Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі энэргаблёк БелАЭС адключылі пасьля «спрацоўваньня датчыка». Першы — на рамонце з 3 сьнежня


БелАЭС, архіўнае фота
БелАЭС, архіўнае фота

Абодва энэргаблёкі Беларускай АЭС у Астраўцы цяпер не працуюць. Другі энэргаблёк БелАЭС часова адключылі ад сеткі праз спрацоўваньне аднаго з датчыкаў, паведаміла 19 сьнежня прэс-служба Мінэнэрга Беларусі. Першы энэргаблёк 3 сьнежня вывелі ў трэці плянава-папераджальны рамонт.

Адключыць другі энэргаблёк БелАЭС ад сеткі вырашылі, каб правесьці «штатную дыягностыку працы датчыкаў забясьпечвальных сыстэмаў», заявілі ў Мінэнэрга. У ведамстве запэўніваюць, што на БелАЭС цяпер праводзяць адпаведныя працы і яны «не ўплываюць на бясьпеку працы станцыі і яе абсталяваньне».

У паведамленьні не ўказаная дата, калі менавіта другі энэргаблёк БелАЭС адключылі ад сеткі. На раніцу 19 сьнежня ў разьдзеле «Вытворчыя паказчыкі» на сайце БелАЭС паведамлялася, што другі энэргаблёк «знаходзіцца ў прамысловай эксплуатацыі» — то бок, працуе.

Першы энэргаблёк Беларускай АЭС 3 сьнежня вывелі ў трэці плянава-папераджальны рамонт.

Варта адзначыць, што паведамленьне пра адключэньне ад сеткі другога энэргаблёку зьявілася пасьля публікацыі выданьня «Люстэрка», якое 19 сьнежня са спасылкай на крыніцу паведаміла, што абодва энэргаблёкі БелАЭС «вось ужо два тыдні не выпрацоўваюць электрычнасьць».

«Адключэньне энэргаблёка № 2 адбылося ў ноч на 4 сьнежня. Меркаваная прычына — спрацоўваньне абароны з-за няспраўнасьці (парушэнне герметычнасьці) першага контуру. Ён зьяўляецца носьбітам радыеактыўнага асяродзьдзя (у першым контуры вада са спэцыяльнымі дабаўкамі цыркулюе праз актыўную зону рэактара — рэд.)», — сьцьвярджае суразмоўца «Люстэрка».

Радыё Свабода пакуль ня можа апэратыўна праверыць гэту інфармацыю.

У прыёмнай гендырэктара БелАЭС журналісту «Люстэрка», які патэлефанаваў пад выглядам занепакоенага грамадзяніна, пацьвердзілі, што другі энэргаблёк станцыі сапраўды не працуе, але не змаглі адказаць, зь якога дня. У інфацэнтры БелАЭС адказваць на пытаньні адмовіліся, параіўшы зьвярнуцца па камэнтар у Міністэрства энэргетыкі. У прыёмнай міністра супрацоўніца, якая адказала на званок, не валодала інфармацыяй пра актуальны стан атамнай станцыі.

Паводле крыніцы «Люстэрка», спыненьне працы энэргаблёкаў станцыі пакуль не паўплывала на радыёлягічнае становішча на прылеглых да яе тэрыторыях, узровень радыяцыі «ў межах нормы». Згодна з сэрвісам маніторынгу радыяцыйнага становішча ў Беларусі, па стане на 19 сьнежня ва ўсіх рэгіёнах краіны, у тым ліку прылеглых да Беларускай АЭС, яна знаходзіцца практычна на ніжняй мяжы нормы.

  • Будаўніцтва БелАЭС завяршылася восеньню 2023 году. Першы энергаблёк станцыі сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году, другі — з 13 траўня 2023 году. У прамысловую эксплуатацыю іх ўвялі ў чэрвені 2021 году і лістападзе 2023 году адпаведна.
  • Першы энэргаблёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для рамонту на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
  • Другі энэргаблёк Беларускай АЭС апошні раз спынялі на плянавы рамонт у ліпені 2024 году. Паведамлялася, што падчас работ правядуць дэталёвую дыягностыку ўсіх сістэмаў, а таксама заменяць ядзернае паліва, якое адпрацавала, на сьвежае. 14 кастрычніка другі энэргаблёк БелАЭС уключылі ў сетку.
  • Пры штатнай працы двух энэргаблёкаў БелАЭС забясьпечвае каля 40% патрэбаў Беларусі ў электраэнэргіі.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.
  • З 26 ліпеня другі блёк АЭС спынілі дзеля рамонту, які назвалі плянавым. Ранейшыя рамонты на доўгія месяцы спынялі працу станцыі. Першы блёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэтаў на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
  • У жніўні новым міністрам энэргетыкі замест Віктара Каранкевіча стаў Аляксей Кушнарэнка. А былога намесьніка Каранкевіча Міхаіла Міхадзюка, які непасрэдна кантраляваў АЭС, у гэтым жа месяцы пачалі судзіць за атрыманьне хабару.
  • 26 жніўня намесьнік міністра энэргетыкі Дзяніс Мароз заявіў пра падрыхтоўку ведамствам справаздачы перад урадам аб мэтазгоднасьці пабудовы другой АЭС.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG