Пра гэта перадаюць праўладныя тэлеграм-каналы, адзначаюць праваабаронцы. Паведамляецца, што «Вольным купалаўцам» МУС даў гэты статус «за арганізацыю дзейнасьці па падрыхтоўцы зьдзяйсьненьня замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асобаў».
Адзін з «вольных купалаўцаў», актор Алег Гарбуз, пракамэнтаваў гэтае рашэньне для Свабоды наступным чынам:
«Назва нашай апошняй прэм’еры прагучала як пытаньне.
„Экстрэмісты“? — сказалі мы.
„Экстрэмісты“! — адказалі нам з-за мяжы.
Што тут сказаць. Трапілі ў абсалютна душэўную кампанію прыстойных людзей. Ацанілі, можна сказаць, па заслугах. Ну, і дзякуй за рэкляму!»
15, 16 і 17 кастрычніка ў Варшаве на сцэне Драматычнага тэатру прайшлі прэм’ерныя спэктаклі паводле п’есы Юлі Цімафеевай «Экстрэмісты». Наступныя прэм’ерныя паказы адбудуцца 20 і 21 сьнежня.
- Пасьля масавых пратэстаў, якія сталі рэакцыяй на сфальсыфікаваныя прэзыдэнцкія выбары 2020 году і гвалт з боку сілавікоў, сярод іншых пад рэпрэсіі трапіла багата дзеячоў культуры. Многія звольніліся на знак пратэсту, былі вымушаныя пакінуць краіну. Адзін з найбольш паказальных прыкладаў — трупа Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Янкі Купалы, большасьць якой падтрымала прыхільнікаў перамен.
- «Вольныя Купалаўцы» — аб’яднаньне былых актораў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія пакінулі Беларусь пасьля пратэстаў 2020 года. Цяпер яны выступаюць у Польшчы і гастралююць па Эўразьвязе. Купалаўскі тэатр узначальваў Павал Латушка, які перайшоў у апазыцыю да ўлады на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў на карысьць Аляксандра Лукашэнкі.
- «Экстрэмісцкім фармаваньнем» упершыню прызналі тэатральную трупу.
Форум