Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрабязнасьці антыізраільскай атакі ў Амстэрдаме: пяцёра шпіталізаваныя, трое зьніклі бязь вестак


Многія з нападнікаў у Амстэрдаме мелі з сабой палестынскія сьцягі і скандавалі антыізраільскія лёзунгі
Многія з нападнікаў у Амстэрдаме мелі з сабой палестынскія сьцягі і скандавалі антыізраільскія лёзунгі

Паліцыя Нідэрляндаў праводзіць масавыя арышты меркаваных удзельнікаў беспарадкаў і нападнікаў.

Пяць чалавек былі шпіталізаваныя ў выніку сутыкненьняў, якія ўспыхнулі ў Амстэрдаме ноччу пасьля футбольнага матчу «Аякс» (Амстэрдам) — «Макабі» (Тэль-Авіў), паведаміла паліцыя ў пятніцу.

За ўдзел у нападах на ізраільцянаў паліцыя арыштавала 62 чалавекі, піша AFP.

«Некалькі паведамленьняў аб падзеях мінулай ночы ў Амстэрдаме распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках», — заявіла паліцыя Амстэрдаму ў паведамленьні на X.

«Паліцыя пачала буйное расьсьледаваньне шматлікіх гвалтоўных інцыдэнтаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

У сацыяльных сетках масава публікуюцца відэа пабіцьця ізраільскіх грамадзян, некаторых людзей зьбівалі аўтамабілямі і скідалі ў канал.

«Паліцыя ведае пра паведамленьні аб магчымай сытуацыі з захопам закладнікаў і зьніклых бязь вестак, але цяпер ня мае пацьверджаньня таго, што гэта сапраўды мела месца. Гэты аспэкт таксама расьсьледуецца», — заявілі ў паліцыі.

Гвалт успыхнуў у Амстэрдаме пасьля гульні паміж «Макабі» (Тэль-Авіў) і амстэрдамскай камандай «Аякс», якая выйграла зь лікам 5:0.

Палітыкі Ізраілю і Нідэрляндаў масава асудзілі «антысэміцкі» гвалт, і Ізраіль накіраваў «ратавальныя самалёты», каб даставіць футбольных фанатаў дадому. На гульні, паводле публікацый ізраільскай прэсы, прысутнічала больш за 2700 ізраільскіх ультрас.

Ізраільскім вайскоўцам часова рэкамэндавана не наведваць Нідэрлянды.

Францыя ня будзе адкладаць гульню з Ізраілем праз прапалестынскія правакацыі

Гвалт супраць ізраільцянаў асудзіў і міністар унутраных спраў Францыі Бруна Рэтальё. Пры гэтым ён адзначыў, што дзяржава ня будзе дамагацца адкладаньня ці пераносу футбольнай сустрэчы Лігі нацый Францыя — Ізраіль, якая мае адбыцца на наступным тыдні.

Парыская паліцыя плянуе паставіць больш за 2000 паліцыянтаў вакол «Стад дэ Франс», каб запэўніць бясьпеку гульні ў чацьвер, 14 лістапада, паведамляе BFM TV.

Становішча пагаршаецца яшчэ й тым, што ў раёне стадыёну — кварталы, населеныя пераважна мусульманамі.

Міністэрства ўнутраных спраў і дэпартамэнт паліцыі Парыжу не адразу адказалі на запыты Reuters аб падрабязнасьцях дакладных плянаў ведамства наконт правядзеньня сустрэчы і бясьпекі ізраільскіх фанатаў.

Раней міністар Рэтальё сустрэўся з кіраўнікамі Францускай фэдэрацыі футболу і топ-клюбу ПСЖ у пятніцу раніцай пасьля разгортваньня гіганцкага транспаранта з надпісам «Свабодная Палестына» на сустрэчы Лігі чэмпіёнаў на гэтым тыдні. На палотнішчы таксама намалявалі мапу, на якой уся тэрыторыя Ізраілю была паказаная як тэрыторыя арабскай дзяржавы.

Міністар назваў паводзіны ультрас «Пары Сэн-Жэрмэн» скандальнымі і заявіў на Radio Sud, што ў выпадку паўтарэньня падобных пасланьняў трыбуну могуць закрыць на наступную гульню.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG