Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». «Я асьцярожна аптымістычная наконт будучыні Беларусі», — Ціханоўская пра падзею, паразу і перамогу 2024-га


Сьвятлана Ціханоўская, 24 ліпеня, Вільня.
Сьвятлана Ціханоўская, 24 ліпеня, Вільня.

Хто павінен прадстаўляць Беларусь на перамовах пра мір? Якім быў 2024 год для Беларусі і сьвету, паводле Сьвятланы Ціханоўскай? Зь якім пасланьнем зьвернецца Ціханоўская да беларусаў у навагоднім віншаваньні?

Разам зь лідэркай дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай напярэдадні Калядаў мы падсумуем вынікі 2024 году, пагаворым пра тое, што яна лічыць галоўнай падзеяй, паразай і перамогай году.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— Слова «вайна» застаецца ключавым для 2024 году, але ўсё часьцей побач зь ім гучыць слова «перамовы», перамовы пра завяршэньне вайны. Афіцыйны Менск спадзяецца атрымаць месца за сталом перамоваў па заканчэньні вайны ва Ўкраіне. Вольга Карач у інтэрвію «ПіКу Свабоды» казала, што Зянон Пазьняк мае прадстаўляць Беларусь на перамовах. Як вы бачыце месца дэмакратычных сілаў у гэтым працэсе?

— Насамрэч ад гэтых перамоваў многае залежыць. Беларускія інтарэсы павінны быць улічаныя ў ходзе гэтых перамоваў. Мы вядзем перамовы з нашымі замежнымі партнэрамі, каб забясьпечыць прысутнасьць дэмакратычных сілаў альбо каб ад нашага імя выступілі партнэры, бо можа быць такая сытуацыя, што фізычна беларусы ня змогуць быць, але каб у нас быў там голас, голас вольнай Беларусі. Якія нашы мэсыджы? У нашых інтарэсах, каб расейскія войскі былі выведзеныя ня толькі з тэрыторыі Ўкраіны, але і з тэрыторыі Беларусі таксама, уключаючы ядзерную зброю. Неабходна, каб рэжым Лукашэнкі панёс адказнасьць за злачынства агрэсіі, неабходна забясьпечыць вывад Беларусі з-пад расейскага ўплыву і правядзеньне дэмакратычных рэформаў у Беларусі. І мы тлумачым нашым саюзьнікам, што ня будзе ўстойлівага міру, пакуль Беларусь будзе заставацца пад кантролем Лукашэнкі ці Пуціна. Таму нам, беларусам, трэба дапамагчы, каб Беларусь стала незалежнай, дэмакратычнай і праэўрапейскай.

— Хачу ўдакладніць. Вы сказалі, што калі ня будзе прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў наўпрост на перамовах, то вашы партнэры павінны вашу пазыцыю данесьці. Каго вы маеце на ўвазе? Прадстаўнікоў якіх краінаў, якіх структураў?

— Мы размаўляем пра гэта з усімі нашымі партнэрамі. Гэта і ЗША, і Канада, і Вялікая Брытанія, і краіны Эўразьвязу. Залежыць ад таго, хто будзе прысутны на гэтых перамовах. Усе ведаюць нашу пазыцыю.

— Якая імавернасьць таго, што Зянон Пазьняк мае быць там прадстаўлены як той, хто будзе абараняць інтарэсы Беларусі «да апошняй кроплі крыві»?

— Можа, у Зянона Станіслававіча свае дамоўленасьці — можа з Украінай, можа з заходнімі партнэрамі, можа яшчэ з кім. Ня ведаю. Але я ведаю, што Зянон Станіслававіч таксама бароніць незалежнасьць Беларусі, яго голас мог быць таксама ўлічаны.

— Паводле журналістаў Свабоды, слова 2024 году — інкамунікада. Адсутнасьць інфармацыі і кантактаў з палітвязьнем. Слова, якое другі год вызначае жыцьцё родных палітвязьняў, і ваша ў тым ліку. Лукашэнка ў 2024 годзе агулам памілаваў больш за 200 палітвязьняў, пры гэтым рэпрэсіі не спыняюцца і становяцца больш жорсткімі. Ваша ацэнка, якім быў гэты год для палітвязьняў і іх родных?

— Інкамунікада — гэта маё слова таксама. Я з гэтым жыву больш за год ужо. Пазаўчора пісалі ліст тату, і дачка зноў плача, чаму ён не адказвае. Тлумачыш дзіцячымі словамі, што адбываецца ў турмах. 2024 год для беларусаў як унутры краіны, так і за мяжой быў годам вельмі цяжкай працы, гэта быў год пераадольваньня. Нашы людзі застаюцца за кратамі, пры гэтым садзяць усё новых і новых людзей. Мы бачым, што напярэдадні так званых выбараў сытуацыя пагаршаецца. Турмы зноў перапоўненыя. Так званыя памілаваньні... Як можна памілаваць чалавека, які ні ў чым не вінаваты? Так званыя памілаваньні не зьмянілі агульную сытуацыю, хоць мы, вядома, рады кожнаму, хто выходзіць з-за кратаў...

— Якая была самая сьветлая падзея 2024 году для вас асабіста і для Беларусі?

— Мы рады, што людзі выходзяць з турмаў. Я ўпэўненая, што гэта заслуга нашых аб’яднаных дзеяньняў. Самае важнае, што тыя, хто выйшаў з-за кратаў, такія рашучыя, дзеляцца сваёй энэргіяй, жаданьнем працягваць барацьбу. Так відавочна, што нават засьценкі рэжыму ці зьдзекі ў турмах не скарылі людзей, не прымусілі зьняверыцца. Людзі, якія выходзяць, у вельмі цяжкім псыхалягічным і фізычным стане, але гэтай прагай да перамогі яны дзеляцца з тымі, хто, можа, ужо і рукі склаў. Сьветлыя людзі, якія выходзяць з турмаў, — гэта самая сьветлая падзея.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG