Другі раўнд Стратэгічнага дыялёгу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі пройдзе 3–4 сьнежня, паведаміў кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка агенцтву «Позірк».
«Сам факт ягонага правядзеньня паміж ЗША і дэмакратычнымі інстытутамі Беларусі зьяўляецца важным фактарам, які сьведчыць аб прыярытэтах зьнешняй палітыкі ЗША. У рамках стратэгічнага дыялёгу ў дэмакратычных сіл будзе магчымасьць прадставіць сваё бачаньне чаканьняў і далейшых напрамкаў супрацоўніцтва з новай адміністрацыяй ЗША (пасьля перамогі Дональда Трампа. — РС)», — зазначыў палітык.
Паводле яго, беларуская дэлегацыя на чале з дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай будзе налічваць 24 чалавекі. У яе ўвойдуць таксама прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэта, Каардынацыйнай рады, грамадзянскіх ініцыятыў.
Дэмакратычныя сілы наладжваюць дыялёг з Захадам на фоне міжнароднай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі, якая ўзмацняецца.
Акрамя кансультацыйнай групы ў Эўрапейскай службе вонкавых дзеяньняў, існуюць кантактная група ў Радзе Эўропы, стратэгічны дыялёг зь Дзярждэпартамэнтам ЗША, наладжана супрацоўніцтва з Эўрапарлямэнтам, створаны Альянс дэмакратычнай Беларусі зь дзясяткамі парлямэнтаў, прызначаны спэцыяльныя пасланьнікі МЗС шэрагу краін, ёсьць група сяброў дэмакратычнай Беларусі, разьвіваецца палітычны дыялёг з NATO, ад імя беларускіх дэмакратычных сілаў пададзена заяўка на атрыманьне статусу пастаяннага назіральніка ў ААН.
- Першы раўнд стратэгічнага дыялёгу Злучаных Штатаў Амэрыкі зь беларускім дэмакратычным рухам адбыўся 6–8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне.
- Стратэгічны дыялёг — пляцоўка для падтрыманьня пастаянных адносін дэмакратычных сіл Беларусі з урадам ЗША. Чакаецца, што сэсіі будуць штогадовымі.
- 4–5 красавіка ў Вашынгтоне ўдзельнікі першых пасяджэньняў працоўных груп у межах стратэгічнага дыялёгу абмеркавалі парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, шляхі вызваленьня палітвязьняў, дзейнасьць дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасьці.
- У вашынгтонскіх сустрэчах прынялі ўдзел прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку праваабаронцы і прафсаюзныя дзеячы. Амэрыканскі бок прадстаўлялі чыноўнікі зь Дзярждэпартамэнту, Агенцтва міжнароднага разьвіцьця, міністэрстваў фінансаў і працы.
Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША
Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.
На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.
Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.
Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:
- палітычных лідэраў;
- прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
- незалежных журналістаў;
- праваабаронцаў;
- юрыстаў;
- лідэраў прафсаюзаў;
- навукоўцаў.
Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».
Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.
На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.
Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.
У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.
Форум