Паводка ў Гішпаніі ператварыла вясковыя вуліцы ў рэкі, разбурыла дамы, парушыла працу транспарту і забрала жыцьці як мінімум 95 чалавек у выніку стыхійнага бедзтва, піша AP.
Залевы, якія пачаліся 29 кастрычніка і працягваліся 30-га, выклікалі паводкі на поўдні і ўсходзе Гішпаніі ад Малягі да Валенсіі. Гразевыя патокі на высокай хуткасьці перасоўвалі аўтамабілі, сьмецьцевыя кантэйнэры і прадметы хатняга ўжытку. Паліцыя і ратавальныя службы выкарыстоўвалі верталёты, каб падняць людзей з дамоў, і гумовыя лодкі, каб дабрацца да кіроўцаў, якія аказаліся заблякаванымі ў машынах.
Экстраныя службы ва ўсходнім рэгіёне Валенсіі пацьвердзілі колькасьць загінулых — 92 чалавекі. Паведамляецца яшчэ пра дзьвюх ахвяраў у суседнім рэгіёне Кастыльля – Ля Манча, у той час як у паўднёвай Андалюзіі загінуў адзін чалавек.
«Учора быў найгоршы дзень у маім жыцьці», — сказаў у сераду нацыянальнай тэлекампаніі RTVE Рыкарда Габальдон, мэр гораду Утыэль у Валенсіі. Ён сказаў, што шэсьць жыхароў загінулі і яшчэ больш лічацца зьніклымі бязь вестак.
«Мы трапілі ў пастку, як пацукі. Па вуліцах плылі машыны і сьмецьцевыя кантэйнэры. Вада падымалася да трох мэтраў», — сказаў ён.
Урад Гішпаніі абвясьціў трохдзённую жалобу, пачынаючы з чацьвярга.
Ратавальнікаў і больш за 1100 салдатаў з падразьдзелаў рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі накіравалі ў пацярпелыя раёны. Цэнтральны ўрад Гішпаніі стварыў крызісны камітэт для каардынацыі ратавальных дзеяньняў.
Адзін горад правінцыі Валенсія, Пайпорта, панёс выключныя страты. Мэр Марыбэль Альбалят паведаміла RTVE, што больш за 30 чалавек загінулі ў горадзе з насельніцтвам каля 25 000 чалавек. Сярод іх шэсьць жыхароў дому састарэлых. Мэр адзначыла, што вада стала рэзка прыбываць у вёску і затапіла яе літаральна за 10 хвілін.
Нацыянальная мэтэаралягічная служба Гішпаніі заявіла, што за восем гадзін у Валенсіі выпала больш ападкаў, чым за папярэднія 20 месяцаў, яна назвала патоп «надзвычайным».
Валенсія, разьмешчаная на поўдзень ад Барсэлёны на ўзьбярэжжы Міжземнага мора, зьяўляецца турыстычным кірункам, вядомым сваімі пляжамі, цытрусавымі садамі і месцам паходжаньня паэльлі, стравы з рысу. У рэгіёне ёсьць цясьніны і невялікія рэчышчы, якія большую частку году зусім сухія, але хутка напаўняюцца вадой, калі ідуць дажджы. Многія зь іх праходзяць праз населеныя пункты.
Колькасьць загінулых, хутчэй за ўсё, будзе расьці, бо з іншых рэгіёнаў пакуль няма паведамленьняў аб ахвярах і пошукавыя работы ў цяжкадаступных месцах працягваюцца.
Гішпанія ўсё яшчэ аднаўляецца пасьля моцнай засухі і за апошнія гады зарэгістравала рэкордна высокія тэмпэратуры. Навукоўцы кажуць, што экстрэмальныя ўмовы надвор’я, магчыма, зьвязаныя са зьмяненьнем клімату. Працяглая засуха робіць зямлю менш здатнай паглынаць вялікія аб’ёмы вады. Штормы таксама выклікалі рэдкія тарнада і дзіўны град, які прабіў дзіркі ў вокнах аўтамабіляў і цяпліцах.
Пацярпеў і транспарт. Хуткасны цягнік з амаль 300 людзьмі сышоў з рэек каля Малагі. Чыгуначныя ўлады заявілі, што ніхто не пацярпеў. Высакахуткасныя цягнікі паміж Валенсіяй і Мадрыдам перапыненыя, і Міністэрства транспарту заявіла, што можа спатрэбіцца да чатырох дзён, каб аднавіць высакахуткасныя зносіны са сталіцай праз пашкоджаньне ліній.
Таксама перарваныя аўтобусныя і прыгарадныя чыгуначныя лініі. Шмат рэйсаў скасавалі ўвечары ў аўторак, у выніку чаго каля 1500 чалавек апынуліся ноччу ў аэрапорце Валенсіі. Палёты аднавіліся толькі на наступны дзень.
Футбольныя матчы з удзелам «Валенсіі» і «Левантэ» былі адмененыя. Прэзыдэнт рэгіёну Валенсія Карляс Мазон заклікаў людзей заставацца дома, заявіўшы, што праехаць па дарозе цяжка праз паваленыя дрэвы і разьбітыя аўтамабілі. Ратавальным работам перашкаджалі абарваныя лініі электраперадач і перабоі з электрычнасьцю, рэгіянальная служба надзвычайных сытуацый адказала на прыблізна 30 тысяч званкоў, сказаў Мазон.
Форум