Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прапагандысцкі ўдар, дэманстрацыя магчымасьцяў». Экспэрты тлумачаць, навошта Расея выпусьціла па Ўкраіне балістычную ракету «Арэшнік»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Яго трэба спыніць. Калі жорсткай рэакцыі на ўчынкі Расеі няма, значыць, яны бачаць, што так можна». Такімі словамі Ўладзімір Зяленскі адрэагаваў на заяву Ўладзіміра Пуціна пра тое, што Расея ўжыла па Ўкраіне новую балістычную ракету.

Меркаваньні экспэртаў сабралі журналісты «Настоящего времени» Ўладзімір Міхайлаў і Ігар Сяўругін.

Украінскі прэзыдэнт у сацсетках напісаў, што Пуцін зрабіў ужо другі за гэты год крок да эскаляцыі і пашырэньня вайны. Першым крокам, на думку Зяленскага, было прыцягненьне да вайны паўночнакарэйскіх салдат.

Раніцай 21 лістапада Расея нанесла чарговы ўдар па ўкраінскіх гарадах. У Паветраных сілах Украіны паведамілі, што расейскія вайскоўцы запусьцілі па Дняпры міжкантынэнтальную балістычную ракету. Такі тып ракет можа быць патэнцыйным носьбітам ядзернага зарада.

Увечары таго ж дня з заявай выступіў Уладзімір Пуцін. Ён паведаміў, што Расея правяла выпрабаваньне адной з найноўшых балістычных ракет сярэдняй далёкасьці «Арэшнік».

«У адказ на прымяненьне амэрыканскай і брытанскай дальнабойнай зброі 21 лістапада бягучага году расейскія Ўзброеныя сілы нанесьлі камбінаваны ўдар па адным з аб’ектаў абаронна-прамысловага комплексу Ўкраіны», — заявіў Пуцін.

Пра ракету «Арэшнік» у адкрытым доступе няма ніякай інфармацыі. Пэнтагон заявіў, што гэта мадыфікацыя ракеты РС-26 «Рубеж», пра магчымае прымяненьне якой з боку Расеі папярэджвалі раней заходнія СМІ.

Тое, што ўдар па Дняпры нанесьлі ракетай «Рубеж», таксама пацьвердзілі крыніцы выданьня «Українська правда».

Капітан расейскіх вайскова-касьмічных сіл Ільля Туманаў у сваім тэлеграм-канале адзначае, што, верагодна, адбылося першае баявое ўжываньне ракет гэтага тыпу ў гісторыі. Пуск быў зьдзейсьнены з Астраханскай вобласьці, з палігона Капусьцін Яр, дзе і базуюцца ракеты РС-26 «Рубеж». Гэта ракета сярэдняй далёкасьці, яна можа дасягаць цэляў на адлегласьці пяць-шэсць тысяч кілямэтраў. Паводле падлікаў, з Расеі да Дняпра яна даляцела за пяць хвілін, за восем хвілін можа даляцець да Польшчы, за 11 — да Нямеччыны, а за 19 — да Вялікай Брытаніі.

Уладзімір Пуцін назваў сыстэму «Арэшнік» найноўшай распрацоўкай. Тым ня менш некаторыя дэталі, якія знайшлі пасьля нападу ў Дняпры, былі вырабленыя яшчэ ў 90-я гады. Па здымку, апублікаваным СNN, журналіст Радыё Свабода Марк Крутаў выявіў на сайце дзяржзакупак дамову ад 2013 году, якая тычылася сэрыйнай вытворчасьці запчастак да міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты «Булава». Дэталь, пра якую ішла гаворка, вырабляецца на швайцарскім высокадакладным станку «Фельман Піцамакс 54». Сама ракета «Булава» распрацоўвалася яшчэ ў 90-я, а на ўзбраеньне яе прынялі ў 2012 годзе.

Пра ракету «Арэшнік» у этэры «Настоящего Времени» вядучаму Ўладзіміру Міхайлаву расказаў вайсковы аналітык Ян Мацьвееў.

Экспэрт выказаў думку, што гэта, хутчэй за ўсё, буйная балістычная ракета, пераробленая зь міжкантынэнтальнай у ракету сярэдняй далёкасьці, каб «якраз не трапляць у катэгорыю міжкантынэнтальных». Хутчэй за ўсё, паводле ягоных слоў, гэта РС-26 «Рубеж», які працягнулі распрацоўваць і далі яму новую назву.

«Тут такая тонкасьць: раней падобныя ракеты былі забароненыя. ЗША і Расея падпісалі адмысловую дамову — яна дзейнічала да 2019 году — аб тым, што такія ракеты ня будуць вырабляцца і выкарыстоўвацца. Пры гэтым для любых міжкантынэнтальных ракет дзейнічае правіла, што пра іх пускі трэба папярэджваць, пра гэта ўсе, у прынцыпе, ведаюць. Ракеты сярэдняй далёкасьці раней былі забароненыя, а потым дамову разарвалі, і [цяпер] незразумела, трэба папярэджваць ці не. Ракета можа ляцець, відавочна, на некалькі тысяч кілямэтраў. Адпаведна, гэта ня толькі пагроза Ўкраіне, але і пагроза Эўропе».

Ян Мацьвееў таксама расказаў пра пашкоджаньні ад ракеты «Арэшнік». Паводле ягоных слоў, мяркуючы па відэа, згарэў дах аднаго прыватнага дома, але не было магутных выбухаў, дэтанацый, пажару.

«Можна выказаць здагадку, што ўдар быў ня вельмі магутны. Я мяркую, што ў самой ракеце ў гэты момант знаходзілася не баявая частка, а нейкая яе імітацыя, — кажа ваенны аналітык. — У любым выпадку, гэты ўдар быў прапагандысцкі, то бок гэта дэманстрацыя магчымасьцяў».

Раней пра гэта ж у этэры «Настоящего времени» вядучаму Ігару Сяўругіну заяўляў авіяцыйны экспэрт Валерый Раманенка. Паводле яго слоў, тое, што адбываецца, варта хутчэй трактаваць як псыхалягічны ціск на жыхароў Украіны, вайсковае камандаваньне і кіраўніцтва краіны.

«Гэта палітычная дэманстрацыя і псыхалягічны ўдар з мэтай зламаць насельніцтва Ўкраіны ў прамежкавы пэрыяд, калі ў Злучаных Штатах мяняецца кіраўніцтва краіны, і аказаць маральнае ўзьдзеяньне на ўкраінцаў: «Ох, пачалі біць балістычнымі ракетамі, можа быць прылёт ракеты зь ядзернай баявой часткай», — лічыць ён.

За дзень да ўдару «Арэшнікам» па Дняпры пасольствы ЗША і шэрагу іншых краін у Кіеве закрыліся з прычыны пагрозы магутнага авіяўдару.

«Расейскі бок папярэдзіў амэрыканцаў пра пуск „Арэшніка“ па лініі Расейскага нацыянальнага цэнтру па зьмяншэньні ядзернай небясьпекі, які працуе ў аўтаматычным рэжыме і падтрымлівае сталую сувязь з аналягічнай сыстэмай Злучаных Штатаў Амэрыкі. Папярэджаньне было накіравана ў явачным аўтаматычным рэжыме за 30 хвілін да пуску», — заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

Аб «пратаколе» запуску ракеты расказаў палітоляг Барыс Пастухоў.

«Наколькі я разумею, гэта частка пратаколу, і нават калі нехта быў бы гатовы да ядзернай вайны, то наўрад ці нехта хоча выпадкова пачаць ядзерную вайну. Пуск балістычных ракет адсочваецца. Для ЗША было б незразумела, ці вырашыла Расея страляць па Дняпры, ці яна вырашыла страляць па Лёндане, ці па Вашынгтоне. Таму тут, мне здаецца, для чаго папярэдзілі, відавочна, — тлумачыць ён. — Акрамя таго, наколькі я разумею, папярэдзілі загадзя, таму што закрыцьцё пасольстваў наўпрост з гэтым зьвязана. А раз зьвязана, значыць, ведалі не за паўгадзіны, а за суткі мінімум. Або амэрыканская выведка настолькі добра працуе і яны не баяцца паказваць, што атрымалі сакрэтную інфармацыю і раздалі яе ўсім саюзьнікам».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG