Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 амбасадаў краінаў Захаду перад Калядамі выказалі салідарнасьць з затрыманымі вернікамі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. АМАП перакрывае ўваход у Чырвоны касьцёл, 26 жніўня 2020 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. АМАП перакрывае ўваход у Чырвоны касьцёл, 26 жніўня 2020 году

Напярэдадні Калядаў шэраг дыпляматычных прадстаўніцтваў краінаў Захаду выказалі салідарнасьць з прадстаўнікамі духавенства і вернікамі Беларусі, якія зазналі перасьлед за свае погляды.

«У гэтае сьвята Нараджэньня Хрыстовага мы выказваем салідарнасьць з прадстаўнікамі духавенства і вернікамі Беларусі, якія зазнаюць перасьлед празь іх погляды. Кожны заслугоўвае права выказваць сваё меркаваньне бяз страху. Мы патрабуем свабоды і справядлівасьці для ўсіх», — гаворыцца ў паведамленьні, якое апублікавала амбасада Нямеччыны ў Менску.

Акрамя нямецкай дыпляматычнай місіі, сумесную заяву падпісалі амбасады ЗША, Вялікай Брытаніі, а таксама шэрагу краін Эўразьвязу — Аўстрыі, Баўгарыі, Ірляндыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі, Славаччыны, Чэхіі, Швэцыі ў Менску і амбасада Нідэрляндаў у Польшчы.

Амбасада Нямеччыны ў Менску, акрамя гэтага, паведаміла, што напярэдадні сьвятаў накіравала паштоўкі зь віншаваньнямі «беларусам, якія несправядліва адбываюць тэрмін зьняволеньня», і запатрабавала вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі. Паштоўкі, падкрэсьлілі ў амбасадзе, закліканыя ў тым ліку прадэманстраваць усяму сьвету і палітвязьням, што «яны не забытыя».

  • Паводле зьвестак ініцыятывы «Хрысьціянская візія», з 1 верасьня 2020 па 30 лістапада 2024 году ў Беларусі зазналі перасьлед сама меней 86 хрысьціянскіх служыцеляў, у тым ліку 31 прадстаўнік Рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі, 30 — розных пратэстанцкіх цэркваў, 20 — Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ), 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.
  • 23 сьнежня ў Менску пачалі судзіць Мікалая Хіло, хрысьціянскага прапаведніка, супрацоўніка дэлегацыі Эўразьвязу ў Беларусі. Яго абвінавачваюць паводле крымінальных артыкулаў «Распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК) і «Заклікі да санкцыяў і іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Эўрапейская служба зьнешніх сувязяў раней заклікала вызваліць Мікалая Хіло.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG