Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая зноў падала ў ЦВК дакумэнты для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 22 па 31 сьнежня пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты, з 1 па 25 студзеня 2025 году — перадвыбарная агітацыя. Асноўны дзень галасаваньня прызначаны на 26 студзеня 2025 году. Выбары ў Беларусі пры Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Былая актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая падала дакумэнты для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.

Як паведаміла прэс-служба Цэнтральнай выбарчай камісіі, Канапацкая стала чацьвёртым прэтэндэнтам на прэзыдэнцкую пасаду, якія падалі дакумэнты ў ЦВК. Пакуль гэтага не зрабіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле афіцыйных вынікаў выбараў 2020 году, Канапацкая набрала 1,68% галасоў. У жніўні 2020 году яна падала скаргу ў Вярхоўны суд, каб аспрэчыць вынікі выбараў.

Пасьля масавых пратэстаў у Беларусі 2020–2021 гадоў, зьняволеньня ці эміграцыі большай часткі апазыцыйных палітыкаў Ганна Канапацкая засталася ў Менску. Яе запрашалі на афіцыйныя падзеі ў Палату прадстаўнікоў (2022) і на Ўсебеларускі народны сход (2021).

Цяпер Канапацкая крытыкуе ўсе прадэмакратычныя сілы, у тым ліку Сьвятлану Ціханоўскую і ўсіх іншых палітыкаў у эміграцыі.

Хто яшчэ падаўся

11 снежня дакумэнты падаў старшыня праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч. Перад ім у той жа дзень неабходныя паперы ў ЦВК занёс кіраўнік Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Аляксандар Хіжняк. Раней гэта зрабіў лідэр Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў.

Тэрмін падачы дакументаў заканчваецца 21 снежня.

Рашэньне аб рэгістрацыі кандыдата будзе прымацца пры наяўнасці патрэбных дакументаў, а таксама пратаколаў абласных і Менскай гарадской выбарчых камісій, якія пацьвярджаюць наяўнасьць ня менш як 100 тысяч подпісаў выбарнікаў, сабраных за вылучэньне.

З 1996 году ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

  • З 22 па 31 сьнежня пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты, з 1 па 25 студзеня 2025 году — перадвыбарная агітацыя. Асноўны дзень галасаваньня прызначаны на 26 студзеня 2025 году.
  • З 1996 году ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі незалежныя назіральнікі не прызнавалі празрыстай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.
  • Працэс падрыхтоўкі да сёмых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, прызначаных на 26 студзеня 2025 году, праходзіць пад кантролем уладаў, палітычнае поле краіны зачышчанае ад актыўных апанэнтаў Лукашэнкі.
  • Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, «спэцапэрацыяй па ўтрыманьні ўлады», праваабаронцы звяртаюць увагу на імітацыю канкурэнцыі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG