У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга 30 кастрычніка разьбіўся вайсковы верталёт Мі-24, які належаў Узброеным сілам краіны.
Як паведаміла выданьне «Люстэрка» з спасылкай на Telegram-каналы з навінамі пра авіяцыю, загінуў увесь экіпаж, які ачольваў грамадзянін Беларусі Віктар Брэжнеў.
Авіякатастрофа адбылася ў аэрапорце Ндола ў сталіцы Конга. Прычыны і падрабязнасьці інцыдэнту невядомыя.
Мясцовыя СМІ з спасылкай на крыніцы ва Ўпраўленьні цывільнай авіяцыі Конга паведамілі, што загінулі ўсе тры чалавекі, што былі на борце верталёта: пілёт, другі пілёт і тэхнік. Адзначаецца, што ўсе яны былі іншаземцамі. Пілёт быў прышпілены рамянямі бясьпекі і загінуў на месцы, а два іншыя памерлі па дарозе ў мясцовую лякарню.
Камандзіру экіпажа Віктару Брэжневу было 64 гады, ён нарадзіўся ў Расеі, ваяваў у Афганістане ў званьні капітана, служыў камандзірам верталёта Мі-24. Апошнім часам жыў у Наваполацку. Яшчэ адным чальцом экіпажу быў грамадзянін Узбэкістану Уктам Жумабееў. Пра трэцяга чальца экіпажу дакладнай інфармацыі няма.
Форум