Дэталі магчымых абмежавальных мер яшчэ прапрацоўваюцца, паведамляе Bloomberg з спасылкай на крыніцы. Аднак, паводле крыніц, яны могуць закрануць некаторыя віды экспарту расейскай нафты.
Як адзначае Bloomberg, Джо Байдэн раней пазьбягаў гэтага кроку, бо баяўся, што гэта можа справакаваць скачок цэнаў на энэрганосьбіты. Аднак на фоне зьніжэньня цэнаў на нафту і росту асьцярог, што абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп можа паспрабаваць прымусіць Украіну заключыць хуткую ўгоду з Расеяй, Белы дом гатовы разгледзець больш жорсткія захады.
Адным з варыянтаў шырэйшых санкцыяў магло б стаць увядзеньне абмежаваньняў, аналягічных тым, якія дзейнічаюць у дачыненьні да іранскай нафты. У гэтым выпадку пакупнікі нафты сутыкнуцца з санкцыямі ЗША. Аднак, як адзначае Bloomberg, такія меры спалучаныя з рызыкай, улічваючы, што асноўнымі спажыўцамі расейскай нафты зьяўляюцца такія краіны, як Індыя і Кітай. Гэтыя абмежаваньні таксама могуць прывесьці да рэзкага росту цэнаў на нафту ў кароткія тэрміны.
Адміністрацыя Джо Байдэна таксама разглядае ўвядзеньне новых санкцый, накіраваных на «ценявы флёт», які Расея выкарыстоўвае для транспартаваньня нафты. Аб гэтых мерах Белы дом можа аб’явіць у наступныя тыдні. Эўрапейскі зьвяз таксама плянуе ўвесьці аналягічныя захады ў дачыненьні да «ценявага танкернага флёту» Расеі да канца года.
Пасьля перамогі на прэзыдэнскіх выбарах Дональда Трампа каманда Байдэна паскорыла адпраўку вайсковай дапамогі Ўкраіне, дала Кіеву дазвол на прымяненьне далёкабойных ракет ATACMS па цэлях на тэрыторыі Расеі, санкцыянавала перадачу Ўкраіне супрацьпяхотных мінаў, а таксама ўвяла новыя санкцыі ў дачыненьні да Масквы. У прыватнасьці, супраць «Газпромбанка», што можа ўскладніць экспарт газу з Расеі, даходы ад якога расейскія ўлады выкарыстоўваюць для фінансаваньня вайны.
Да сваёй перамогі на выбарах Трамп абяцаў пакласьці канец вайне ва Ўкраіне, як ён тады казаў, «за 24 гадзіны» і яшчэ да сваёй інаўгурацыі ў студзені.
Форум