Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арэшнік» у Беларусі: яшчэ больш залежнасьці, яшчэ менш сувэрэнітэту


Мясцовыя жыхары непадалёк ад месца ўдару расейскай ракеты «Арэшнік», Дніпро, Украіна, 21 лістапада 2024
Мясцовыя жыхары непадалёк ад месца ўдару расейскай ракеты «Арэшнік», Дніпро, Украіна, 21 лістапада 2024

Разьмяшчэньне ракет «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі паглыбляе вайсковую і палітычную залежнасьць краіны ад Расеі.

Сьцісла

  • Паводле заяваў Лукашэнкі і Генштабу Беларусі, разьмяшчэньне ў краіне ракет «Арэшнік» — адказ на пляны ЗША разьмясьціць у 2026 годзе ў Нямеччыне ракеты сярэдняй далёкасьці.
  • Гэтае стратэгічнае дужаньне паміж Расеяй і NATO паказвае, што Беларусь нават ня пешка, а клетка на сусьветнай «шахматнай дошцы».
  • Згода на разьмяшчэньне «Арэшнікаў» у Беларусі адпавядае наратыву Лукашэнкі наконт «прыкрыцьця сьпіны Расеі» і ўстрыманьня ад прамога ўдзелу беларускага войска ў вайне.
  • Выдаткі Беларусі на абарону, заплянаваныя ў бюджэце на 2025 год, ня сьведчаць аб падрыхтоўцы да прамога ўдзелу ў вайне.

Ракетны комплекс «Арэшнік» будзе разьмешчаны ў Беларусі ў адказ на пляны ЗША разьмясьціць у Нямеччыне ракеты сярэдняй далёкасьці. Пра гэта 7 сьнежня паведаміў намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Сяргей Лагадзюк.

Падобнае ж тлумачэньне прывёў 10 сьнежня і Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад супрацоўнікамі барысаўскага заводу «Пажзаб». «Амэрыканцы заўтра зь немцамі, яны пра гэта заявілі, будуць на ўзбраеньне ў Эўропе ставіць такую зброю — сярэдняй далёкасьці. Гэта не „Арэшнік“, але сярэдняй далёкасьці. Мы ў адказ гэта робім», — заявіў ён.

6 сьнежня, адразу пасьля пасяджэньня дзяржсавету саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, Лукашэнка тлумачыў патрэбу Беларусі ў «Арэшніку» іншым — канцэнтрацыяй войскаў на межах зь Беларусьсю ў Літве і Польшчы і істотным ростам польскіх вайсковых выдаткаў.

Варта адзначыць, што не існуе ніякіх плянаў разьмясьціць амэрыканскія ракеты сярэдняй далёкасьці ў краінах NATO, якія мяжуюць зь Беларусьсю.

Тлумачэньне, дадзенае Лукашэнкам 6 сьнежня, хоць неяк прывязвала плян разьмясьціць у Беларусі «Арэшнікі» да патрэбаў яе прамой бясьпекі, няхай і вельмі своеасабліва ўсьвядомленых. Але трактоўка, агучаная і Лагадзюком, і Лукашэнкам учора, паказвае, што гэта крамлёўская гульня на сусьветнай «шахматнай дошцы».

Аб плянах разьмясьціць у Нямеччыне амэрыканскія ракеты сярэдняй далёкасьці было абвешчана падчас вашынгтонскага саміту NATO ў ліпені сёлета. Тэрмін рэалізацыі гэтых плянаў — 2026 год.

Напэўна, гэтым няблізкім тэрмінам тлумачыцца і тое, што Ўладзімір Пуцін паабяцаў разьмясьціць у Беларусі «Арэшнік» ня ў хуткім часе, а ў другой палове наступнага году. Такі працяглы тэрмін рэалізацыі дае магчымасьць патаргавацца: Масква прапануе NATO ўзважыць, пры якім варыянце Эўропа будзе ў большай бясьпецы — з ракетамі сярэдняй далёкасьці ў Нямеччыне і «Арэшнікамі» ў Беларусі, ці калі адпаведных ракетаў ня будзе ні там, ні там.

І ў гэтых стратэгічных «шахматах» Беларусь нават ня пешка, а ўсяго толькі клетка на дошцы. І крамлёўскі гулец паказвае гульцу вашынгтонскаму пагрозу заняць гэтую клетку сваёй фігурай.

З улікам гэтага выглядаюць даволі недарэчнымі ўмовы, якімі Лукашэнка суправадзіў сваю прапанову разьмясьціць у Беларусі «Арэшнікі» — каб цэлі вызначаў беларускі бок. З пункту гледжаньня піяру, дэманстрацыі сваёй значнасьці гэты «ўльтыматум» Лукашэнкі быў крокам цалкам дарэчным. І адказам на яго стала рахманая «згода» Пуціна.

Лукашэнка падыграў Пуціну, выдаючы згоду на разьмяшчэньне «Арэшнікаў» за ўласную прапанову. А Пуцін падыграў Лукашэнку, даючы апошняму магчымасьць стварыць уражаньне, што і ягоны палец будзе на «чырвонай кнопцы» расейскай стратэгічнай зброі.

Напярэдадні пасяджэньня дзяржсавету саюзнай дзяржавы ў Менску выказваліся асьцярогі, што на ім будзе прынятае рашэньне аб уступленьні Беларусі ў вайну сваім войскам. Дарэчы, падчас пасяджэньня была падпісаная дамова аб узаемных гарантыях бясьпекі Беларусі і Расеі. Дакумэнт не абнародаваны. Але, паводле зьвестак ініцыятывы колішніх супрацоўнікаў беларускіх сілавых структураў BelPol, дамова прадугледжвае, што яе ўдзельнікі маюць дапамагаць адзін аднаму ўсімі сродкамі ў выпадку «пагрозы сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, зьнешняй мяжы Саюзнай дзяржавы і (або) канстытуцыйнаму ладу РФ і РБ з боку трэціх дзяржаў, іх аб’яднаньняў, тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый і груп».

Наступствам падобнай дамовы паміж РФ і КНДР стаў удзел паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у вайне Расеі з Украінай. Але варта адзначыць, што магчымасьць і нават абавязак дапамагаць адзін аднаму, у тым ліку і збройна, прадугледжваюць і дамова аб саюзнай дзяржаве, і дамова аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Але значэньне маюць не юрыдычныя формулы, а палітычныя рашэньні. Вельмі хацела б Масква з вайсковых ці палітычных меркаваньняў, каб беларусы ваявалі, — дык і ваявалі б і без дамовы аб узаемных гарантыях бясьпекі. А ня будзе ў яе на гэта вялікага жаданьня — дык ня будуць ваяваць і з дамовай.

І сюжэт з разьмяшчэньнем у Беларусі «Арэшнікаў» тлумачыць, чаму, хутчэй за ўсё, ня будуць ваяваць і з дамовай. Наратыў Лукашэнкі адносна вайны — Беларусь «прыкрывае сьпіну Расеі», забясьпечвае абарону саюзнай дзяржавы на вонкавым пэрымэтры, на межах з краінамі NATO. І гэтым, паводле яго, роля Беларусі ў вайне і абмяжоўваецца.

Разьмяшчэньне ў Беларусі «Арэшнікаў» насамрэч адпавядае гэтаму наратыву «прыкрываньня сьпіны Расеі» і падмацоўвае яго. Ня тое каб гэта цалкам выключала ўдзел беларускага войска ў вайне. Але не зусім яму адпавядае.

Не адпавядаюць яму і лічбы выдаткаў на нацыянальную абарону, закладзеныя ў беларускім бюджэце на 2025 год. У параўнаньні з 2024 годам прадугледжаны рост гэтых выдаткаў амаль на траціну, аднак доля вайсковых выдаткаў адносна ўсіх выдаткаў бюджэту ў Беларусі складзе 9% (у бюджэце на 2024 год — 7,9%).

Для параўнаньня: у Польшчы ў 2025 годзе абарончыя выдаткі складуць 20% ад усіх бюджэтных выдаткаў (у 2024 — 13%), у Расеі — 32,5% (у 2024 — 29,4%).

Расея мае бюджэт краіны, якая ваюе. Польшча мае бюджэт краіны, якая асьцерагаецца нападу. У Варшаве лічаць, што Расея можа не спыніцца ва Ўкраіне, а пайсьці ў сваёй ваеннай экспансіі далей.

Лукашэнка 6 сьнежня, гаворачы пра пагрозу з боку Польшчы, спытаў: «Калі яны жадаюць у міры з намі жыць, як яны заяўляюць, навошта тады марнаваць мільярды даляраў на ўзбраеньне?». Адказ відавочны. Таму што ёсьць Расея, якая «марнуе на ўзбраеньне» яшчэ больш мільярдаў, якая ваюе і ў значнай ступені кантралюе суседнюю з Польшчай Беларусь.

Але параўнаньне бюджэтных абарончых выдаткаў трох краінаў паказвае, што Беларусь у любым выпадку не рыхтуецца да вайны. І ў пэўнай ступені наратывам «прыкрываньня сьпіны Расеі» Лукашэнка прыкрывае ўласную сьпіну ад прамога ўцягваньня Беларусі ў вайну.

Хаця ўсё мае сваю цану. І шчодры дазвол на разьмяшчэньне «Арэшнікаў» яшчэ глыбей уцягвае Беларусь у расейскую ваенную машыну, паглыбляе вайсковую і палітычную залежнасьць ад Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG