Агрэсіўная рыторыка Аляксандра Лукашэнкі зьяўляецца «працягам палітыкі Крамля ў нагнятаньні ядзернай ваеннай гістэрыі», якая накіравана на тое, каб «запалохаць Захад і скараціць яго падтрымку Ўкраіны», мяркуе амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW).
Такім чынам ISW адрэагаваў на заявы Лукашэнкі 10 сьнежня ў Барысаве (Менская вобласьць).
На сустрэчы з работнікамі барысаўскага прадпрыемства «Пажзаб» Лукашэнка заявіў, што «ўвёз ядзерныя боегалоўкі» ў Беларусь («не адзін дзясятак штук»), а яго праціўнікі «прамаргалі», «нават не заўважылі», як зброя была дастаўленая ў краіну. Ён чарговы раз прыстрашыў «усіх сваіх ворагаў, „сяброў“ і сапернікаў», што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі «адказ будзе імгненным».
Лукашэнка таксама заявіў, што ў расейскім ракетным комплексе «Арэшнік» «уся пускавая ўстаноўка беларуская, лякалізацыя найвышэйшая».
«Я яму (прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну) сказаў: «Мы ня ставім пытаньне аб ракеце. Калі трэба, будзем разам рабіць, у нас кампэтэнцый дастаткова ў гэтым пляне, будзем дапамагаць, як па атамнай станцыі. А пускавую ўстаноўку мы зробім — МЗКЦ робіць. І больш сур’ёзныя рэчы робіць. Таму вось давайце разам рухацца», — сьцьвярджае Лукашэнка.
Пуцін, чарговы раз паўтарыў Лукашэнку, пагадзіўся разьмясьціць «Арэшнік» у Беларусі.
«Устаноўку, вядома, мы зробім для сябе самі — пускавую. Ну а ракету бясплатна расіяне нам паставяць. Другая палова наступнага году. Чакаем. Будзем глядзець, што ў нас з гэтага выйдзе. Калі ў нас будзе звычайная такая магутная зброя, перш чым да нас сунуцца з танкамі, якія палякі закупляюць там ад Карэі да Амэрыкі, і нейкімі іншымі БМП, ракетамі, яны моцна падумаюць. Бо адказ будзе сур’ёзны. І сапраўды супраць гэтай зброі проціядзьдзя няма. Яе немагчыма перахапіць, зьбіць і гэтак далей», — заявіў ён.
Паводле Лукашэнкі, у Беларусі «тры дзясяткі пляцовак», якія падыходзяць для разьмяшчэньня «Арэшніка»:
«Вось мы выберам, бо там мінімальная адлегласьць да аб’ектаў паражэньня павінна быць. Разьмесьцім і нацэлім».
Аналітыкі ISW лічаць гэтыя заявы Лукашэнкам сьведчаньнем «далейшага збліжэньня расейскай і беларускай абаронных прамысловых базаў у адпаведнасьці з намаганьнямі Расеі ў паскарэньні паглынаньня Беларусі ў рамкі саюзнай дзяржавы».
9 лістапада Пуцін падпісаў «Асновы дзяржаўнай палітыкі ў галіне ядзернага стрымліваньня», якія, сярод іншага, прадугледжваюць магчымасьць выкарыстоўваць ядзерную зброю ў адказ на агрэсію супраць Расеі і Беларусі.
На пасяджэньні Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы 6 сьнежня ў Менску Пуцін заявіў, што падпісаная ў той жа дзень Дамова аб гарантыях бясьпекі РФ і Беларусі «вызначае ўзаемныя саюзьніцкія абавязаньні ў забесьпячэньні абароны, аховы сувэрэнітэту, незалежнасьці і канстытуцыйнага ладу» дзьвюх краін. Ён у чарговы раз нагадаў, што «гаворка ў тым ліку ідзе і пра расейскую тактычную ядзерную зброю», разьмешчаную, «па прапанове» Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі.
На тым самым паседжаньні Лукашэнка публічна папрасіў разгарнуць у Беларусі «Арэшнік». Пуцін ня выключыў такой магчымасьці.
«Гэта стане магчымым, думаю, у другой палове наступнага году па меры нарошчваньня выпуску такіх комплексаў, сэрыйнага выпуску гэтых комплексаў у Расеі і па меры паступленьня гэтых ракетных сыстэм на ўзбраеньне расейскіх войск стратэгічнага прызначэньня», — сказаў Пуцін.
Упершыню аб жаданьні разьмясьціць «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка заявіў 28 лістапада на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан).
Расея раніцай 21 лістапада нанесла ўдар па ўкраінскім горадзе Дніпро, дзе знаходзіцца завод па вытворчасьці ракетна-касьмічнай і іншай тэхнікі.
Пазьней Пуцін заявіў, што войска Расеі выкарыстоўвала для гэтага балістычную ракету ў бязьядзерным абсталяваньні пад назвай «Арэшнік». Як ён сьцьвярджае, сродкаў для яе перахопліваньня ў сьвеце нібыта не існуе.
Форум