На сумеснай прэс-канфэрэнцыі са старшынёй Эўрапейскай рады Антонью Кошта, які наведаў Кіеў з афіцыйным візытам, Зяленскі сказаў наступнае:
«Хто будзе за сталом перамоваў? Расея, Украіна і, як я сказаў, Эўрапэйскі Зьвяз і NATO. Таму што мы бачым сябе часткай сыстэмы бяспекі ў гэтых саюзах. І ў гэтым фармаце я разумею, аб чым мы можам дамаўляцца».
Пры гэтым прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што выступае супраць замарожваньня вайны бяз «моцнай пазыцыі для Ўкраіны», бо, на ягоную думку, у адваротным выпадку празь некалькі гадоў Пуцін «зноў вернецца і разбурыць Украіну цалкам». Пад «моцнай пазыцыяй» Зяленскі мае на ўвазе гарантыі бясьпекі ад NATO і Эўразьвязу.
Таксама прэзыдэнт Украіны чарговы раз заявіў, што Кіеў ніколі юрыдычна не прызнае расейскую акупацыю сваіх тэрыторый.
«Гэта нашы землі, гэта нашы людзі. Часова акупаваныя часткі Ўкраіны. Безумоўна, усё гэта вернецца. Вельмі хацелася б, каб большасьць вярнулася дыпляматычным шляхам», — сказаў Зяленскі.
Тэма магчымых перамоваў паміж Украінай і Расеяй усё часьцей абмяркоўваецца ў сусьветных палітычных колах і СМІ.
У Крамлі заяўляюць, што гатовыя дамаўляцца аб міры, але толькі на сваіх умовах, якія, сярод іншага, уключаюць у сябе прызнаньне расейскімі пяці ўкраінскіх абласьцей, прычым нават тыя іх часткі, якія на гэты момант кантралююцца УСУ. У Кіеве лічаць гэтыя ўмовы «абсалютна непрымальнымі».
Форум