Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 1200 чалавек асудзілі за «паклёп» і «абразу» Лукашэнкі за 4 гады


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Адзін з плякатаў на акцыі пратэсту 30 жніўня 2020 году ў Менску
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Адзін з плякатаў на акцыі пратэсту 30 жніўня 2020 году ў Менску

З 2020 году больш за 1200 чалавек асудзілі ў Беларусі за абразу Лукашэнкі і паклёп на яго (артыкулы 368 і 367 Крымінальнага кодэксу), падлічыў праваабарончы цэнтар «Вясна».

За гэты час паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі) асудзілі сама меней 963 чалавекі, некаторых зь іх — у сукупнасьці зь іншымі абвінавачаньнямі. Сама меней 514 асобам па выніках судоў прызначылі зьняволеньне ў калёніі, астатнім — абмежаваньне волі з накіраваньнем ці без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

За «паклёп на Лукашэнку» (арт. 367 Крымінальнага кодэксу) з 2020 году, паводле зьвестак праваабаронцаў, асудзілі сама меней 263 чалавекі, зь іх 149 — на калёнію ва ўмовах агульнага і ўзмоцненага рэжыму. Артыкул 367 КК прадугледжвае пакараньне ў выглядзе зьняволеньня да шасьці гадоў калёніі.

Большасьць тых, на каго завялі крымінальныя справы за абразу і паклёп на Лукашэнку, судзілі за камэнтары ў сацсетках, але былі і іншыя выпадкі, адзначаюць праваабаронцы, і прыводзяць шэраг прыкладаў:

  • Блогеру зь Пінску Мікалаю Клімовічу, які памёр у зьняволеньні, прысудзілі год калёніі за рэакцыю ў «Одноклассниках» на карыкатуру на Лукашэнку. Клімовіч меў інваліднасьць II групы па сэрцы, у зьняволеньні ён вытрымаў крыху больш за 2 месяцы.
  • Супраць стэндап-коміка Вячаслава Камісаранкі ў жніўні 2024 году распачалі «спэцвядзеньне» па ч. 2 арт. 367 і арт. 368, а таксама ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне варожасьці) за ягоныя стэндап-выступы са згадваньнем Лукашэнкі.
  • 50-гадовага жыхара Віцебску Ерванда Мартырасяна асудзілі на 2 гады калёніі за тое, што ён у службовым аўтамабілі, у прысутнасьці супрацоўнікаў Дэпартамэнту аховы «неаднойчы прамовіў выразы абразьлівага характару» ў бок Лукашэнкі.
  • Жыхара Кобрына Дзяніса Кісялёва асудзілі на 1,5 года «хіміі» за «абразу Лукашэнкі»: у закрытым тэлеграм-чаце «Кобрин для жизни Чат» ён разьмясьціў фота сярэдняга пальца на фоне тэлевізара зь ягоным выступам у навагоднюю ноч.
  • Мужа і жонку з Горадні Сяргея і Тацяну Чыжоў асудзілі на «хімію» за плякат, зь якім яны ў 2020 годзе выйшлі на пратэст. Зьмест плякату палічылі паклёпам на Лукашэнку.
  • 47-гадовага Вячаслава Кульбу ў 2021 годзе асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за «абразу Лукашэнкі», бо ён пакінуў у кнізе заўваг і прапановаў АЗС «Беларусьнефть» наступны запіс: «Скаргаў няма. Не разумею калектыў вашай АЗС, які падтрымлівае рэжым узурпатара Лукашэнкі».
  • У ліпені 2021 году ў Буда-Кашалёве на год калёніі асудзілі Юрыя Кавалёва. Падставай для завядзеньня справы стала тое, што Кавалёў, знаходзячыся ў бальніцы, нібыта назваў Лукашэнку «дэбілам». Кавалёў сваёй віны не прызнаў. На судзе ён сказаў, што «дыктатар горшы за дэбіла, а Лукашэнка сам сябе называе дыктатарам».

Затрыманьні і суды за «абразу Лукашэнкі» і «паклёп» на яго працягваюцца і цяпер, адзначаюць праваабаронцы. Паводле іх, толькі за два тыдні — з 21 кастрычніка па 1 лістапада — каля 20 чалавек у Беларусі судзілі паводле артыкула «абраза Лукашэнкі» (арт. 368 Крымінальнага кодэксу), яшчэ 7 чалавек асудзілі за «паклёп на Лукашэнку» (арт. 367 Крымінальнага кодэксу).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG