Тэрарыст Андэрс Брэйвік, асуджаны за забойства 77 чалавек у Осла ў 2011 годзе, прыйшоў у суд на разгляд новага прашэньня аб умоўна-датэрміновым вызваленьні (УДВ) з выгаленымі з абодвух бакоў на галаве літарамі Z, піша Nettavisen.
Таксама Андэрс Брэйвік прынёс на суд самаробны плякат, на якім, сярод іншага, былі напісаныя словы падтрымкі Кітаю, Расеі, Ірану і Паўночнай Карэі.
Лацінскія літары Z і V, якія былі заўважаныя на расейскай вайсковай тэхніцы з пачатку поўнамаштабнага уварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, выкарыстоўваюць расейскія прапагандысцкія рэсурсы і прыхільнікі вайны Расеі супраць Украіны. У Мінабароны Расеі тлумачылі, што лацінская літара Z нібыта азначае «за перамогу», а V — «сіла ў праўдзе» і «задача будзе выкананая». У некаторых краінах Эўразьвязу гэтыя сымбалі забаранілі.
Прашэньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні, якое суд разглядае з 19 лістапада, Брэйвік падаў у чэрвені 2024 году. Папярэдняе яго прашэньне выйсьці раней за тэрмін суд адхіліў у лютым 2022 году. Тады Брэйвік прыносіў на паседжаньні суду плякат з нацыяналістычнымі лёзунгамі і ўскідаў руку ў нацысцкім прывітаньні.
У чэрвені 2023 году вярхоўны суд Нарвэгіі адмовіўся разглядаць скаргу Брэйвіка на ўмовы ўтрыманьня пад вартай. Раней раённы суд у Осла палічыў іх негуманнымі і пастанавіў кампэнсаваць асуджанаму судовыя выдаткі ў памеры 35 тысяч эўра, але гэтае рашэньне пазьней адмянілі.
У 2011 годзе Андэрс Брэйвік зьдзейсьніў выбух у Осла і адкрыў страляніну ў моладзевым лягеры на востраве Утэя. Падчас гэтага нападу загінулі 77 чалавек, больш за 150 атрымалі раненьні. Тэрарыст прызнаў сваю віну і быў асуджаны на 21 год зьняволеньня. Гэты тэрмін можа падаўжацца паводле рашэньня суду.
Форум