Партрэт Кастуся Каліноўскага прыбралі з падручніка гісторыі для 11 клясы, паўстаньне 1863 году «апісваецца максымальна нэўтральна, безь якіх-небудзь характарыстык», гаворыцца ў дасьледаваньні Беларускага інстытута публічнай гісторыі «Беларускія падручнікі па гісторыі як люстэрка дзяржаўнай гістарычнай палітыкі», піша «Позірк».
Прэзэнтацыю дасьледаваньня правёў 12 сьнежня гісторык Аляксей Ластоўскі. Ён адзначыў, што партрэт Кастуся Каліноўскага быў на старонках падручніка гісторыі для 11 клясы з часоў БССР, але цяпер яго прыбралі.
Паводле Ластоўскага, у школьных падручніках сёньня няма згадкі пра газэту «Мужыцкая праўда», якую выдавалі ўдзельнікі паўстаньня, нічога не гаворыцца пра «Лісты з-пад шыбеніцы» — лісты Каліноўскага, якія ён пісаў з турмы ў Вільні перад пакараньнем сьмерцю ў 1864 годзе. «Ня згадваюцца і спрэчкі аб статусе Літвы», — кажа гісторык.
«БНР у падручніках таксама апісваецца нэўтральна. У падручніку сказана, што рэалізаваць ідэі аб нацыянальнай свабодзе і дзяржаўнай самастойнасьці ў БНР не атрымалася. Што рэальнай дзяржавай БНР ня стала, паколькі цалкам падпарадкоўвалася нямецкай акупацыйнай адміністрацыі і дзейнічала ў рамках устаноўленых кампэтэнцыяў», — адзначыў Ластоўскі.
Неўтральнай, паводле яго, зьяўляецца ў падручніку і «ўстаўка пра зьяўленьне бел-чырвона-белага сьцяга».
Калі казаць пра гісторыю рэпрэсіяў у СССР, яны ў падручніку згадваюцца ў асобным разьдзеле, але там няма згадкі гісторыі Курапатаў, зьвярнуў увагу аўтар дасьледаваньня.
Ён таксама адзначыў «прынцыповую антыпольскасьць» у падручніку па гісторыі для 11 клясы.
Апісваючы становішча жыхароў заходнебеларускіх зямель у складзе Польшчы паміж Першай і Другой сусьветнымі войнамі, аўтары падручніка робяць акцэнт на «прымусовай паланізацыі насельніцтва, ваеннай дыктатуры, нацыянальным прыгнёце, паліцэйскім тэроры». «А польская „Армія Краёва“ [якая дзейнічала падпольна ў 1942–1945 гадах] прыраўноўваецца да гітлераўскіх карнікаў», — адзначыў Ластоўскі.
«Калі казаць пра Літву і стаўленьне да яе, дык пасьля 1996 году ВКЛ уяўлялася ў падручніках дзяржавай літоўскіх фэадалаў, стаўленьне было варожым, быццам літоўцы такія ж карнікі, як палякі. Калі казаць пра сёньня, дык у падручніках для 10 клясы і ў падручніку для 6 клясы пад рэдакцыяй Ігара Марзалюка (праўладны гісторык, дэпутар Палаты прдстаўнікоў — рэд.) ВКЛ — поліэтнічная дзяржава, створаная разам беларусамі і літоўцамі. І падкрэсьліваецца важная роля Навагрудка ў стварэньні ВКЛ, падкрэсьліваецца беларускі характар ВКЛ», — адзначыў сьпікер.
Пэрыяд кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ў падручніках прадстаўлены «ў храналягічным парадку, без аналізу і ацэнак», адзначыў Ластоўскі.
Падзеі 2020 году ў падручніку апісваюцца суха: «Шостыя прэзыдэнцкія выбары прайшлі 9 жніўня 2020 году. Зь пяці кандыдатаў, паводле зьвестак ЦВК, дзейны прэзыдэнт атрымаў падтрымку 80,1% выбарнікаў», — гаворыцца ў падручніку.
- Ідэалягізацыя школьнай адукацыі ў Беларусі ўзмацнілася пасьля падзеяў 2020 году.
- Сёлета ў верасьні школьнікі пачалі навучацца па тых жа праграмах, што і летась, аднак зьявіліся некаторыя факультатыўныя заняткі з акцэнтам на «выхаваньне патрыятызму». Напрыклад, уведзены факультатыў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» для 8-х (9-х) клясаў у рамках пагадненьня паміж дзяржавай і Беларускім экзархатам Рускай праваслаўнай царквы. Дэ-факта гэта працяг факультатыва для навучэнцаў, якія пачалі яго наведваць пасьля ўкараненьня ў 2021 годзе, будучы ў 5-ай (6-ай) клясе.
- У гэтым навучальным годзе ва ўсіх класах школ штомесяц праходзіць інфармацыйная гадзіна «Генацыд беларускага народа». Для падобных заняткаў у 2023 годзе выдалі падручнікі «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Зьявіліся адпаведныя дапаможнікі асобна для 1-4-х, 5-9-х і 10-11-х клясаў. Пры вывучэньні названай тэмы ўлады праводзяць паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года на карысьць Лукашэнкі.
Форум