Амэрыканскія войскі застануцца ў Сырыі і пасьля падзеньня рэжыму Башара Асада ў рамках місіі барацьбы з тэрарызмам, накіраванай на зьнішчэньне баевікоў «Ісламскай дзяржавы», заявіў у аўторак высокапастаўлены прадстаўнік Белага дома.
«Гэтыя войскі знаходзяцца там зь вельмі канкрэтнай і важнай прычыны, а ня ў якасьці якога-небудзь прадмета для гандлю», — заявіў намесьнік дарадцы прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Джон Файнэр у інтэрвію на канфэрэнцыі Reuters NEXT у Нью-Ёрку, піша Голас Амэрыкі.
Паводле яго, амэрыканскія войскі «знаходзяцца там ужо амаль дзесяцігодзьдзе або даўжэй, каб змагацца з ІД… мы па-ранейшаму адданыя гэтай місіі».
У 2014 годзе «Ісламская дзяржава» захапіла шырокія тэрыторыі Сырыі і Іраку і абвясьціла ісламскі халіфат, перш чым тэрарысты былі выцесьненыя кааліцыяй пад кіраўніцтвам ЗША к 2019 году.
Сырыйскія паўстанцы без супраціву захапілі Дамаск у нядзелю пасьля вокамгненнага наступу, у выніку якога Башар Асад уцёк у Расею, што спрычынілася да завяршэньня 13-гадовай грамадзянскай вайны і больш як пяці дзесяцігодзьдзяў аўтакратычнага праўленьня сям'і Асадаў.
Вашынгтон зараз разглядае сваю вайсковую прысутнасьць як гарантыю стабільнасьці, нават нягледзячы на тое, што застаецца незразумелым, як новыя кіраўнікі Сырыі ўспрымуць прысутнасьць ЗША на тэрыторыі краіны. Вашынгтон па-ранейшаму лічыць тэрарыстычнай арганізацыяй суніцкую групу «Хаят Тахрыр аш-Шам», якая ўзначаліла паўстанцкія сілы, якія зрынулі рэжым Асада.
«У адносінах да такіх групаў фармальных зьменаў у палітыцы не было, — сказаў Файнэр. — Гэтыя азначэньні не базуюцца на тым, што групоўкі кажуць ці заяўляюць пра свае намеры, а на іх дзеяньнях, таму мы будзем назіраць».
Файнэр дадаў, што адміністрацыя Джо Байдэна знаходзіцца ў кантакце з камандай абранага прэзыдэнта Дональда Трампа і інфармуе яе аб сытуацыі ў Сырыі.
Пра новае кіраўніцтва Сырыі выказаўся і дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Энтані Блінкен.
«Пераходны працэс і новы ўрад таксама павінны прытрымлівацца дакладных абавязаньняў у поўнай павазе правоў меншасьцяў, спрыяць патоку гуманітарнай дапамогі ўсім, хто мае патрэбу, не дапусьціць выкарыстаньня Сырыі ў якасьці базы для тэрарызму або стварэньня пагрозы для яе суседзяў, а таксама пераканацца, што любыя запасы хімічнай або біялягічнай зброі былі выяўленыя і бясьпечна зьнішчаныя».
Дыплямат запэўнівае, што ЗША прызнаюць і «цалкам падтрымліваюць» будучы ўрад Сырыі, які атрымаецца ў выніку дэмакратычнага працэсу, паводле рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН 2254.
Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі
- З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
- Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
- 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
- Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
- На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
- На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
- У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
- 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
- На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
- «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.
Форум