Паводле яго, у пажары пацярпелі 16 чалавек. «Пацярпелых ужо 16. Тры былі цяжкія, зь іх два цяжкія за кошт атручэньня чадным газам і дымам. Вельмі шмат парэзаў, калі людзі самі спрабавалі выбрацца і разьбівалі вакно», — адзначыў Субоцін, яго цытуе БелТА.
Чыноўнік дадаў, што пацярпелі таксама два ратавальнікі, але іх жыцьцю ўжо нічога не пагражае.
Пасьля ліквідацыі пажару ў ГЦ «Беларусь», які адбыўся ў Віцебску 13 сьнежня, ратавальнікі працягвалі абсьледаваць памяшканьні гандлёвага цэнтру, але не знайшлі там людзей.
Старшыня аблвыканкаму падкрэсьліў, што ў пажарных была няпростая праца. «Дзесьці да ночы пажар быў патушаны. Ускладнялася тым, што там было вельмі шмат драўляных канструкцыяў, вельмі шмат плястыку», — расказаў ён.
Учора на ліквідацыі пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры «Беларусь», які ахапіў 2 тысячы квадратных мэтраў, працавалі 90 працаўнікоў МНС і 21 адзінка спэцтэхнікі. З будынка эвакуавалі 215 чалавек. МНС паведаміла пра пажар 13 сьнежня а 16.34 па беларускім часе, пра яго ліквідацыю — у 22.07, то бок каб патушыць пажар, ратавальнікам спатрэбілася каля 5,5 гадзінаў.
Па факце пажару ў гандлёвым цэнтры «Беларусь» завялі крымінальную справу па ч.2 арт.304 Крымінальнага кодэксу Беларусі (парушэньне патрабаваньняў пажарнай бясьпекі, якое пацягнула па неасьцярожнасьці прычыненьне ўрону ў буйным памеры). Сьледчыя адбіраюць неабходную дакумэнтацыю, дапытваюць сьведкаў і пацярпелых, паведамілі ў СК.
Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў апублікаў фота з гандлёвага цэнтру пасьля здарэньня:
Уладальнік гандлёвага цэнтру «Беларусь» Віктар Вялюга паабяцаў зрабіць «усё неабходнае, каб людзі не засталіся без магчымасьці працаваць».
«Камусьці будуць прадстаўленыя хуткім часам месцы ў іншых гандлёвых цэнтрах, — сказаў ён. — Па матэрыяльных каштоўнасьцях мы нейкім чынам будзем вырашаць, каб пайсьці насустрач і зрабіць або прадастаўленьне без арэнды памяшканьняў, або кампэнсаваць. Але гэта трэба ўсё глядзець».
Увечары 13 сьнежня начальнік галоўнага ўпраўленьня па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі паведаміў, што па мэдыцынскую дапамогу пасьля пажару зьвярнуліся 15 чалавек. Дзевяць зь іх даставілі машынамі хуткай мэдычнай дапамогі. Шпіталізавалі 12 чалавек, што трое пацыентаў праходзяць лекаваньне амбуляторна.
Форум