяніцца не на карысьць Лукашэнкі.
  • Пытаньне пра тое, ці разьмешчаная ў Беларусі ядзерная зброя, для Захаду нічога прынцыпова не мяняе.

— Звычайна паседжаньні розных інтэграцыйных постсавецкіх структураў не вылучаюцца чымсьці адметным. Аднак падчас апошняга саміту Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету 26 сьнежня паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам адбыўся абмен даволі зьедлівымі рэплікамі.

Лукашэнка выказаў зьдзіўленьне, чаму дэлегацыя Армэніі не прыехала на саміт у Санкт-Пецярбург. Пашыньян адказаў і пацьвердзіў, што прадстаўнікі Армэніі не прыедуць у Менск на наступны саміт гэтай структуры.

— Я думаю, тут два чыньнікі. Па-першае, Лукашэнка сапраўды пакрыўдзіўся. У яго складаныя адносіны з Пашыньянам. Пашыньян не хавае сваёй пагарды да Лукашэнкі і досыць жорстка пра яго выказваўся. І калі стала зразумела, што армянскай дэлегацыі ня будзе, Лукашэнка проста ня здолеў стрымацца.

З аднаго боку, гэта былі эмоцыі Лукашэнкі, а з другога — кіраўнік Беларусі вырашыў зрабіць прыемнае Пуціну. Мы ня можам ведаць, ці сапраўды Пашыньян хварэў, ці гэтая гісторыя з каранавірусам цалкам прыдуманая, але, так ці іначай, гэта было зроблена з армянскага боку дастаткова відавочна і ўдала. Маўляў, мы з вамі канчаткова не разрываем, але на вашыя саміты не прыедзем.

Расеі гэта, відавочна, не спадабалася. І Лукашэнка вырашыў укалоць Пашыньяна, каб адпомсьціць за Пуціна і зрабіць прыемнае Пуціну. Маўляў, вы, расейцы, самі ня можаце так сказаць, а я магу. Тое, чаго не жадае рабіць старэйшы брат, зробіць малодшы.

— У наступным 2025 годзе Беларусь будзе старшыняваць у ЭАЭС, і гэты канфлікт перанясецца далей, бо ўжо ў траўні заплянаваны саміт гэтай структуры ў Менску. І падчас абмену рэплікамі з Лукашэнкам армянскі прэм’ер пацьвердзіў, што армянская дэлегацыя ў Менск не паедзе. Давайце нагадаем, чаму сапсаваліся адносіны афіцыйнага Менску і Ерэвана?

— Адносіны сапсаваныя даволі даўно праз пазыцыю рэжыму Лукашэнкі, які традыцыйна падтрымлівае Азэрбайджан, а не Армэнію. Ад пачатку прыходу да ўлады ў Лукашэнкі ўсталяваліся добрыя стасункі спачатку з Гейдарам Аліевым, а потым зь ягоным сынам. Тут супрацоўніцтва эканамічнага, палітычнага характару і ідэйная блізкасьць аўтарытарных рэжымаў.

Лукашэнка ніколі асабліва не хаваў, што ён на баку Азэрбайджану ў Карабаскім канфлікце. У траўні сёлета Лукашэнка наведаў Карабах — пасьля таго, як яго канчаткова заняў Азэрбайджан. У выніку ў чэрвені Пашыньян заявіў, што ніколі не наведае Беларусь, пакуль там кіруе Аляксандар Лукашэнка. І калі армянскае кіраўніцтва вымушана маўчаць пра Расею, бо шмат ад яе залежыць, то ў выпадку Беларусі ў Ерэване вырашылі ня стрымлівацца.

Думаю, тут прысутнічае і ўнутрыпалітычны армянскі чыньнік. Пашыньян вымушаны дэманстраваць, што ён жорсткі палітык, які абараняе армянскія інтарэсы. Адносіны з Расеяй даволі небясьпечна канчаткова сапсаваць, а ў выпадку Лукашэнкі навошта стрымлівацца? Як мы бачым, у Пашыньяна няма ніякага жаданьня неяк ісьці насустрач Лукашэнку.

— На саміце 26 сьнежня Лукашэнка, як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, асобна сустракаўся з Пуціным. Традыцыйна пра вынікі і тэмы гэтай сустрэчы нічога не паведамляецца. Можна адзначыць, што за 2024 год гэтыя два палітыкі сустракаліся рэкордную колькасьць разоў. Выглядае так, што ўсё ў іх цудоўна?

— Думаю, у іх сапраўды ўсё нядрэнна. Лукашэнка робіць усё тое, чаго патрабуе ад яго Масква. Для Расеі ён зараз вельмі патрэбны, значэньне Беларусі велізарнае. Таму яны досыць спакойна ставяцца да ўсіх «асаблівасьцяў» характару Лукашэнкі.

Асаблівага ціску на яго я не назіраю. Крамлю важна захаваць шчыльныя саюзьніцкія стасункі. Бакі вельмі залежныя адзін ад аднаго. Расеі важна, каб у такой геапалітычна важнай краіне ва ўладзе знаходзіўся блізкі рэжым, на які пры жаданьні можна націснуць і дасягнуць сваіх мэтаў.

Калі ўявіць, што вайна ва Ўкраіне спыніцца, тады сытуацыя можа зьмяніцца не на карысьць Лукашэнкі. Цяпер расейская пазыцыя прыкладна такая: «Беларусь у нас у кішэні, мы там стратэгічна ўсё кантралюем. Так, Лукашэнка часам можа сказаць тое, што нам не падабаецца. Але галоўнае, што ён робіць для нас усё, што нам трэба. А калі ён раптам пачне рабіць тое, што нам не падабаецца, мы яго паставім на месца».

— Падчас саміту Лукашэнка сказаў расейскім журналістам, што Беларусь можа разьмясьціць у сябе хоць дзясятак «Арэшнікаў», але падышоў Пуцін і выказаўся ў тым сэнсе, што гэта зашмат. Для чаго Лукашэнка ўвесь час падымае гэтую тэму напоўненасьці Беларусі расейскай зброяй? (Хаця многія адмыслоўцы дагэтуль выказваюць сумнеў у тым, што ў Беларусі сапраўды разьмешчаная расейская ядзерная зброя.)

— Лукашэнка ўспрымае расейскую зброю ў Беларусі як чыньнік, які падвышае ягоную замежнапалітычную вагу. Ён любіць падкрэсьліваць, што менавіта ён прымае рашэньне аб яе выкарыстаньні. Уся гэтая гісторыя, аднак, мае вельмі выразны прапагандысцкі чыньнік, бо арыентаваная на Захад.

Што тычыцца ядзернай зброі, то пытаньне, ці разьмешчаная яна ў Беларусі, для Захаду нічога прынцыпова не мяняе. Але сама гэтая рыторыка — спроба Лукашэнкі зьвярнуць на сябе ўвагу.

Што да таго, як Лукашэнка размаўляе з расейскімі журналістамі з пуцінскага пулу, то там заўсёды назіраецца зь ягонага боку пэўнае лёкайства. Імкненьне дагадзіць, зрабіць так, каб ім спадабалася.

І кпіны Лукашэнкі на адрас Пашыньяна яўна спадабаліся расейскім праўладным журналістам. Лукашэнка ў Расеі заўсёды дакладна адчувае, што падабаецца расейскім лідэрам і журналістам. І калі ён пачынае ім падыгрываць, то яго нясе, схіляе да розных імправізацый.

Дарэчы, варта зьвярнуць увагу, што беларускі праўладны тэлеграм-канал «Пул Первого» падрэзаў гэтую дыскусію Лукашэнкі і Пашыньяна. Бо там апошняе слова засталося за Пашыньянам. І гэта ня тое слова, якое магло спадабацца Лукашэнку.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG