Базай для дасьледаваньня, паводле аўтараў, сталі адказы на пытаньні спэцыяльнай анкеты 39 беларусак, якія апынуліся па-за межамі радзімы пасьля 2020 году, а таксама 8 глыбінных інтэрвію і 4 інтэрвію з экспэрткамі ў галіне правоў жанчын. Беларускі, якія пагадзіліся на апытаньне, жывуць у Польшчы, Літве, Грузіі, Нямеччыне, ЗША і Нідэрляндах. 53% зь іх — ва ўзросьце ад 25 да 34 гадоў, 28% працуюць у сфэры адукацыі, столькі ж у недзяржаўных грамадзкіх арганізацыях, 17% — у IT, 10% — у журналістыцы, яшчэ па 5% — у бізнэсе і культуры. Апытаньне праводзілі ананімна ў 2024 годзе.
Тэрмінам «харасмэнт» аўтары справаздачы абазначаюць вялікі сьпіс дзеяньняў адносна жанчын на іхных працоўных месцах, у тым ліку прыніжэньні паводле гендэрнай прыкметы, дамаганьні, запалохваньні гвалтам і сам гвалт.
Паводле аўтараў справаздачы, дадатковым штуршком да яго правядзеньня стаў выпадак зь беларускай эмігранткай Лізаветай, якая была згвалтаваная і памерла ў Варшаве ў лютым 2024 году. Беларуская супольнасьць за мяжой, мяркуюць дасьледчыкі, апынулася ў новай рэальнасьці, у якой ціск традыцыйных сацыяльных нормаў аслабеў, а глябальны парадак дня аб правах чалавека і гендэрнай роўнасьці зрабіўся бліжэйшы.
Больш за палову апытаных сутыкаліся з харасмэнтам на працы
На пытаньне «Ці сутыкаліся вы з харасмэнтам у вашым прафэсійным асяродзьдзі: дыскрымінацыяй, маральным ціскам (булінгам), дзеяньнямі сэксуалізаванага характару?» 56,1% апытаных адказалі, што мелі такі досьвед, а 43,9% рэспандэнтак — што не сутыкаліся з харасмэнтам. Аднак дасьледчыкі адзначаюць, што ў далейшым, адказваючы на ўдакладняльныя пытаньні, 79% усіх рэспандэнтак прызналі, што хаця б раз у жыцьці зазнавалі той ці іншы від харасмэнту.
Сярод найбольш распаўсюджаных формаў сэксуалізаваных дамаганьняў у дачыненьні да сябе апытаныя называлі сэксуалізаваныя камэнтары і фізычны кантакт бяз згоды.
На пытаньне «Ці сутыкаліся вы з сэксуалізаваным дамаганьнем?» адказы былі наступныя:
- 26,9% адказалі, што сутыкаліся з сэксуалізаванымі камэнтарамі ў дачыненьні да сябе або сваіх асабістых адносінаў,
- 19,2% — зь фізычным кантактам бяз згоды (абдымкі, спроба пацалаваць, дотыкі да інтымных месцаў, іншае),
- 17,3% — з дакучлівай увагай (пытаньні асабістага характару, якія ня тычацца працы, павышаная ўвага),
- 11,5% згадалі пра асабістыя запрашэньні ў рэстаран, нумар гатэля або месца, дзе вы будзеце ўдваіх,
- 9,6% — выпадкі сэксуалізаваных жэстаў ці мімікі ў дачыненьні да сябе,
- 7,7% — сэкс без сваёй выяўленай згоды,
- 5,8% — сэксуалізаваныя паведамленьні або фатаздымкі,
- 1,9% — прапанова сэксу (на сумоўі, у службовай выправе, на працы і г.д.).
Як зазначаюць дасьледчыкі, прапанова ўступіць у інтымную сувязь узамен кар’ерных магчымасьцяў зусім ня згадвалася. На думку аўтараў, гэта можа гаварыць або пра недастатковую гатовасьць рэспандэнтак раскрываць такія выпадкі, або пра іх адсутнасьць у названых сфэрах.
65% рэспандэнтак змаглі пазначыць актара харасмэнту. Сярод іх 69% назвалі актарам харасмэнту кіраўніка, 31% — калегу па працы.
Больш за палову апытаных не казалі нікому пра выпадкі харасмэнту, якія зь імі здарыліся
На пытаньне «Ці казалі вы каму-небудзь пра выпадкі харасмэнту?» адказы рэспандэнтак разьмеркаваліся гэтак:
- Так — 44%
- Не, усё роўна нічога ня зьменіцца — 26%
- Не, баялася наступстваў — 15%
- Не, ня ведала, каму расказаць — 9%
- Не, тады не лічыла праблему сур’ёзнай — 6%
Паводле дасьледчыкаў, гэтыя зьвесткі паказваюць, што толькі крыху менш за палову пацярпелых (44%) знаходзілі ў сабе сьмеласьць або магчымасьць падзяліцца тым, што здарылася. «Астатнія адказы дэманструюць значны ўзровень недаверу да сыстэмы рэагаваньня, нармалізацыю з боку грамадзтва праяваў харасмэнту, страх перад наступствамі, а таксама недахоп дасьведчанасьці пра мэханізмы дапамогі і падтрымкі ахвяраў харасмэнту». Пры гэтым 17% апытаных, якія пацярпелі ад харасмэнту, расказалі пра тое, што здарылася, блізкім.
Рэакцыя кіраўніцтва на харасмэнт на працы, як правіла, неэфэктыўная, або яе зусім няма
На пытаньне «Якая была рэакцыя кіраўніцтва, калі вы паведамлялі пра выпадак харасмэнту?» адказы былі такія:
- Прынялі меры, але гэта нічога не зьмяніла — 33%
- Праігнаравалі — 23%
- Прынялі меры — 17%
- Сказалі, што гэта ня варта ўвагі — 5%
- Ціснулі — 5%
Гэтыя вынікі сьведчаць пра тое, што ў большасьці выпадкаў рэакцыя кіраўніцтва была або неэфэктыўная, або адсутнічала зусім. Толькі 17% апытаных адзначылі, што захады сапраўды былі зробленыя. Аднак у 33% выпадкаў, нягледзячы на зробленыя захады, сытуацыя засталася бязь зьменаў.
У гэтых прыкладах выразна вылучаюцца тры ключавыя праблемы, адзначаюць «Прававая ініцыятыва» і праваабаронца Наста Базар:
- Злоўжываньне ўладай і парушэньне субардынацыі. Многія актары харасмэнту выкарыстоўваюць сваё прафэсійнае становішча для ціску.
- Маніпуляцыі праз уразьлівасьць пацярпелай. Гэта тычыцца як выкарыстаньня алькаголю, так і шантажу звальненьнем.
- Адсутнасьць мэханізмаў абароны ахвяраў харасмэнту. Шмат якія сытуацыі можна было б папярэдзіць, калі б існавалі дзейныя інструмэнты перадухіленьня і пакараньня падобных дзеяньняў.
72,5% лічаць харасмэнт распаўсюджанай зьявай
Таксама дасьледчыкі паспрабавалі адмыслова вывучыць тое, як выпадкі харасмэнту ўспрымаюцца ў беларускай супольнасьці на эміграцыі. 45% апытаных назвалі харасмэнт сур’ёзнай праблемай у беларускім грамадзтве на эміграцыі. Яшчэ 27,5% адказалі «хутчэй так» на пытаньне, ці бачаць яны ў харасмэнце сур’ёзную праблему, 22,5% — «хутчэй не». 5% ня лічаць харасмэнт сур’ёзнай праблемай у беларускім грамадзтве на эміграцыі.
Большасьць апытаных (72,5%) лічаць, што харасмэнт — распаўсюджаная зьява ў беларускім грамадзтве на эміграцыі.
Апытаныя адзначалі, што імавернасьць харасмэнту вышэйшая ў калектыве з мужчынскім кіраўніцтвам, а пагатоў там, дзе «мужчыны займаюць кіроўныя пазыцыі».
Эміграцыя як абцяжлівы фактар
Ва ўмовах эміграцыі ў жанчын узмацняецца пачуцьцё ўразьлівасьці. Многія зь іх сутыкаюцца з адчуваньнем беспакаранасьці актараў харасмэнту, адзначаюць дасьледчыкі. «У эміграцыі яны адчуваюць, што ім нічога ня будзе», — падзялілася назіраньнем апытаная беларуска.
«Фінансавы момант вельмі важны. Я не магла знайсьці працу, таму працягвала трываць», — казала іншая жанчына.
Паводле дасьледчыкаў, адсутнасьць прававой абароны і размытыя межы адказнасьці ў эміграцыі фармуюць у жанчын пачуцьцё безвыходнасьці.
Таксама ў іх узмацняецца адчуваньне ўразьлівасьці, што прыводзіць да фармаваньня ланцужка асьцярог: выказваньне незадаволенасьці — звальненьне — немагчымасьць знайсьці працу ў пэўнай сфэры. Усё гэта пагаршаецца фінансавай нестабільнасьцю, што падвышае рызыку эксплюатацыі жанчын ва ўразьлівым становішчы.
«У Беларусі пляскаць па азадку і хапаць падначаленых было нормай»
Дасьледчыкі праблемы вызначылі некалькі прычынаў, чаму беларускі працягваюць маўчаць пра харасмэнт.
Асноўная палягае ў тым, што харасмэнт для многіх успрымаўся нормай у Беларусі і застаецца такім у супольнасьцях ва ўмовах эміграцыі. Адзначаецца, што гістарычная цярпімасьць да харасмэнту фармуе культуру маўчаньня, дзе парушэньне асабістых межаў становіцца штодзённасьцю. Гэта добра ілюструе наступны ўспамін адной з апытаных беларусак: «У Беларусі пляскаць па азадку і хапаць падначаленых было нормай».
Таксама важнай прычынай дасьледчыкі называюць боязь за рэпутацыйныя наступствы абнародаваньня фактаў харасмэнту. «Ты баісься, што праз рэпутацыю працы ня знойдзеш», — патлумачыла апытаная беларуска.
Сярод рэкамэндацыяў у абароне ад харасмэнту дасьледчыкі вызначылі найперш такія захады, як павышэньне абазнанасьці аб праблеме харасмэнту і праца над асабістымі межамі, увод структурных зьменаў (прыкладам, абмежаваньні на заняцьце пэўнай пасады ў выпадку зафіксаванага харасмэнту), юрыдычная дапамога, у тым ліку навучаньне жанчын.
«Жанчыны павінны разумець свае правы, быць упэўненымі ў сабе і не баяцца дзейнічаць, калі іх межы парушаныя», — настойваюць аўтары дасьледаваньня.
Са справаздачай «Сэксуалізаваны харасмэнт у беларускай грамадзянскай супольнасьці за мяжой: вынікі апытаньня і рэкамэндацыі», якое падрыхтавалі «Прававая ініцыятыва» і праваабаронца Наста Базар, можна азнаёміцца тут.
Форум