Ціханоўская: «У нас ёсьць кантакты з прадстаўнікамі Дональда Трампа»
Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, адказваючы на пытаньне Свабоды, як пасьля прыходу Дональда Трампа да ўлады зьменяцца адносіны ЗША з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і рэжымам Лукашэнкі, сказала:
«У нас ёсьць кантакты з прадстаўнікамі Дональда Трампа, мы ў добрых стасунках з Рэспубліканскай партыяй, і я амаль што ўпэўненая і хачу ў гэта верыць, што ЗША будуць моцна стаяць на сваіх прынцыпах, на якіх пабудаваная гэтая краіна. Гэта мір, правы чалавека, вяршэнства закону. Гэта тое, за што мы змагаемся. І мы чулі шмат дэклярацый у працэсе выбарчай кампаніі. Але што будзе важна — гэта дзеяньні, рашучасьць, лідэрства ЗША на міжнароднай арэне. І я хачу верыць, што яны будуць змагацца за дэмакратыю».
Наконт пэрспэктываў працягу Стратэгічнага дыялёгу дэмакратычных сілаў Беларусі і ЗША Ціханоўская заявіла:
«Наш Стратэгічны дыялёг, які быў арганізаваны раней, будзе працягваць інтэнсіўную працу. У нас там шмат кірункаў. Ня думаю, што з прыходам новай улады нешта зьменіцца ў гэтым напрамку».
Пры гэтым Ціханоўская падкрэсьліла, што беларускім дэмсілам «цяпер трэба працаваць у тры разы актыўней, чым дагэтуль».
«Наша задача — зрабіць так, каб Беларусь не была на апошнім месцы і каб яна гучала. І голас Беларусі быў ад беларусаў, а не ад Пуціна ці Лукашэнкі. Наша задача — каб Беларусь засталася незалежнай. Каб расейскія войскі былі выведзеныя ня толькі з Украіны, але і зь Беларусі. Каб былі такія ўмовы, што Расея не павінна ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Таму цяпер трэба працаваць у тры разы актыўней, чым дагэтуль. І вялікая патрэба будзе ў нашай дыяспары ў ЗША, у нашых мэдыя і ў нашых беларускіх актывістах па ўсім сьвеце. Яны будуць нашымі галасамі».
Франак Вячорка: «Вялікага развароту або забыцьця Беларусі ня будзе»
Старшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка спрагназаваў магчымае стаўленьне новай адміністрацыі ЗША да сытуацыі ў Беларусі:
«Трэба памятаць, што пратэсты 2020 году адбываліся, калі яшчэ Трамп быў прэзыдэнтам. І тады амбасадаркай у Беларусі была прызначаная Джулі Фішэр, якая потым стала спэцпасланьніцай. Тады і намесьнік дзяржсакратара ЗША Стыў Бігэн прыяжджаў у Вільню наведаць Сьвятлану Ціханоўскую. Ён быў адным з самых першых замежных палітыкаў, якія гэта зрабілі.
І вельмі вялікая частка чыноўнікаў, якія працуюць па Беларусі, не памяняюцца з прыходам новай адміністрацыі, яны працягнуць працаваць па нашай тэме. Таму вялікага развароту або забыцьця Беларусі ня будзе. Тыя, хто працаваў і займаўся Беларусьсю, хутчэй за ўсё, будуць ёю займацца далей.
Дзе, магчыма, нам не хапае ў дастатковай меры кантактаў, — гэта сярод той асноўнай групы, якая зойме ключавыя пасады. Мы ня ведаем, хто гэта будзе, ці будуць гэта нашы знаёмыя, ці людзі, якія ніколі не займаліся нашым рэгіёнам. Таму ў найбліжэйшыя месяцы вельмі важна будзе выйсьці на сувязь, сустрэцца, патлумачыць, што адбываецца ў Беларусі, і выпрацаваць палітыку. Ёсьць верагоднасьць, што многія людзі, якія будуць прызначаныя на палітычныя пасады, ніколі з нашым прафайлам і нашым рэгіёнам не працавалі. І тут ужо ад нас — палітычных сілаў і дыяспары — будзе залежаць, каб распавесьці ім больш пра гэта».
Кучынскі: «Падтрымка Беларусі двухпартыйная — і ад рэспубліканцаў, і ад дэмакратаў»
Дзяніс Кучынскі, дарадца Ціханоўскай у дыпляматычных пытаньнях, камэнтуючы перамогу Дональда Трампа на выбарах у ЗША, адзначыў, што падтрымка дэмакратычнай Беларусі ёсьць і з боку рэспубліканцаў, і з боку дэмакратаў.
«Мы спадзяёмся, што падтрымка дэмакратычнай Беларусі з боку ЗША працягнецца. Мы бачым на мінулых прыкладах нашай гісторыі супрацоўніцтва і калябарацыі, што падтрымка Беларусі двухпартыйная — і ад рэспубліканцаў, і ад дэмакратаў.
З гісторыі нашага супрацоўніцтва з рэспубліканцамі можна ўзгадаць, напрыклад, „Акт аб дэмакратыі ў Беларусі“ — яго распрацоўваў і цяпер распрацоўвае рэспубліканец Крыс Сьміт. У Кангрэсе ЗША створаныя кокусы, у якія таксама ўваходзяць рэспубліканцы — напрыклад, сэнатар Саліван, сэнатар Грэхам таксама нас падтрымлівае», — адзначыў Кучынскі.
Дарадца Ціханоўскай у дыпляматычных пытаньнях нагадаў, што падчас візытаў у Вашынгтон гэтым летам беларускія дэмакратычныя сілы «наладзілі працоўныя кантакты з атачэньнем Трампа».
«Здаецца, ёсьць агульнае разуменьне нашай сытуацыі ў Беларусі. Мы працягнем працаваць з гэтымі кантактамі ў Рэспубліканскай партыі, а таксама ў адміністрацыі Трампа», — сказаў Кучынскі.
Лябедзька: «Інтрыга ўзьнікне, але рэзкіх зьменаў ня будзе»
Дарадца Ціханоўскай у парлямэнцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька тлумачыць імаверную перамогу Дональда Трампа тым, што яму спрыяў час правядзеньня выбараў.
«Амэрыканцы стаміліся ад падзей міжнароднага жыцьця, якія апынуліся ў парадку дня. Спрацавала жаданьне перанесьці акцэнт на ўнутраныя праблемы — інфляцыю, дабрабыт, і тут Трамп змог прадставіць сябе больш кампэтэнтным, чым Гарыс. Большасьць выбарнікаў вырашылі, што лепш рэсурсы краіны патраціць на вырашэньне ўнутраных праблем. Але спрацаваў і папулізм. Хоць амэрыканцы больш дасьведчаныя ў дэмакратыі, але жывы чалавек застаецца такім — яму хочацца хутчэйшага выніку. І калі ім кажуць, што „за адзін дзень спыню вайну“, дык чалавек хоча ў гэта паверыць».
Лябедзька мяркуе, што перамога Трампа не азначае страты падтрымкі ЗША для сілаў, якія прагнуць дэмакратычных зьменаў у Беларусі.
«Зразумела, калі б перамагла кандыдатка ад дэмакратаў Гарыс, мы б мелі прагназаваны парадак дня. Яны б ішлі наперад ня так хутка, як бы нам хацелася, але не было б скачкоў управа ці ўлева. А Трамп — гэта нечаканасьць. З улікам таго, што мы моцна падвязаныя да падзеяў ва Ўкраіне, дык і тут для нас вялікага аптымізму няма.
Што да Кангрэсу ЗША, ці будуць для нас на гэтым кірунку вялікія перамены, дык я б сказаў, што ўсё выглядае больш-менш стабільным. Кокусы (групы дэпутатаў у падтрымку Беларусі) былі сфармаваныя на двухпартыйнай аснове, і яны, спадзяюся, не асабліва памяняюцца, хоць, магчыма, стануць больш рэспубліканскімі паводле складу. Але і сярод рэспубліканцаў шмат сяброў Беларусі. Празь іх мы будзем мець падтрымку Кангрэсу, і гэта той выпадак, калі можна будзе ўплываць і на адміністрацыю Трампа. Для нас важна, што працэдура прыняцьця Акту аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі ўжо распачатая і мы будзем мець прававую аснову падтрымкі, а ЗША — гэта прававая краіна, дзе законы працуюць», — кажа Анатоль Лябедзька.
Анатоль Лябедзька не чакае, што пасьля меркаванай інаўгурацыі Дональда Трампа рэзка зьменіцца стаўленьне адміністрацыі ЗША да Аляксандра Лукашэнкі.
«Нейкая інтрыга ўзьнікне, могуць паспрабаваць зноў разабрацца, чаго хоча Лукашэнка, але рэзкіх зрухаў не чакаю. Вядома, для Лукашэнкі, як і для Пуціна, Трамп лепшы, чым Гарыс, і ён сёньня за гэта выпіў шампанскага. Але ў ЗША застаецца судовая сыстэма, Кангрэс, грамадзкая думка, і таму палітык, які там прыходзіць да ўлады, мусіць гэта ўлічваць. Так было і падчас мінулага прэзыдэнцтва Трампа», — прыгадаў Лябедзька.
Дабравольскі: Рэжым Лукашэнкі паспрабуе палепшыць адносіны з ЗША, але ён ня мае чаго прапанаваць Трампу
Старшы палітычны дарадца Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што беларускі рэжым у новых умовах паспрабуе палепшыць адносіны з адміністрацыяй ЗША, каб зьняць хаця б частку санкцый. Але ці зможа Лукашэнка гэтага дамагчыся, палітык моцна сумняецца.
«Рэжым, канечне, паспрабуе палепшыць адносіны з Захадам, бо для яго склалася вельмі цяжкая сытуацыя. Краіна, у якую не лятаюць самалёты, якую не паважаюць, якая ёсьць чорнай дзіркай на мапе сьвету, ня мае добрых пэрспэктываў.
Аднак пытаньне: што рэжым можа прапанаваць у абмен на паляпшэньне стаўленьня да яго? Нахапаць новых закладнікаў і потым прапанаваць іх вызваліць? Толькі гэта. Але ніякай будучыні для беларускага грамадзтва ён прапанаваць ня можа. Плюс Беларусь застаецца крыніцай дадатковай нестабільнасьці ў сьвеце, які перажывае цяжкія часы. Таму ня ведаю, што можа зацікавіць Трампа ў прапановах з боку рэжыму ў Беларусі.
Для Трампа ўласьцівая нейкая прагматыка, а ніякіх плюсаў ад супрацоўніцтва зь Беларусьсю, мяркую, ня бачна. Беларусь — непрадказальная краіна, якая ўцягнутая ў падтрымку вайны. Магчыма, што рэжым прапануе нейкае пасярэдніцтва ў адносінах Расеі з Украінай, але, прабачце, ніводзін з бакоў ня лічыць Беларусь уплывовым пасярэднікам», — кажа Дабравольскі.
Паводле Дабравольскага, у беларускіх дэмакратычных сілаў аднолькава добрыя кантакты як з Дэмакратычнай, гэтак і з Рэспубліканскай партыямі. «Таму асабліва хвалявацца ня трэба. Так, спакойнай сытуацыі ня будзе, але ў нас ёсьць шмат напрацовак, таму думаю, што з ЗША будзе працягвацца сур’ёзная супраца», — сказаў ён.
Кавалеўскі: «Інтарэсы Беларусі могуць быць закранутыя ўскосна»
Валер Кавалеўскі, кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, які быў датычны да арганізацыі Стратэгічнага дыялёгу дэмакратычных сіл Беларусі і ўладаў ЗША, адзначыў, што ёсьць некалькі кірункаў, у якіх вынікі выбараў у ЗША могуць закрануць Беларусь, не наўпрост, а ўскосна.
«Наўпрост, я лічу, ніякіх асаблівых зьменаў у палітыцы ў дачыненьні да Беларусі ня будзе, таму што ёсьць двухпартыйны кансэнсус: і рэспубліканцы, і дэмакраты глядзяць на сытуацыю ў Беларусі аднолькава. І Беларусь не зьяўляецца ўсё ж такі прыярытэтам замежнай палітыкі ЗША. У гэтым сэнсе гэта наша страхоўка ад таго, што будзе нейкі сур‘ёзны перагляд.
Аднак інтарэсы Беларусі могуць быць закранутыя ўскосна праз тое, якім чынам Трамп будзе прапаноўваць заканчэньне вайны Расеі з Украінай. Гэта тое, што пэўным чынам можа адбіцца і на нашых інтарэсах. Бо, найхутчэй, гэта будзе варыянт, які будзе прымусам Украіны да міру — і праз абмежаваньне дапамогі: вайсковай, палітычнай, фінансавай. І ў гэтым сэнсе мы зьяўляемся часткай гэтай вельмі сумнай гісторыі, і тут інтарэсы Беларусі таксама могуць пацярпець. Менавіта таму, што Расея можа ўзмацніцца ў выніку такога заканчэньня канфлікту.
Другое — гэта такія ізаляцыянісцкія настроі ў Трампа, які гатовы быў бы зьмяншаць, скарачаць удзел ЗША ў міжнародных праблемах: у першую чаргу ў канфліктах, больш удзяляць увагу гандлю, нейкім гандлёва-эканамічным пытаньням, якія даюць хуткі прыбытак эканоміцы. То бок такая больш транзакцыйная палітыка і псыхалёгія ў Трампа.
І трэцяе — гэта тое, як Трамп будзе выбудоўваць унутрыпалітычны парадак дня, якія рашэньні ён будзе прымаць датычна дэмакратычных інстытутаў. У яго былі даволі выразныя пагрозы ягоным палітычным апанэнтам у краіне. Гэта тое, што не зьяўляецца часткай дэмакратычнай мадэлі кіраваньня дзяржавай і не зьяўляецца часткай палітычнай культуры дэмакратычных краін. У гэтым сэнсе гэта таксама можа быць прыкладам для аўтарытарных лідэраў па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў нашай частцы сьвету — гэта будзе такім сыгналам, што падобныя практыкі зьяўляюцца нормай», — лічыць Кавалеўскі.
Што да лёсу Стратэгічнага дыялёгу паміж ЗША і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, то, паводле прагнозаў Кавалеўскага, сам гэты мэханізм можа захавацца, калі толькі гэтыя зьмены ў рэгіёне не прывядуць да нейкіх новых зрухаў у раскладзе сілаў.«Калі ЗША, умоўна кажучы, будуць задумвацца пра тое, якім чынам калібраваць, мяняць палітыку адносна Беларусі або рэжыму Лукашэнкі, то ў пэўным сэнсе ім трэба будзе думаць і пра Стратэгічны дыялёг», — патлумачыў ён.
Кавалеўскі таксама адзначыў, што за «ўсе дзесяцігодзьдзі, якія яму даводзілася займацца пытаньнем беларуска-амэрыканскіх адносін, заўсёды была стаўка на двухпартыйны падыход: то бок супраца на роўных і з дэмакратамі, і з рэспубліканцамі». Паводле яго, кантакты з Рэспубліканскай партыяй «заўсёды падтрымліваліся на належным узроўні».
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.
Форум