Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Латвіі ў Беларусь уцёк прарасейскі журналіст Аляксееў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Латвійскі журналіст Юры Аляксееў, які прытрымліваецца прарасейскіх поглядаў, уцёк з Рыгі ў Беларусь, паведаміў у сваім тэлеграм-канале супрацоўнік пракрамлёўскага прапагандысцкага мэдыя Russia Today Аляксей Стэфанаў, піша «Позірк».

Стэфанаў сьцьвярджае, што ў Латвіі 66-гадовага Аляксеева «маглі ўжо ў аўторак адправіць у турму на год і месяц за нібыта распальваньне варожасьці» за камэнтары, якія «ад яго імя» пісалі невядомыя «з заклікамі зьнішчаць латышоў». Таксама, паводле Стэфанава, «па справе ІМХАклюба» яго «маглі кінуць за краты, як ён лічыць, на 7-8 гадоў па артыкуле аб нанясеньні шкоды Латвійскай Рэспубліцы групай асобаў па папярэдняй змове».

«Як кажа Юра, тры ночы ён ня спаў — рыхтаваўся да ўцёкаў. Учора раніцай выйшаў з кватэры ў Рызе, дабраўся на перакладных да Вільні, купіў квіток на аўтобус да Менску і, хвалюючыся, прайшоў мяжу. Цяпер Юра ў Менску ў сяброў», — заявіў супрацоўнік RT.

Пра далейшыя пляны Аляксеева не паведамляецца.

Ураджэнец Нарыльска Юры Аляксееў у Латвіі ў розны час быў галоўным рэдактарам выданьняў «Бизнес&Балтия», «Коммерсант Baltic», «Бизнес.lv». Таксама ён стварыў і ўзначальваў праект Imhoclub.lv, які прасоўваў пракрамлёўскія наратывы. Улады Латвіі заяўлялі, што мэдыя фінансуецца з Расеі. У публічных справаздачах Службы дзяржаўнай бясьпекі Латвіі Аляксееў згадваўся як пракрамлёўскі актывіст.

Справу аб «распальваньні варожасьці» ў дачыненьні да Аляксеева завялі ў 2017 годзе. Падчас ператрусу па месцы жыхарства журналіста знайшлі патроны для пісталета. Таксама паведамлялі пра знойдзеныя ў яго кампутары матэрыялы зь дзіцячай парнаграфіяй.

У студзені 2023 году Рыскі раённы суд асудзіў Аляксеева па сукупнасьці абвінавачаньняў да 1 года і 1 месяца пазбаўленьня волі, але ён застаўся на волі — яму ўсталявалі ўмоўна-датэрміновы нагляд на год.

Раней Аляксееў называў сябе «на чвэрць беларусам», камплімэнтарна адгукаўся пра Аляксандра Лукашэнку.

Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году з дэмакратычных краінаў у Беларусь рэгулярна ўцякаюць прыхільнікі Расеі і Лукашэнкі. Адзін з самых вядомых перабежчыкаў — былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт. У траўні 2024 году ён прыбыў у Беларусь і заявіў хадайніцтва аб атрыманьні палітычнага прытулку. У Польшчы ў дачыненьні да Шмыта вядзецца расьсьледаваньне, яго падазраюць у шпіянажы. Польскі суд выдаў ордэр на арышт Шмыта.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG