На Філіпінах у вынику паводак і апоўзняў, выкліканых штормам «Трамі», загінулі сама меней 24 чалавекі, паведамляе Associated Press.
Шторм абрынуўся на паўночны ўсход краіны 24 кастрычніка пасьля поўначы і пачаў рухацца на захад з парывамі ветру да 115 кілямэтраў за гадзіну. Стыхія закранула больш за два мільёны чалавек, звыш тысячы дамоў атрымалі пашкоджаньні, каля 300 дамоў і мастоў былі заблякаваныя вадой, гразевымі патокамі і паваленымі дрэвамі. У горадзе Нага менш як за содні выпала двухмесячная норма ападкаў.
Тысячы жыхароў вёсак былі выратаваныя, у тым ліку з дахаў дамоў, дзе яны ратаваліся ад вады, якая рэзка паднялася. Яшчэ тысячы чакаюць дапамогі.
«Мы ня можам выратаваць усіх адразу, таму што іх вельмі шмат і нам патрэбны дадатковыя маторныя лодкі», — сказаў AP начальнік рэгіянальнай паліцыі Андрэ Дызон.
Таксама ён адзначыў, што паліцыянты шукаюць спосабы даставіць ежу і ваду тым, хто ня змог эвакуавацца і апынуўся ў ізаляцыі.
Інфармацыя пра загінулых, пацярпелых і разбурэньні працягвае паступаць.
Форум