Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белсат»: Італьянец, які ўцёк з Польшчы ў Беларусь, аказаўся махляром з даўгамі на 370 тысяч даляраў


Давідэ Карбанара.
Давідэ Карбанара.

Тэлеканал «Белсат» апублікаваў расьсьледаваньне пра італьянца Давідэ Карбанара, які ўцёк з Польшчы ў Беларусь. Журналісты каналу высьветлілі, што ўцёкі былі зьвязаныя не з рэпрэсіямі, а з пагрозай трапіць за краты на 20 год.

Акрамя таго, Карбанара пад выглядам сьвятара лёгка ўваходзіў у давер і пазычаў у людзей буйныя сумы. Польшча мае намер аб’явіць яго ў нацыянальны і міжнародны вышук.

Беларуская прапаганда пачала раскручваць новага ўцекача з Польшчы як вымушаную ратавацца ад «польскага беззаконьня» ахвяру ў кастрычніку. Карбанара ужо даў інтэрвію Людміле Гладкай з «СБ» і бегламу польскаму судзьдзі Томашу Шмыту зь БелТА.

Давідэ Карбанара распавядае пра сябе, што ён ураджэнец Мілану, у Польшчу пераехаў 20 гадоў таму, каб узначаліць філіял італьянскай фірмы, у якой ён працаваў. Пазьней ён пазнаёміўся з будучай жонкай, у іх нарадзіліся дзьве дачкі, таму ён застаўся ў Польшчы.

Ён заснаваў сваю кампанію, але яна пацярпела страты, ня даўшы рады пандэміі ковіда, і тады да яго ўзьніклі прэтэнзіі ў пракуратуры. Па словах уцекача, сьледзтва супраць яго пачалося на пустым месцы, але ён ня кажа, у чым менавіта яго западозрылі.

Паводле яго сьцьвярджэньня, сям’я засталася «практычна бяз сродкаў да існаваньня» з прычыны таго, што ў яго забралі пашпарт.

«Каля двух гадоў таму, пасьля таго, як мая кампанія развалілася праз сытуацыю з ковідам, пракуратура завяла супраць мяне справу. Яны затрымалі мяне на 48 гадзін, а потым адпусьцілі... На працягу двух гадоў яны вялі гэтыя разгляды, не падаючы практычна ніякай інфармацыі. Яны не інфармавалі мяне пра які-небудзь прагрэс. Практычна два гады яны проста сядзелі і нічога не рабілі, але за гэтыя два гады яны забралі ў мяне пашпарт і пазбавілі мяне магчымасьці нармальна працаваць у Польшчы. Цягам двух гадоў я быў практычна прысуджаны да сацыяльнай сьмерці... І пратэст амбасады таксама нічога не даў... Сытуацыю трэба было мяняць», — казаў Карбанара.

У рэшце рэшт пашпарт яму нібыта вярнулі, справа да суду не дайшла. Аднак, як сьцьвярджаў Карбанара, зь нейкай прычыны з яго сталі патрабаваць грошы:

«Разбор супраць мяне ў апошнія шэсьць месяцаў набыў палітычны характар. І яны выразна сказалі, што я мушу заплаціць за сваю свабоду да 15 верасьня. Патрабавалі больш за 80 тысяч злотых за магчымасьць застацца на волі. Нешта накшталт закладу».

Па словах італьянца, яму пагражалі, што, калі ён не заплаціць, пракуратура папросіць суд аб папярэднім арышце:

«У той момант я зразумеў: у мяне амаль няма шанцаў абараніць сябе і сваю сям’ю ад таго, што яны хацелі са мной зрабіць. І гэта было галоўнай прычынай, чаму я вырашыў зьехаць».

У Беларусі Карбанара аказаўся 13 верасьня. Маршрут быў такі: у Мілан, адтуль — у Баку, з Баку — у Менск.

«Паколькі ўсе меры стрыманьня ў адносінах да мяне былі зьнятыя, я мог прыехаць у Беларусь цалкам легальна. Паколькі я ўпершыню ў Беларусі, чыноўнікі, працаўнікі міграцыйнай службы вельмі пільна, але зь вялікай асабістай культурай правялі са мной гутарку», — сьцьвярджае Карбанара.

Ён плянуе прасіць палітычнага прытулку ў Беларусі.

У сюжэце Гладкай сьцвярджалася, што прычынай перасьледу Карбанара сталі яго публікацыі ў «альтэрнатыўных польскаму ўраду СМІ», якія «зьніклі» з сайтаў пасьля меркаванага «візыту ў рэдакцыю польскіх спэцслужбаў».

У інтэрвію Гладкай моа ішла пра тое, што ў Польшчы Карбанара супрацоўнічаў з Матэвушам Піскорскім і яго паплечнікам Томашам Янкоўскім, «палітыкамі і журналістамі» Wbrew Cenzurze і Myśl Polska.

Паводле Белсату, Піскорскі — былы старшыня прарасейскай партыі Zmiana, быў арыштаваны ў 2016 годзе супрацоўнікамі Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы. Яму выставілі абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць расейскай і кітайскай выведак. У траўні 2019 году пасьля выплаты заклогу часовае ўтрыманьне Піскорскага пад вартай было адменена. Карбанара называе Піскорскага і Янкоўскага «героямі сьвету».

Wbrew Cenzurze — YouTube-канал з 24 тысячамі падпісчыкаў. Сярод відэа там — інтэрвію з ідэолягам «рускага сьвету» Аляксандрам Дугіным, сьпікерам МЗС Расеі Марыяй Захаравай, з «дысыдэнтам» Томашам Шмітам, прапагандыстам Аляксеем Дзермантам.

Што да Myśl Polska, то рэдактар выданьня Пшэмыслаў Пяста заявіў, што Карбанара ніколі там не працаваў.

Як высьветліў «Белсат», у Польшчы Карбанара назьбіраў цэлы букет крымінальных спраў. Напрыклад, у 2020 годзе яго абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

«Мэханізм злачынства заключаўся ў набыцьці прадуктаў у Польшчы, дэкляраваньні фіктыўных продажаў кампаніі Дэвіда К., якая працавала ў Італіі, і фактычным продажы тавараў польскім кампаніям з ужываньнем нулявой стаўкі ПДВ, якая выкарыстоўваецца ў ЭЗ пры пастаўках унутры саюза. Хаця насамрэч тавары ніколі не пакідалі Польшчу», — паведамілі рэсурсу ў акруговай пракуратуры горада Лодзі.

Такая схема пазбавіла бюджэт Польшчы падаткаў амаль на 7 млн злотых (у пераліку 1,7 млн дяляраў).

Тады ж Карбанара абвінавацілі ў махлярстве з прычыны таго, што ён атрымаў аванс за тавары, якія ў выніку не былі пастаўленыя.

У пракуратуры кажуць, што Карбанара прызнаў віну і раскрыў сьледзтву ўсе акалічнасьці злачыннай схемы, прыдуманай ім самім і яго саўдзельнікамі. Прысуд стаў вядомы ў кастрычніку 2021 года:

«Дэвід К. быў асуджаны на 1,5 года пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 3 гады. Прысуд ён не абскардзіў».

З паведамленьня пракуратуры стала зразумела, што за грошы патрабавалі ад Карбанара за свабоду, — гэта маёмасны заклад, які можна ўнесьці, каб на час сьледзтва не сядзець за кратамі. Усяго абвінавачанаму налічылі 85 тысяч злотых (каля 21 тысячы даляраў). У выніку фігуранта адпусьцілі, забраўшы ў яго пашпарт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG