У Сьледчым камітэце Расеі паведамілі аб інцыдэнце ў цэнтры акупаванага Данецку, калі ў выніку выбуху аўтамабілю пацярпелі двое, мужчына і жанчына.
«Высьвятляюцца ўсе абставіны здарэньня», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Сьледчыя і крыміналісты працуюць на месцы выбуху — праводзяць агляд і комплекс апэратыўна-вышуковых захадаў, прызначаныя шэраг судовых экспэртыз, у тым ліку выбухова-тэхнічная.
У Сьледчым камітэце Расеі не ўдакладнілі імёнаў пацярпелых.
Афіцыйных камэнтароў ва Ўкраіне пакуль няма. У той жа час Пятро Андрушчанка, колішні дарадца мэра Марыюпалю, сьцьвярджае, што загінуў начальнік папраўчай калёніі ў Аленаўцы, дзе ў ліпені 2022 году ў выніку выбуху аднаго з баракаў загінулі ня менш за 50 украінскіх ваеннапалонных з «Азоўсталі». Украінская ўлада абвінаваціла расейскі бок у наўмысным забойстве палонных і спробе дыскрэдытаваць украінскія сілы і пашкодзіць пастаўкам эфэктыўнай зброі ва Ўкраіну.
Паводле Пятра Андрушчанкі, пацярпела і ягоная жонка — ёй адарвала нагу. Яе шпіталізавалі ў вельмі цяжкім стане. Украінскі палітык сьцьвярджае, што да дна машыны Toyota Land Cruiser быў прымацаваны плястыд, прыблізна 100 грамаў у тратылавым эквіваленце.
У кастрычніку 2023 году Маніторынгавая місія ААН у правах чалавека заявіла, што выбухі ў калёніі ў акупаванай Аленаўцы Данецкай вобласьці, у выніку якіх загінулі і былі параненыя ўкраінскія ваеннапалонныя, не былі выкліканыя запускам украінскімі сіламі ракеты HIMARS, як пра гэта заяўляў расейскі бок.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў шэрагу расейскіх і акупаваных украінскіх гарадах у выніку падрыву аўтамабіляў гінулі як расейскія вайскоўцы, так і ўкраінскія калябранты, якія перайшлі на бок Расеі.
Сёлета ў ліпені ў Маскве ў выніку падрыву аўтамабіля пацярпеў, але выжыў афіцэр Галоўнага выведнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Расеі Андрэй Таргашоў.
У красавіку на поўначы Масквы на паркоўцы каля жылога дома на Каровінскай шашы выбухнуў аўтамабіль Land Cruiser, у якім знаходзіўся колішні супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Празораў. Ён таксама пацярпеў, але не загінуў. Выбух адбыўся ў той момант, калі ён толькі садзіўся ў машыну.
Сёлета ў лістападзе ў Севастопалі ад падрыву аўтамабіля загінуў расейскі вайсковец Валерый Транкоўскі, якога ва Ўкраіне абвінавацілі кіраваньні абстрэламі «Калібрамі» Віньніцы ў ліпені 2022 году, калі загінулі 29 мірных жыхароў, а таксама іншых украінскіх гарадоў.
Форум