Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы, беларускі, — мірныя людзі?


Жаночы пратэст у Менску, студзень 2021 году
Жаночы пратэст у Менску, студзень 2021 году

Прынамсі, мы былі такімі да таго, як рэжым Лукашэнкі зладзіў у краіне дзяржаўны тэрор.

У кастрычніку ААН традыцыйна ўзгадвае ролю жанчын у барацьбе за мір і пабудове сьвету бяз войнаў. Можна доўга разважаць, наколькі гэтая барацьба абумоўленая біялягічнымі фактарамі, а наколькі — сацыяльнымі ролямі, якія традыцыйна прыпісваюць жанчынам, але сёньня гаворка не пра гэта. Сёньня я хачу ўзгадаць наш жаночы пратэст 2020 году і пагаварыць пра тое, як Лукашэнка і ягоныя прысьпешнікі літаральна зьнішчаюць у беларусках імкненьне да мірнага суіснаваньня.

Жаночыя пратэсты пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў былі падкрэсьлена пацыфісцкія. Узгадайце — нас жа заўжды вучылі, што агрэсара трэба залагодзіць, паказаць яму, што ты не жадаеш яму нічога кепскага. Усё пачыналася ў дзяцінстве, калі хлопчыкі задзіраліся, а дарослыя нам казалі, што гэта, па-першае, праява сымпатыі, а па-другое, мы мусім неяк так пад іх падладзіцца, каб яны перасталі.

Мы вывучылі гэтыя ўрокі, і калі замест школьнага задзіры зьявіліся разьюшаныя сілавікі, мы зрабілі тое ж самае — спрабавалі давесьці ім, што не жадаем зла, а проста хочам, каб яны перасталі з нас зьдзекавацца. І гэта не дапамагло.

А далей Лукашэнка вельмі плённа працаваў і працягвае працаваць над тым, каб мы ня толькі страцілі надзею на мірнае суіснаваньне зь ягонымі служкамі, але і каб перапоўніліся нянавісьцю і жаданьнем помсты. Ён працягвае ваяваць з жанчынамі — зусім юнымі, дарослымі і сталымі. Працягвае трымаць у турмах хворых пэнсіянэрак, падлеткаў, шматдзетных маці. Для яго няма табу, няма ніякіх межаў, за якія ня варта пераходзіць.

Ці вядзе нехта падлік, колькі жанчын не дачакаліся сваіх дзяцей-палітвязьняў зь няволі? А колькі жанчын у зьняволеньні і ў выгнаньні не змаглі разьвітацца з блізкімі, што памерлі ў Беларусі? Я думаю, што мы ніколі не даведаемся дакладна пра маштаб гэтай нацыянальнай трагедыі, але дзень за днём мы вучымся ненавідзець усё мацней. І накопліваем жаданьне адпомсьціць.

Лукашэнка тым часам працягвае рабіць выгляд, што ён вялікі абаронца міру. Ён расказвае, ад якой страшнай навалы абараніў Беларусь у 2020-м і як удала вядзе зьнешнюю палітыку, дагэтуль не адправіўшы беларускія войскі дапамагаць расейцам акупаваць Украіну. І пляваць, што ён дазволіў Расеі выкарыстоўваць нашую зямлю для нападу на Ўкраіну, што з нашай краіны ляцелі ракеты, што па нашай зямлі перавозілася расейская тэхніка і што людзей, якія спрабавалі гэтаму супрацьстаяць, пасадзілі на вялізныя тэрміны.

Яму, падобна, у цэлым пляваць на рэальнасьць, і ён быццам жыве выключна сваімі ілюзіямі і прагай улады. А што ў рэальнасьці засталося ад нашага міру? Нейкія кволыя надзеі, якія ледзь-ледзь жывуць, і тое дзякуючы неймаверным высілкам і пастаяннаму нагадваньню самім сабе, што нянавісьць не палепшыць нашае жыцьцё? Колькі жанчын, што выходзілі ў дваццатым годзе ў белым, гатовыя зрабіць гэта зноў? Ці шмат хто з нас пагадзіліся б цяпер, пасьля апошніх чатырох гадоў, ісьці на вуліцы з кветкамі, калі б зьявілася такая магчымасьць?

Падазраю, што тыя, што асьмеліліся б пратэставаць, увечары перад акцыяй тачылі б сякеры, а не зьбіралі кветкі. І ў гэтым вінаваты Лукашэнка.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG