Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, якога магло ня быць. Чаму Лукашэнка парушыў сваё абяцаньне


Аляксандар Лукашжнка падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў, 26 лютага 2024 году.
Аляксандар Лукашжнка падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў, 26 лютага 2024 году.

Рашэньне Лукашэнкі балятавацца на новы тэрмін прагучала рутынна. Не было нейкай адмысловай прэзэнтацыі з тлумачэньнем гэтага кроку. Можна меркаваць, так адбылося таму, што непазьбежна давялося б адказваць на пытаньне: чаму Лукашэнка памяняў сваю ранейшую пазыцыю?

У 2020 годзе і пазьней ён неаднаразова казаў, што больш не зьбіраецца балятавацца на пасаду прэзыдэнта.

Сьцісла:

  • Флэшмоб, падчас якога розныя грамадзяне нібыта просяць Лукашэнку балятавацца на сёмы тэрмін, зьявіўся пасьля таго, як сам уладар ужо падаў заяўку на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Бо ўлады плянавалі выбары на канец лютага, у выніку чаго адбыўся збой альгарытму агітацыйнай кампаніі.
  • Лукашэнка шмат разоў абяцаў сысьці з пасады прэзыдэнта. Дзеля рэалізацыі транзыту ўлады была прынятая новая Канстытуцыя, у якой замацаваны канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу.
  • Цяпер той чыньнік, які прымушаў Лукашэнку абяцаць свой сыход (народны пратэст), зьнік, і цяпер, як ён лічыць, нічога не перашкаджае заставацца на пасадзе. Пра транзыт улады, новую Канстытуцыю, канстытуцыйны статус УНС Лукашэнка нават ня згадвае.

Улады запусьцілі флэшмоб, падчас якога ўдзельнікі просяць Аляксандра Лукашэнку балятавацца на сёмы тэрмін. Паказваюць відэашэраг, на якім людзі вымаўляюць слова «Трэба» («Надо»). З гледзішча нармальнай лёгікі гэта выглядае дзіўна, бо сам Лукашэнка публічна абвясьціў пра сваё рашэньне балятавацца кандыдатам у прэзыдэнты. Пададзеная афіцыйная заяўка ў Цэнтральную выбарчую камісію (ЦВК) на рэгістрацыю ягонай ініцыятыўнай групы. І яна ўжо сьпехам зарэгістраваная. Ствараецца ўражаньне нейкага збою, нібыта атачэньне Лукашэнкі нешта пераблытала.

Усё становіцца на свае месцы, калі зыходзіць зь меркаваньня, што першапачаткова прэзыдэнцкія выбары плянавалася прызначыць на канец лютага. «Белпол» са спасылкай на свае крыніцы ўнутры Беларусі называў дату 23 лютага. Можна ўзгадаць пра выпушчаны ЦВК лягатып прэзыдэнцкай кампаніі, на якім памылкова была ўказаная дата 25 лютага 2025 году. Пад гэтыя тэрміны і запусьцілі праграму агітацыйнай кампаніі ў падтрымку Лукашэнкі. Паводле яе, спачатку павінна была прагучаць «усенародная» просьба-плач: маўляў, не пакідай нас, «бацька», бедных сіротак, мы безь цябе прападзём. Пасьля гэтага Лукашэнка, спасылаючыся на жаданьне народу, дае згоду балятавацца на новы тэрмін. І тады абвяшчаюцца выбары.

Але зь нейкіх прычын прынялі рашэньне прызначыць дату выбараў на месяц раней. У выніку ўвесь альгарытм выбарчай кампаніі зьбіўся. Таму і зьявілася такая сьмешная сытуацыя, калі спачатку Лукашэнка абвяшчае пра свой удзел у выбарах, а потым разгортваецца флэшмоб, у якім яго просяць пра гэта.

Абвяшчэньне пра рашэньне Лукашэнкі балятавацца на новы тэрмін адбылося неяк рутынна, на тэрыторыі Расеі (у Казані), у інтэрвію расейскай журналістцы Вользе Скабеевай. Не было адмысловай прэзэнтацыі ў выглядзе прэсавай канфэрэнцыі з тлумачэньнем такога рашэньня. Можна меркаваць, гэта адбылося таму, што непазьбежна давялося б адказваць на пытаньне, чаму Лукашэнка памяняў сваю ранейшую пазыцыю. Нагадаю, ён неаднаразова казаў, што больш не зьбіраецца балятавацца на пасаду прэзыдэнта.

Адразу пасьля масавых пратэстаў 2020 году Лукашэнка некалькі разоў намякаў, што магчымыя датэрміновыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, што ён можа сысьці з пасады, не дабыўшы да канца свой тэрмін. Рэагуючы на лёзунгі «Сыходзь!», ён казаў, што, можа, і сыду, але не пад ціскам вуліцы, а толькі тады, калі сытуацыя супакоіцца. Выступаючы 17 жніўня 2020 году перад работнікамі МЗКЦ, Лукашэнка заявіў: «Я чвэрць стагодзьдзя ва ўладзе. Колькі можна, вядома, я некалі пайду. Можа, праз год ці праз два — гэта залежыць ад вас».

9 верасьня 2020 году ў інтэрвію расейскім журналістам Лукашэнка казаў: «Я да гэтага схільны, каб правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Я гэтага не выключаю... Я да гэтага схільны».

Вядома, што Расея тады падтрымала Лукашэнку з умовай, што ён пачне працэс транзыту ўлады. Дзеля рэалізацыі гэтага транзыту была прынятая новая Канстытуцыя, у якой замацаваны статус Усебеларускага народнага сходу (УНС) як галоўнага органа ўлады.

27 лістапада 2020 году Лукашэнка падчас сустрэчы з калектывам 6-га гарадзкога клінічнага шпіталя г. Менску заявіў: «Ніякую Канстытуцыю я пад сябе не раблю. З новай Канстытуцыяй я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду. Таму супакойцеся, спакойна гэта пераносьце».

Выступаючы на VI УНС 12 лютага 2021 году, Лукашэнка, разважаючы пра статус прэзыдэнта паводле новай Канстытуцыі, казаў: «Гэта буду ня я! Будзе іншы кіраўнік дзяржавы».

9 жніўня таго ж году падчас прэсавай канфэрэнцыі на пытаньне замежнага журналіста пра тое, калі скончыцца ягонае прэзыдэнцтва, Лукашэнка адказаў: «Хутка, вельмі хутка!». І потым доўга разважаў пра сваіх магчымых пераемнікаў.

Можна таксама адзначыць згадку прапагандыста Юрыя Васкрасенскага зь ягонага інтэрвію «Камсамольскай праўдзе» 23 кастрычніка 2020 году. Там гаворка ішла пра сустрэчу Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка таго ж году. Па словах Васкрасенскага, Лукашэнка тады сказаў: «Я даю вам слова, што гэта мой апошні тэрмін. Я клянуся сваімі дзецьмі».

Цяпер усё памянялася. Той чыньнік, які прымушаў яго абяцаць свой сыход (народны пратэст), зьнік, і цяпер, як ён лічыць, нічога не перашкаджае кіраваць вечна. Пра транзыт улады, новую Канстытуцыю, канстытуцыйны статус УНС Лукашэнка нават ня згадвае.

Напрыклад, мінулі ўжо амаль пяць месяцаў пасьля першага паседжаньня УНС у новым статусе. І з той пары ніякіх прыкметаў ягонага існаваньня няма. Хоць бы дзеля праформы правялі паседжаньне Прэзыдыюму УНС, прынялі нейкую заяву: ён жа валодае немалымі паўнамоцтвамі. Паводле новай Канстытуцыі цяпер Усебеларускі народны сход — галоўны орган дзяржаўнай улады. І высьвятляецца, што галоўны орган улады нібы кудысьці зьнік.

Дарэчы, зьвярніце ўвагу, што на афіцыйным узроўні ніхто ня ўзгадвае другі тытул Лукашэнкі — старшыня УНС. Называюць толькі «прэзыдэнтам». Рэдка калі зьяўляецца публічна намесьнік старшыні УНС Аляксандар Косінец.

А цяпер прапагандысцкім флэшмобам улады імкнуцца ўвогуле нэўтралізаваць, скасаваць усе згадкі пра ранейшыя абяцаньні Лукашэнкі наконт ягонага хуткага сыходу з прэзыдэнцкай пасады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG