Зьяўленьне іх там стала поўнай нечаканасьцю для Аляксандра Лукашэнкі. Удзел у вайне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў мае шэраг нэгатыўных наступстваў для афіцыйнага Менску.
Сьцісла:
- Для Расеі зьяўленьне на фронце цэлых падразьдзяленьняў іншаземцаў — даволі моцны ўдар па прэстыжы.
- Два тыдні таму Лукашэнка катэгарычна адмаўляў магчымасьць зьяўленьня на фронце войскаў КНДР. Высьветлілася, што Пуцін не інфармуе саюзьніка пра некаторыя свае пляны.
- Запрашэньне Расеяй паўночнакарэйскіх вайскоўцаў ставіць пад сумнеў вэрсію Лукашэнкі, што Пуцін ніколі не патрабаваў удзелу ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне беларускага войска, бо ў тым нібыта няма ніякай патрэбы.
- Новая сытуацыя можа прывесьці Крэмль да высновы, што Беларусь — ужо не галоўны саюзьнік.
- Зьяўленьне на фронце войскаў КНДР — гэта шлях да эскаляцыі вайны, у чым афіцыйны Менск не зацікаўлены.
Адмыслоўцы кажуць пра больш як 10 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, якія ўжо ўступілі ў баявыя дзеяньні і нават панесьлі першыя страты.
Паўночная Карэя мае патрэбу ў замежнай валюце і гатовая плаціць за гэта жыцьцямі сваіх грамадзян. Акрамя таго, КНДР зацікаўленая ў доступе да расейскіх вайсковых тэхналёгій.
Для Расеі зьяўленьне на фронце цэлых падразьдзелаў іншаземцаў — гэта даволі моцны ўдар па прэстыжы. Тое, што не ўдалося абысьціся без замежных наймітаў, — важны паказьнік абмежаванага мабілізацыйнага рэсурсу РФ. Не выпадкова расейскае кіраўніцтва неахвотна камэнтуе гэтую тэму.
Што гэта азначае для Беларусі?
Мяркуючы па ўсім, зьяўленьне на расейска-ўкраінскім фронце карэйскіх войскаў стала поўнай нечаканасьцю для Аляксандра Лукашэнкі. Ужо тады, калі пра гэтую падзею казалі сусьветныя мэдыя, ён катэгарычна адмаўляў саму магчымасьць такога павароту.
23 кастрычніка ў інтэрвію журналісту ВВС Стывэну Розэнбэргу ў Казані Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньне пра магчымы ўдзел войскаў КНДР у расейска-ўкраінскай вайне, заявіў: «Глупства! Ніколі Пуцін ня пойдзе на тое, каб некага ўгаворваць, каб узброеныя сілы нейкай краіны ўвязваліся ў СВА і ў канфлікт ва Ўкраіне, асабліва, як кажуць вайскоўцы, „на перадку“, на лініі сутыку... Я ў гэта ня веру... Ніколі такой размовы і перамоваў не было. Я гавару за Пуціна, ведаючы ягоны характар. У Расеі насельніцтва хапае, каб весьці ваенныя дзеяньні».
І тут Лукашэнка, умоўна кажучы, трапіў пальцам у неба, то бок радыкальна памыліўся ў сваіх ацэнках, што зь ім часта бывае. Бо амаль празь дзень Уладзімір Пуцін, камэнтуючы хаду вайны, не адмаўляў факту зьяўленьня ў зоне баявых дзеяньняў карэйскіх войскаў.
З гэтага вынікае, што, нягледзячы на частыя і працяглыя сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі, Пуцін не інфармуе саюзьніка пра ўсе свае пляны («ніколі такой размовы не было»). І гэта стала нечаканым і непрыемным адкрыцьцём для Лукашэнкі. Тут яго падвяла самаўпэўненасьць, ён ня змог схаваць гэты непрыемны факт ад публікі.
Праз тыдзень, выступаючы на ІІ Менскай міжнароднай канфэрэнцыі па эўразійскай бясьпецы, Лукашэнка ўжо не адмаўляў факту ўдзелу войскаў КНДР у вайне: «Чаму ўхапіліся за нейкіх паўночнакарэйцаў і іншае... Яны (Захад. — ВК) разьдзімаюць гэты факт».
Але захоўваньне Пуціным у сакрэце сваіх плянаў адносна вайны — не адзіная непрыемнасьць для Лукашэнкі. Ёсьць і іншыя нэгатыўныя для яго наступствы.
Па-першае, разбураецца тая схема, якую ён з самага пачатку вайны актыўна прэзэнтаваў — наконт удзелу ў вайне беларускага войска. Ён тлумачыў, што Расея ня мае патрэбы прыцягваць да баявых дзеяньняў беларусаў. Бо, маўляў, Расея вялізная, там шмат насельніцтва, гіганцкі мабілізацыйны рэсурс. Таму, казаў Лукашэнка, Пуцін ніколі не патрабаваў удзелу ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне беларускага войска, няма ў гэтым неабходнасьці: «Пуцін ніколі перада мной ня ставіў пытаньня аб тым, каб мы ўвязаліся ў гэтую бойку. Ні ён, ні Шайгу, ні цяперашні міністар абароны Белавусаў. Ніколі ня ставілі перад намі такое пытаньне».
А вось цяпер высьвятляецца, што Расеі якраз не хапае на фронце жывой сілы. І давялося прасіць пра дапамогу КНДР, везьці салдат за трыдзевяць зямель, шукаць перакладчыкаў, на хаду вырашаць праблему тэхнічнага і арганізацыйнага зладжваньня з узброенымі сіламі РФ. У той час як побач ёсьць беларускае войска, зь якім расейцы кожны год праводзяць сумесныя вучэньні, няма праблемы зладжваньня, мовы ды інш. Таму цяжка паверыць, што Пуцін не зьвяртаўся да Лукашэнкі з просьбай даслаць на фронт беларусаў.
Па-другое, зьяўленьне на фронце вялікага кантынгенту карэйскага войска (больш як 10 тыс.) можа прывесьці Крэмль да высновы, што Беларусь — ужо не галоўны саюзьнік. Цяпер на гэтую ролю прэтэндуе таварыш Кім Чэн Ын. З усімі непрыемнымі (найперш эканамічнымі) наступствамі для афіцыйнага Менску. Таму такая хваравітая і трохі разгубленая рыторыка, якую дэманстраваў Лукашэнка падчас выступу на азначанай вышэй канфэрэнцыі, імкнучыся сьцьвердзіць сваю ролю галоўнага хаўрусьніка: «Хоць на лініі фронту ні расіяне, ні ўкраінцы, ні мы іх (карэйцаў. — ВК) там ня бачым... А як дапамагае там Паўночная Карэя, Беларусь, пра гэта ведаюць толькі Расея і мы». То бок менавіта «мы» тут на першым пляне, а ня нейкія там далёкія паўночнакарэйцы.
Па-трэцяе, і ў інтэрвію Розэнбэргу, і ў выступе на канфэрэнцыі Лукашэнка настойліва паўтарае думку, што зьяўленьне на фронце войскаў КНДР — гэта шлях да эскаляцыі вайны: «Гэта будзе крок да нейкай эскаляцыі канфлікту, калі на лініі сутыку зьявяцца нечыя ўзброеныя сілы... Таму што вы, англасаксы, адразу б заявілі, што ў канфлікт увязалася саюзная краіна, — значыць, NATO мае права дапамагчы Ўкраіне. Значыць, натаўскія войскі былі б уведзеныя ва Ўкраіну».
Можна паверыць, што Лукашэнка сапраўды не зацікаўлены ў эскаляцыі вайны ва Ўкраіне, умяшаньні ў яе войскаў іншых краін, у прыватнасьці NATO. Бо гэта непазьбежна прывядзе да ўцягваньня Беларусі ў гэты ваенны канфлікт. А гэтага катэгарычна ня хоча беларускае грамадзтва. Адсюль такая хваравітая рэакцыя Лукашэнкі на зьяўленьне на вайне паўночнакарэйцаў.
Форум