Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». «Я не спэцыялістка ў траўмах Лукашэнкі», — Ціханоўская пра прыход Трампа і «мілітарную апэрацыю» рэжыму


Сьвятлана Ціханоўская, лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі. Рада Эўропы. Ілюстрацыйны каляж
Сьвятлана Ціханоўская, лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі. Рада Эўропы. Ілюстрацыйны каляж

Пагаварылі са Сьвятланай Ціханоўскай у Страсбуры падчас сусьветнага Форуму за дэмакратыю пра тое, як пасьля прыходу Трампа зьменяцца адносіны ЗША з дэмакратычнымі сіламі, пра тое, што варта, а што ня трэба рабіць да выбараў 2025 году, якія носяць несвабодны характар.

Ціханоўская называе кампанію ўладаў «мілітарнай апэрацыяй» і заклікае беларусаў захаваць сябе, пакуль ня зьявіцца акно магчымасьцяў.

Глядзець размову на відэа цалкам


Тут фрагмэнты інтэрвію

— Вы ўжо павіншавалі Дональда Трампа зь перамогай. Падаецца, праз 30 хвілінаў пасьля Ўладзіміра Зяленскага. Як пасьля яго прыходу ў Белы дом зьменяцца адносіны ЗША з дэмакратычнымі сіламі і рэжымам? Падчас першага тэрміну Трампа ў Беларусь прыяжджалі высокія ўрадоўцы ЗША, такія як дарадца прэзыдэнта ЗША па нацбясьпецы Джон Болтан, дзяржсакратар Майкл Пампэо. Вядома, што пасьля званка ўжо былога дзяржсакратара Пампэо вызвалілі палітвязьня Віталя Шклярава. Ці магчымае вызваленьне палітвязьняў падчас новага тэрміну Трампа, калі ўмоўны дзейны ці былы Дзяржсакратар прыедзе ці патэлефануе і папросіць Лукашэнку: вызваляй Сяргея Ціханоўскага, вызваляй Алеся Бяляцкага і іншых палітвязьняў?

— Вызваленьне нашых палітзьняволеных і вызваленьне краіны ад Лукашэнкі залежыць найперш ад беларусаў. Канечне, многія палітыкі могуць рабіць такія рэвэрансы Лукашэнку ці ягонай адміністрацыі, каб вызваліць людзей. Усе гэтыя чатыры гады мы спрабавалі выкарыстаць самыя розныя магчымасьці, каб вызваліць людзей, асабліва тых, хто ў цяжкім стане. Але мы павінны разумець, што пакуль для Лукашэнкі палітвязьні нічога ня значаць, ён будзе набіраць і набіраць новых палітвязьняў. Можна гандляваць палітвязьнямі, хаця ўсе супраць таго, каб гандляваць...

Мы пабачым, якая палітыка будзе ў новай адміністрацыі ў ЗША. Ведаеце, у дэмакратыі ня ўсё залежыць ад аднаго чалавека. У Сэнаце і Кангрэсе ЗША ёсьць шмат прыхільнікаў дэмакратычнай Беларусі. Абедзьве партыі, Дэмакратычная і Рэспубліканская, падтрымлівалі дэмакратычныя сілы. Іх палітыка палягае ў тым, што трэба аказваць ціск на Лукашэнку і падтрымліваць дэмакратычныя сілы.

Мы павінны мець на ўвазе і такія захады, як перамовы па некаторых людзях. Бо гэта чалавечыя жыцьці. Але гэта не павінна ісьці насуперак асноўнай пазыцыі, якая палягае ў тым, што толькі зруйнаваньне дыктатуры можа прынесьці незалежнасьць Беларусі і вызваленьне ўсіх палітвязьняў. Вызваленьне аднаго, двух, сотні чалавек... Гэта вялікая лічба, але мы павінны памятаць, што там тысячы палітвязьняў, і вызваліць павінны ўсіх.

— Сьвятлана, давайце пагаворым пра тое, што адбываецца ў Беларусі падчас кампаніі да выбараў 2026 году. Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар і ўпершыню праходзяць без рэальных апанэнтаў Лукашэнкі. Алена Жываглод, кіраўніца «Сумленных людзей», у інтэрвію Свабодзе казала, што Лукашэнку атачаюць спойлерамі-кандыдаткамі на прэзыдэнта, каб загаіць траўму пасьля Ціханоўскай, якую ён недаацаніў і якой прайграў, найбольш праўдападобна. Ці згодныя вы?

— Я не спэцыялістка, каб разьбірацца ў траўмах Лукашэнкі. Няважна, хто там будзе ў бюлетэнях, людзі разумеюць, што гэта людзі Лукашэнкі. Гэта ні ў якім разе не выглядае як падабенства свабодных выбараў, гэта шоў для самога Лукашэнкі. Усе беларусы ўсё разумеюць. Нашыя дэмакратычныя партнэры ўсё разумеюць. Няўжо ён думае, што калі будзе 7–8 чалавек вакол ягонага прозьвішча, то гэта будзе выглядаць як нешта падобнае да выбараў? Канечне, не. Ён намалюе сабе любую колькасьць галасоў і любую яўку-няяўку, але гэта нічога не мяняе для краіны. Можа, у яго разуменьні тое, што ён выйграў у васьмі спойлераў, узвысіць яго ў ягоных жа вачах...

— Ці можа хаця б гіпатэтычна на іх зьявіцца ўмоўная новая Сьвятлана Ціханоўская?

— Мы бачым, што гэта ўсё нагадвае мілітарную апэрацыю, што ўсё вельмі стэрыльна. Мы бачым павелічэньне рэпрэсій, бачым вельмі брутальныя рэпрэсіі. Гэта ўсё робіцца, каб пасеяць страх, бо Лукашэнка настолькі ня ўпэўнены ў сабе, што нават у атачэньні гэтых спойлераў баіцца людзей. Ён разумее, што ў рэальных выбарах ён бы ніколі не перамог. Я ня думаю, што зараз можа зьявіцца сапраўды альтэрнатыўная асоба ў сучаснай Беларусі.

— Вынік, які агучыць Цэнтравыбаркам пасьля 26 студзеня 2025 году, вядомы. Што ва ўмовах, як вы сказалі, «мілітарнай апэрацыі» могуць зрабіць дэмакратычныя сілы? А што яны ня мусяць рабіць?

— Для мяне галоўнае зараз, каб людзі захоўвалі сябе. Зараз ня той момант, калі трэба выходзіць, калі трэба сабой ахвяраваць. У нас ужо дастаткова палітвязьняў, іх колькасьць павялічваецца кожны дзень. Колькі людзей зьехалі зь Беларусі. Людзі разумеюць, што гэта ня момант пераменаў. Людзі павінны сябе захаваць як мага даўжэй да рэальнага акна магчымасьцей. Мы разумеем, як праходзяць так званыя выбары ў Беларусі. Усё роўна людзей загоняць на ўчасткі , прымусяць запоўніць бюлетэнь, і таму мы прапануем людзям самае бясьпечнае — паставіць птушку супраць усіх. Гэта ні ў якім разе не галасаваньне. Гэта адзіны магчымы спосаб выказаць сваё «не» дыктатару. Усе разумеюць, што нічога лічыцца ня будзе, што яўка-няяўка не залежыць ад рэальнай колькасьці людзей.

Я бачу зараз дыскусіі ў грамадзтве. Калі ў вас ёсьць магчымасьць не ісьці на выбарчыя ўчасткі, канечне, не ідзіце. Гэта будзе ваша форма пратэсту. Ставіць галачку супраць усіх — таксама форма пратэсту. Не ахвяруйце сабой. Гэта ня той момант.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG