Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сэрбскім Нові-Садзе працягваюцца пратэсты супраць уладаў Сэрбіі. Ёсьць арыштаваныя


Ратуша ў Нові-Садзе пасьля нападу пратэстоўцаў. Надпісы чырвонай фарбай азначаюць «забойцы»
Ратуша ў Нові-Садзе пасьля нападу пратэстоўцаў. Надпісы чырвонай фарбай азначаюць «забойцы»

Абвал навесу на адрэканструяваным чыгуначным вакзале спрычыніўся да масавых пратэстаў у краіне.

Паліцыя Сэрбіі арыштавала 14 чалавек пасьля беспарадкаў на дэманстрацыі супраць абрушэньня бэтоннага навесу на галоўным вакзале ў Нові-Садзе на мінулым тыдні, у выніку якога загінулі 14 чалавек.

6 лістапада сэрбскае МУС паведаміла, што 14 чалавек затрыманыя падчас і пасьля акцыі пратэсту. Аднаго зь іх перадалі судзьдзі ў справах непаўналетніх нібыта за гвалтоўныя паводзіны на масавым сходзе, на траіх склалі пратаколы за хуліганства, аднаго адпусьцілі пасьля заявы.

Улады гораду Нові-Сад раней гаварылі, што пасьля беспарадкаў арыштаваныя дзевяць чалавек і адзін знаходзіцца ў вышуку. Але аказалася, што арыштаваных больш.

Гвалтоўныя дзеяньні пратэстоўцаў пачаліся на акцыі пратэсту 5 лістапада. Пракуратура Нові-Саду заявіла, што абвінавачваньні ўключаюць зьнішчэньне маёмасьці, напад на службовую асобу і стварэньне агульнай небясьпекі.

Дзесяць паліцыянтаў і двое грамадзян атрымалі лёгкія раненьні ў выніку беспарадкаў, заявіў памочнік дырэктара паліцыі Драган Васілевіч у заяве для тэлерадыёкампаніі Сэрбіі.

Пратэстоўцы закідалі чырвонай фарбай і камянямі гарадзкую ратушу, дзе разьмешчаны ўрадавыя ўстановы гораду, патрабуючы прыцягнуць чыноўнікаў да адказнасьці за падзеньне навесу на нядаўна адрэканструяваным вакзале, які здалі ў эксплюатацыю ўлетку сёлета.

Раней акцыя пратэсту адбылася і ў сталіцы Сэрбіі Бялградзе, некаторыя пратэстоўцы патрабавалі нават адстаўкі прэзыдэнта краіны Аляксандра Вучыча. Незадаволеныя грамадзяне вінавацяць улады краіны ў масавым хабарніцтве, праз што адбываюцца трагедыя, падобныя новісадзкай. Улады яшчэ расьсьледуюць усе прычыны падзеньня навесу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG